Не так важна, дзе гэта было, не так важна, калі. Факт, што сабраліся хлопцы ў клуб; факт, што мелі яны віно, каб перад танцамі крышку выпіць, а вось закускі — ні грама! Прыйшлося збочыць у нейчы двор (іх тады не замыкалі), пастукаць у шыбу, спытаць, ці не дасць гаспадар хоць нейкі гурок?
— Чаму ж не, хлопчыкі! — азваўся той. — З дарагой душою! Заходзьце, заходзьце ў хату!
У кухню прывёў, а ўжо там стаў азірацца — глядзець па баках: што ж такое ім даць?
— Можа, бліноў? — асяніла раптам.
— Бліноў дык бліноў, — кажуць хлопцы, пазіраючы на стол, на ката, што клубочкам спіць пасярэдзіне.
— Псік, халера! — шумнуў на яго стары.
Той падскочыў — куляй сігануў у дзверы.
— Во, бліны?! — здзівіліся госці. — Кот іх нават пагрэў!
...Са смакам яны з’еліся ці без, «хлопцам» ужо не ў памяці, а вось пра таго «сагравальніка», прадвесніка сучасных мікрахвалевак, расказваюць і да сёння. Праўда, па-рознаму — хто як бачыў.
Тая ж карціна і з чарговым конкурсным здымкам: можна яшчэ раз глянуць на верхні і пачуць (ад спадара Мікалая Камароўскага з Оршы):
Мой дзед гнаў самагонку толькі ў поўню,
Капусту шаткаваў — у маладзік,
Гуркі салілі — сілюся прыпомніць —
На ветаху, як месяц амаль знік.
А вось калі найлепш марынаваць...
«Інфу» ў ютубе здолеў адшукаць:
Па ёй зрабіў! А вынікі — да плачу:
На сметніку мае гурочкі з дачы!
(З нагоды — заўвага сужэнцаў Астроўскіх з Мінска:
Не пустуюць магазіны:
Усё, што хочаш, маецца!
Але ж гнём на градках спіны,
Бо цана кусаецца!)
І як жа крыўдуем, калі (убачце — услед за спадаром М. Мікуцічам са Стоўбцаў):
Гарбаціўся над градкамі ў спякоту,
Вадзічкай паліваў і ўласным потам,
Задышка забівала з непрывычкі,
Калі гуркі валок да электрычкі,
У слоічкі складаў — па той бок ночы...
Працэс тэхналагічны неаднойчы
Парушыць мог... Таму й дагнала кара:
Усё «спажыве» кантэйнер для шклатары.
Яны, паасобныя — для пластыку, шкла, для паперы — у гарадах даўно не ў навінку, што, вядома ж, і заўважана, і ўхвалена, прынамсі — спадарыняй Соф’яй Кусянковай з Рагачоўшчыны:
Як кантэйнеры стаяць, —
Смецце лёгка сартаваць.
Ды... У пасудзіну «Стекло»
Людзі зносяць і дабро:
Агуркі — чаму б не з’есці?
Пляшкі —у грошы перавесці,
Каб пасля ўжо ўкласці...
Хто ў што — абы не красці!
А нехта ж спрабуе. І трапляе потым туды, куды і павінен (то-бок у турму), бо да пары збан вадзічку носіць, да пары нехта гора сее.
Якім такім чынам, — піша спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў:
Самагонку Янак гнаў —
З агуркамі прадаваў:
Жонка з цешчай іх каталі —
Шуфлем грошы заграбалі!
...Гэты бізнес прыбытковы
Знішчыў новы ўчастковы:
У клетку неба ў дзялкоў —
Больш не трэба агуркоў.
Вось таму яны і стаяць, дзе стаяць.
Хоць маглі, паводле мінчанкі спадарыні Чыгрынавай, і з іншых прычын:
Бацькі гасцінцы везлі
Нявестачцы і сыну,
Навошта ж, бедным, есці
Фастфуды з магазіна?..
Прыём быў — без прывету:
Дамоў — махнулі хутка...
Патрапілі ў газету
Усе іхнія закруткі.
Такое, на жаль, здараецца, бо, згадзіцеся:
Шмат хто сёння — не бядняк:
П’е то віскі, то каньяк.
На закуску — шакалад,
Сыр, ікорка, вінаград —
Не ў пашане агурочкі
Ні са слоічкаў, ні з бочкі...
Каб дабру не прападаць,
Можна бомжыкам аддаць.
Мае гэтае «саслоўе»
Апетыт... А ўжо здароўе…
Аўтарку гэтых радкоў, спадарыню Кусянкову, яно не вельмі здзіўляе, бо на памяці, відаць, крылатая выснова доктара Антона Чэхава: «Устаўшы з-за стала галодным — вы наеліся; калі вы ўстаяце наеўшыся — вы пераелі; калі ўстаяце пераеўшы — вы атруціліся»... Вось гэта, апошняе — з каньякамі ды ікоркамі — як вокам маргнуць! А калі і дзень пры дні…
Здаровы жабрак, пісалі класікі, шчаслівейшы, чым хворы кароль, а ў дзяўчат (у любым узросце — ад 17 да 77) галоўнае не 90×60×90, а 120/80.
Зрэшты, з імі, з каралямі ды дзяўчатамі, не ўсё так проста, на погляд магіляўчанкі Т. Міхалевіч і нават, магчыма, на... ваш, бо хто ж не бачыў, як
Народ свае закаткі к
Малахаву вязе.
Акцёры, лаўрэаткі —
Гасцінцам рады ўсе!
Жанчыны там — што кветкі —
Танцуюць ды пяюць...
І слоікі на сметнік — дальбог не панясуць!
Чаму? Таму што людзі — інтэлігентныя, добрыя (не ў турме гадаваныя, як той казаў). Таму што паважаюць чужую працу і людскую шчырасць. Таму што хочуць і ўмеюць некага падтрымаць... Сведчаннем — радкі спадара Мікалая Старых з Гомеля:
У суседкі — цёткі Раі
Вельмі ж пенсія малая,
Бо ў яе, на жаль, нямнога
Выйшла стажу страхавога...
Мусіць зараз працаваць —
Пляшкі, слоікі збіраць...
Ёй за гэта — падарунак:
Трохі «шкла» і пачастунак.
Маналог іншага, трэба разумець, добрага чалавека запісала спадарыня Чыгрынава. Даслоўна:
Купіў я ў Зэльве хатку,
Жыла ў ёй баба Тася...
Каб выкінуць закаткі,
Рука не паднялася...
Абстукаў побач дзверы,
Суседзям каб раздаць —
Чужым — няма даверу:
Баяцца адчыняць.
Ну што тут сказаць? Гэта некалі, у мінулым стагоддзі, людзі куплялі вялікія сталы і рабілі доўгія лаўкі... Цяпер — ставяць жалезныя дзверы і такія самыя агароджы. З-за яе, высокай, дарэчны дыялог: «Дарагі, давай, куды-небудзь сходзім — пасядзім...» — «А давай!.. Можа, на канапу?» — «Цудоўны выбар!»
І яго мы, згадзіцеся, робім пастаянна: Каэлья пісаў, што кожная раніца — гэта шанц для таго, каб зажыць па-новаму. А ўжо вясной…
Выбар на кожным кроку: распранацца — не распранацца, худзець — не худзець, купляць — не купляць? Ехаць — не ехаць? Сказаць — не сказаць?.. Сеяць — не сеяць?..
А калі ўсё ж сеяць (каб потым было што «пажаць»), то дзе, што і колькі? Як потым даглядаць? І як так спарадкаваць, каб…
Апошняя праўдзівая гісторыйка (ад спадара Камароўскага) — на першы погляд — сумная-сумная:
Не чуць бы вам таго, не бачыць лепей,
Як рваліся закаткі ў цешчы ў склепе!
Старалася ж кабета, каб паболей,
Каб слоікаў было — амаль да столі!
І ўсё для нас — дачкі яе і зяця.
...Ён памагаць любімай цешчы ўзяўся.
Рыдаць у склепе — памагаў таксама:
У першы раз прасіў: «Не плачце... МАМА».
Згадзіцеся, чароўнае слова! Дзеля таго, каб пачуць яго (у склепе ўпершыню, а потым зрэдчас да скону!), не шкода ніякіх слоікаў, праўда?!
...Вось на гэтай кранальнай ноце і скончыць бы наш чарговы агляд, але ж трэба паведаміць, што найлепшыя подпісы да папярэдняга здымка (з кляновым лістком на дарожным знаку. Гл. нумар за 4 лютага 2025 года альбо сайт — «Звязда», «Калейдаскоп», «Хто каго?»), паводле вялікага чытацкага журы, даслалі сужэнцы Астроўскія з Мінска, спадары Валерый Гаўрыш з Чавусаў, Мікалай Камароўскі з Оршы і спадарыня Раіса Ісакава.
З гэтым, апошнім меркаваннем, пагадзілася і журы маленькае, рэдакцыйнае. Такім чынам, прыз у выглядзе падпіскі на «Звязду» накіроўваецца ў в. Сласцёны Чавускага раёна.
Хочаце, каб родная газета на роднай мове пяць разоў на тыдзень прыходзіла да вас? Тады варыянтаў два: першы — своечасова аформіць падпіску, другі — уважліва паглядзець на чарговы конкурсны здымак, прыдумаць подпіс (можна некалькі, але кароткіх, дасціпных) і даслаць у рэдакцыю. Шанц на выйгрыш мае кожны.
Валянціна ДОЎНАР
P. S. Шчырыя прабачэнні ўсім, чые радкі не прайшлі строгага конкурснага адбору — на гэты раз, затое ў наступны...