Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт сёння з’яўляецца ўнікальнай пляцоўкай, дзе малады чалавек можа атрымліваць не толькі якасную адукацыю, але я і рознабакова развівацца як асоба. Для гэтага тут ёсць усё: органы самакіравання, насычанае культурнае жыццё, удзел у творчых калектывах, спартыўныя мерапрыемствы, камфортны студэнцкі гарадок з 10 інтэрнатамі і яшчэ шмат іншага. Асобны бонус — магчымасць займацца навуковай дзейнасцю і прымаць удзел у прэстыжных міжнародных конкурсах.
Аднак пра ўсе гэтыя «плюшкі» абітурыент даведваецца пазней — калі становіцца студэнтам. Ён выбірае БДУ і прыходзіць сюды перш за ўсё па фундаментальныя і сучасныя веды, якія можа даць ВНУ з высокімі міжнароднымі рэйтынгамі і сусветным прызнаннем.
Для мэтанакіраваных і матываваных
На думку рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэя КАРАЛЯ, абітурыент, які зрабіў свой выбар свядома, як правіла, вырастае ў добрага студэнта, а потым — у добрага спецыяліста. Для такіх мэтанакіраваных і матываваных маладых людзей кожная ўступная кампанія прыносіць добрыя навіны.
— Значных змен з пункту гледжання лічбаў прыёму ў цяперашняй кампаніі не будзе, — запэўніў рэктар. — Мы набіраем на ўсе формы навучання 4187 чалавек. Але працягваем павялічваць колькасць бюджэтных месцаў, платных — скарачаць.
Па словах Андрэя Дзмітрыевіча, гэтыя лічбы — не імгненная тактыка, а стратэгія развіцця ўніверсітэта, звязаная з прыярытэтамі дзяржавы. Іншымі словамі, колькасць бюджэтных месцаў расце з улікам патрэб эканомікі ў пэўных спецыялістах.

Па сумесных праграмах
Яшчэ адной навінкай сёлетняга ўступнага сезона рэктар БДУ назваў адкрыццё сумесных адукацыйных праграм (САП) з выдачай дыпломаў дзвюх ВНУ:
— Сам па сабе ўдзел у сумесных праграмах для нашага ўніверсітэта не новы. Мы 10 гадоў рэалізоўваем САП з універсітэтамі Расіі, Таджыкістана, Узбекістана і Кітая.
У гэтым навучальным годзе ў БДУ дзейнічалі САП па 23 спецыяльнасцях агульнай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі, установа адукацыі таксама ўдзельнічала ў сеткавых універсітэтах.
І эколагі, і тэолагі
Сёлета абітурыентам БДУ будзе прадстаўлена на выбар 86 спецыяльнасцяў. Да гэтай вялікай лічбы дададуцца і чатыры новыя.
Адна з іх — сумесная спецыяльнасць «Прыкладная фізіка»: вучацца па ёй 4 гады, пасля паспяховага заканчэння выпускнік атрымае кваліфікацыю «Фізік. Інжынер».
— Навучэнцы па гэтай спецыяльнасці будуць праходзіць падрыхтоўку па чарзе ў дзвюх ВНУ, — тлумачыць сакратар прыёмнай камісіі Ганна КАРАЛЁВА. — На першым курсе беларускія студэнты атрымаюць базавыя веды па фундаментальных раздзелах агульнай фізікі і вышэйшай матэматыкі ў БДУ, а на другі год працягнуць навучанне ў Маскве.
Сумесную спецыяльнасць «Дзяржаўны аўдыт» атрымаюць студэнты, якія будуць навучацца па ўнікальнай сумеснай праграме на эканамічным факультэце БДУ і фінансавым факультэце фінансавага ўніверсітэта пры ўрадзе Расіі. Выпускнікі атрымаюць дыпломы дзвюх ВНУ з прысваеннем кваліфікацыі «Эканаміст. Спецыяліст па аўдыце». Сферы дзейнасці такіх спецыялістаў — службы эканамічнай бяспекі, кантрольныя і аналітычныя службы арганізацый, аддзелы ўнутранага аўдыту і ведамаснага кантролю дзяржаўных органаў.
Навучанне па вельмі цікавай і актуальнай на сёння спецыяльнасці «Экалагічная бяспека» адкрыюць у БДУ ў Міжнародным дзяржаўным экалагічным інстытуце імя А. Д. Сахарава.
— Рашэнне звязана з пастаянным удасканаленнем дзяржаўнай палітыкі Беларусі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, — падкрэслівае Ганна Каралёва. — Такая тэндэнцыя стварае асаблівую патрэбу айчынных арганізацый у кваліфікаваных спецыялістах, здольных забяспечваць выкананне экалагічнага заканадаўства. Выпускнікам гэтага кірунку прысвояць кваліфікацыю «Эколаг. Інжынер», і яны змогуць працаваць у дзяржаўных органах, навукова-даследчых інстытутах і ведамствах, на прамысловых і інавацыйных прадпрыемствах, у арганізацыях ІT-сектара.
Спецыяльнасць «Тэалогія» адкрыюць у Інстытуце тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла ў БДУ. Праграма навучання разлічана на пяць гадоў. Форма навучання — завочная платная. Выпускнікі атрымаюць кваліфікацыю «Тэолаг-рэлігіязнаўца. Выкладчык сацыяльна-гуманітарных дысцыплін».
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД