Top.Mail.Ru

БДУ прыме 127 абітурыентаў-мэтавікоў па 23 спецыяльнасцях

Як паведамілі ў прэс-цэнтры БДУ, старт падачы дакументаў на мэтавае навучанне будзе дадзены 27 чэрвеня і працягнецца да 2 ліпеня ўключна. Уступныя іспыты для абітурыентаў-мэтавікоў арганізуюць 7, 8, 9 ліпеня, а дзень 10 ліпеня заяўлены рэзервовым.


Абітурыентам неабходна здаць адзін экзамен у вуснай або практычнай форме. Адзначым, пытанні па вучэбных дысцыплінах для падрыхтоўкі да ўступных іспытаў размешчаны на сайце Міністэрства адукацыі Беларусі. На педагагічныя спецыяльнасці — гісторыя, беларуская філалогія, руская, рамана-германская філалогія, біялогія, хімія (навукова-педагагічная дзейнасць), фізіка, матэматыка — без уступных іспытаў залічваюцца асобы, якія маюць атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатым (сярэбраным) медалём, дыплом аб прафесійна-тэхнічнай адукацыі з адзнакай або дыплом аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі з адзнакай (пры наяўнасці рэкамендацыі педагагічнага савета ўстановы адукацыі, якую яны скончылі). Выпускнікі профільных класаў педагагічнай накіраванасці на гэтыя спецыяльнасці залічваюцца па выніках сумоўя.

На найбольш запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці — беларуская філалогія, руская філалогія, рамана-германская філалогія, фізіка, прыкладная фізіка, матэматыка — без уступных іспытаў залічваюцца пераможцы абласных алімпіяд або асобы, якія маюць атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатым (сярэбраным) медалём, або дыплом аб прафесійна-тэхнічнай адукацыі з адзнакай, або дыплом аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі з адзнакай. 

Выпускнікі адукацыйных праграм Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка (пры наяўнасці рэкамендацыі назіральнага савета) на спецыяльнасці «мікрабіялогія», «біятэхналогія», «космааэракартаграфія і геадэзія», «геаінфармацыйныя сістэмы», «фізіка», «прыкладная фізіка», «матэматыка», «прыкладная матэматыка» залічваюцца па выніках сумоўя.

Вынікі залічэння падвядуць да 12 ліпеня ўключна.

Усяго на мэтавае навучанне ў БДУ плануецца прыняць 127 чалавек. Прыём будзе ажыццяўляцца на 23 спецыяльнасці, з іх 9 — педагагічных. Найбольшая колькасць мэтавых месцаў заяўлена па спецыяльнасцях «правазнаўства» — 35, педагагічных спецыяльнасцях — 29, «мытная справа» — 18, «журналістыка» — 11. Заказчыкам найбольшай колькасці кадраў выступаюць Упраўленне Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці і Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. Дадатковая інфармацыя аб мэтавым прыёме размешчана на сайце «Абітурыент БДУ».

Алена ВІНАГРАДАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю