Top.Mail.Ru

Барэц грэка-рымскага стылю Павел Глінчук: «Я хачу паказваць прыгожую барацьбу»

У гэтага хлопца ўсё ідзе па плане. Здаецца, сваю спартыўную кар’еру барэц грэка-рымскага стылю Павел Глінчук развівае менавіта такім чынам. У 2021-м ён выйграў юніёрскі чэмпіянат свету, заваяваў «серабро» на чэмпіянаце свету сярод спартсменаў да 23 гадоў, стаў бронзавым прызёрам кантынентальнага першынства сярод юніёраў. У 2023-м выйграў чэмпіянат свету U-23, дарэчы, першы залаты медаль гэтага турніру для беларускай барацьбы. У мінулым месяцы Павел Глінчук заваяваў «бронзу» ўжо дарослага чэмпіянату свету. Крок за крокам ідзе да сваіх мэт. Без складанасцяў не абыходзіцца, але і з імі ён спраўляецца спакойна і ўпэўнена. Як гэта ўдаецца, Павел Глінчук расказаў «Звяздзе».



— Павел, эмоцыі ад чэмпіянату свету, напэўна, ужо ўлягліся, падзяліцеся ўражаннямі.

— «Бронза» чэмпіянату свету — доўгачаканы, запаветны медаль. Летась я здабыў ліцэнзію на Алімпійскія гульні 2028 года. Таксама добра, але хацелася менавіта медаль, рэальны. Таму я вельмі задаволены, што на чэмпіянаце свету дамогся жаданага і ўзяў запаветны медаль. Так, пакуль бронзавы, але, думаю, гэта справа часу. Будзем шчырымі, для кожнага спартсмена галоўная мэта — «золата». На секунды падчас схваткі ўявіў свае адчуванні, калі застануся без медаля. Зусім не хацеў гэта перажыць, таму знайшоў у сабе сілы перамагчы хваляванне і адолець сапернікаў.

— Што яшчэ матывуе перамагаць сапернікаў?

— Арыенцірам былі і застаюцца Алімпійскія гульні, гэта дзіцячая мара, якая застаецца са мной. І я разумею, што пры пэўных намаганнях мне пад сілу яе ўвасобіць. Не хочацца ў будучыні распавядаць дзецям, што штосьці мог, але не зрабіў. Хочацца гаварыць пра вынікі. Калі яны ёсць, табе і не трэба пра сябе нічога распавядаць, пра цябе скажуць вынікі.

— Стратэгіі заканчваць схваткі датэрмінова і браць максімум прытрымліваешся да гэтага часу?

— Мне ў прынцыпе падабаецца прыгожая барацьба, амплітудныя кідкі. Мне не падабаецца, калі схватка заканчваецца з лікам 1:1, нічога барцоўскага ў гэтым не бачу. З прынцыповымі сапернікамі часам варта і да гэтай тактыкі звяртацца. Але ў асноўным я хачу паказваць прыгожую барацьбу, барацьбу з яе лепшага боку — прыгожыя кідкі, цікавыя прыёмы.

— Ці ўсе сапернікі гатовыя да такой барацьбы, гэта ж, напэўна, у разы складаней?

— Складаней, але і цікавей. 

У кожнага барца павінен быць свой арсенал прыёмаў. Мне ў гэтым плане пашанцавала, бо я выступаў ва ўсіх вагавых катэгорыях ад лёгкай да цяжкай, у мяне сфарміраваўся багаж розных прыёмаў. У цяжкай катэгорыі, у якой цяпер выступаю, мала хто здзіўляе прыёмамі, але ў мяне вопыт багаты.

— Цябе трэніруе Міхаіл Уладзіміравіч Сямёнаў — бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у Пекіне. Сваім спартыўным вопытам трэнер дзеліцца?

— Незадоўга да вылету на чэмпіянат свету я трапіў у госці да Міхаіла Уладзіміравіча, і ён запрасіў мяне ў святая святых — своеасаблівы музей, дзе захоўваюцца ўсе яго ўзнагароды. І даў мне патрымаць свой алімпійскі медаль. 

Я нават не думаў, што мяне гэта так зарадзіць. Нам пашанцавала працаваць з алімпійскімі чэмпіёнамі і прызёрамі, з чэмпіёнамі свету. Няхай і падсвядома, мы арыентуемся на іх дасягненні. Думаю, без такіх прыкладаў побач, нам, маладым спартсменам, было б у разы складаней. Напрыклад, старшыня Беларускай федэрацыі барацьбы Алім Максімавіч Селімаў — двухразовы чэмпіён свету — прайшоў увесь гэты шлях, ён выдатна разумее наш стан. І яго парады перад чэмпіянатам свету пайшлі нам толькі ў плюс.

— На Алімпійскіх гульнях у Атланце Карэлін выступаў з адарванай грудной мышцай. Табе даводзілася праводзіць схваткі з сур’ёзнай траўмай?

— Незадоўга да турніру, на якім разыгрываліся ліцэнзіі на Алімпійскія гульні, я зламаў галенастоп. Вельмі складаны пералом, мінімум паўтара месяца на аднаўленне. Але мне трэба ехаць на турнір, я хачу на Алімпіяду. Праз тыдзень зняў гіпс і пачаў фарсіраваць сваё аднаўленне, пачаў рыхтавацца да спаборніцтваў. Ад пералому да ліцэнзіі прайшло прыкладна паўтара месяца — фактычна, я змагаўся са зламанай нагой.

— У лютым на фінале «Лігі храбрых» вы з Кірылам Маскевічам правялі схватку за тытул абсалютнага чэмпіёна краіны. І наогул сёння спаборніцтвы па барацьбе праходзяць з элементамі шоу. Як табе такі фармат?

— Што датычыцца той схваткі, то ідэя мне прыйшла ў галаву цалкам выпадкова. Але Кірыл і арганізатары «Лігі храбрых» яе падтрымалі. Я гэты выклік кінуў, сам жа схватку прайграў, цяпер чакаю рэваншу. Прызнаюся, што сам неяк несур’ёзна паставіўся да падрыхтоўкі, а гэта няправільна. Што датычыцца шоу, то мы, барцы, на чале з Алімам Максімавічам, пазбавіліся нейкай барцоўскай кансерватыўнасці, якая была нам уласцівая. Барцы заўсёды былі даволі сціплымі, нярэдка гэта сціпласць пераходзіла ў замкнёнасць. Не давалі інтэрв’ю, не ўдзельнічалі ў розных праектах, ціха-спакойна «варыліся» ў сваім асяроддзі. Але гэты час прайшоў. Сёння трэба быць навідавоку, паказваць свой від спорту, прыцягваць да яго ўвагу. У гэтым кірунку актыўна працуе наша федэрацыя і мы, спартсмены, усяляк у гэтым дапамагаем. Мне падабаецца змагацца перад гледачамі. Я хачу, каб на нашы спаборніцтвы прыходзіла больш людзей. Я бачу, што цікавасць да барацьбы вырасла, намі цікавяцца журналісты, блогеры, медыйныя людзі. Значыць, мы на правільным шляху.

— Павел, цябе часта называюць узыходзячай зоркай, ускладаюць на цябе вялікія надзеі. Як ты сам да гэтага ставішся?

— Калі мне пра гэта кажуць, я адразу думаю, як не згубіцца. Шмат выпадкаў, калі тыя, каго лічылі перспектыўнымі спартсменамі, акрамя перспектыў, нічога не прынеслі. Таму я стараюся і іншым раю не цешыць сябе. Назвалі ўзыходзячай зоркай — падзякуй і ідзі далей. Вось мне 24 гады, па сутнасці, у запасе ёсць яшчэ два алімпійскія цыклы. Прыкладна восем гадоў, і прыйдзецца развітвацца з барацьбой. Часу мала, таму не думаю пра тое, што ад мяне чакаюць, а імкнуся рэалізоўваць свае магчымасці і патэнцыял тут і цяпер.

— На якім турніры табе гэта ўдалося лепш за ўсё, калі не браць у разлік нядаўні чэмпіянат свету?

— На чэмпіянаце свету сярод моладзі. У мяне быў няпросты перыяд, пасля якога я ўвайшоў у каляіну і выйграў гэты чэмпіянат. І хоць да гэтага я ўжо выйграваў першынство свету, эмоцыі былі незабыўныя, таму што радасць прыносіць усведамленне таго, што ты справіўся з цяжкасцямі і працягнуў перамагаць. Пасля пройдзеных цяжкасцяў больш шануеш перамогі.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Чытайце таксама: Беларусы заваявалі 13 узнагарод турніру па грэка-рымскай барацьбе ў Сербіі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю