У геаграфіі экспарту прадукцыі нашага аграпрамысловага комплексу ў 2025 годзе было 117 краін свету, але трэба выходзіць і на новыя рынкі
Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі днямі прэзентавала прадукцыю, магчымасці і экспартны патэнцыял АПК. У цэнтр экалагічнага турызму, што ў Станькава Дзяржынскага раёна, з’ехаліся прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса 26 краін. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый ГОРЛАЎ, дырэктар Нацыянальнага цэнтра падтрымкі экспарту Мікалай БАРЫСЕВІЧ, кіраўнікі вядучых перапрацоўчых прадпрыемстваў і іншыя зацікаўленыя асобы.

Экспарт — ключавы фактар росту
Асноўны лейтматыў сустрэчы — садзейнічанне паглыбленню двухбаковага гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння паміж краінамі. Мерапрыемства было напоўнена сустрэчамі, дыялогамі і абменам актуальнай інфармацыяй аб прыярытэтах і патрабаваннях нацыянальных рынкаў, усталяванне прамых працоўных кантактаў і іншых.
Як праінфармавалі спецыялісты сельскагаспадарчага ведамства, згодна з глабальным рэйтынгам харчовай бяспекі, Беларусь характарызуецца як дзяржава, якая ў поўнай меры забяспечвае сваю харчовую незалежнасць. У краіне склаўся высокі ўзровень самазабеспячэння па асноўных спажывецкіх прадуктах: па мясе — 140 %, па малаку — амаль 300 %, па яйку — 130 %, па бульбе і іншай агародніне — каля 100 %. Вытворцы не толькі задавальняюць унутраны попыт, але і валодаюць значным экспартным патэнцыялам.
— Мы ўваходзім у дзясятку экспарцёраў малочнай прадукцыі і ў топ 15 вядучых экспарцёраў прадукцыі з мяса, — падкрэсліў намеснік міністра сельскай гаспадаркі Аляксандр ЯКАЎЧЫЦ. — Як вы ведаеце, ключавым фактарам росту вытворчасці прадуктаў харчавання з’яўляецца экспарт. Сёння мы экспартуем каля 70 % нашых малочных і 40 % мясных прадуктаў. Аднак сітуацыя такая, што на нашых традыцыйных рынках канкурэнцыя ўзрастае — як за кошт мясцовых вытворцаў, так і экспарцёраў. Таму адной з ключавых, нават архіважных, задач для нас з’яўляецца пошук новых ніш і рынкаў. І гэта не тэзіс, а карпатлівая, ёмістая, сістэмная праца, да якой мы прыступілі не сёння.

Па словах намесніка міністра, асаблівую ролю ў гэтай рабоце адыгрывае аналіз магчымасцяў і запатрабаванняў кожнай краіны свету.
— Гэта дае нам уяўленне аб той ці іншай краіне з пункту гледжання імпарту прадуктаў харчавання на прадмет канкурэнтаздольнасці нашых цэн. У гэты аналіз абавязкова ўваходзяць лагістыка, мытныя бар’еры і гэтак далей. Такім чынам, нашы спецыялісты глядзяць, дзе і якія нішы мы можам заняць. Чаму сёння праводзім такое маштабнае і прадстаўнічае мерапрыемства? Вы ведаеце, што адбываецца ў свеце, якая сітуацыя ў краінах Блізкага Усходу. Яна, без сумненняў, унясе змены ў сусветны гандаль. А рынак не церпіць пустэчы, і наша задача — своечасова сарыентавацца і своечасова іх запоўніць.
На думку Аляксандра Якаўчыца, сустрэча з кіраўнікамі дыпламатычных місій краін, якія акрэдытаваны ў Беларусі, — знакавая падзея. Гэта магчымасць адкрыта абмеркаваць і прадставіць патэнцыял беларускага АПК, што ў канчатковым выніку прывядзе да практычных дзеянняў па супрацоўніцтве. Дарэчы, яшчэ да пачатку форуму міністр сельскай гаспадаркі Юрый Горлаў правёў дзясяткі сустрэч з кіраўнікамі пасольстваў і абмеркаваў з імі шмат практычных момантаў.
«Калі беларускае — значыць надзейнае, якаснае і смачнае»
Так ахарактарызавала нашу прадукцыю Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Сербія ў Беларусі Іліна ВУЙКАЛОВІЧ:
— Беларусь у маёй краіне вядомая перш за ўсё высокай якасцю прадукцыі. Калі гэта тэхніка — значыць, надзейная, на гады. Калі прадукты харчавання — то якасныя і смачныя.

Іліна Вуйкаловіч таксама спынілася на тым, што сёння хвалюе ўсіх: змяненне клімату і яго наступствы — паводкі, максімальна высокія і нізкія тэмпературы. Яна адзначыла, што ў гэтым кантэксце актуальнае супрацоўніцтва па насенні і забеспячэнні харчовай бяспекі. Дарэчы, пасол шмат ездзіць па Беларусі, нядаўна была ў Брэсцкай вобласці.
— Гэта адзін з самых эфектыўных рэгіёнаў у Беларусі ў сферы АПК, — падзялілася яна ўражаннямі.
Іліна Вуйкаловіч з задавальненнем адзначыла, што тавараабарот паміж дзвюма краінамі павысіўся, і гэта ідзе на карысць як Беларусі, так і Сербіі:
— Беларускія тавары паспяхова прадаюцца ў Сербіі. Хацелася, каб і наша прадукцыя была прадастаўлена на вашым рынку больш шырока.
Добрая дынаміка
Прэзентацыя магчымасцяў аграпрамысловага сектара эканомікі дазваляе больш даведацца пра АПК краіны і вызначыць перспектывы супрацоўніцтва, лічыць Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Турцыі ў Беларусі Гючлю Джэм ЫШЫК. Тым больш што праходзіць гэта важнае мерапрыемства ў той час, як прапрацоўваецца візіт у Беларусь міністра сельскай і лясной гаспадаркі Турцыі.

— Магчыма, ён адбудзецца ў перыяд правядзення ў Мінску Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі «Белагра», — падзяліўся планамі дыпламат.
Ён таксама расказаў аб тым, што запланаваныя анлайн-сустрэчы паміж міністрамі, дзе бакі разгледзяць перспектывы работы ў сферах малочнай, мясной прамысловасці, укаранення сучасных тэхналогій у сельскую гаспадарку. Кіраўнік дыпмісіі выказаў задавальненне вынікамі супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі і канстатаваў:
— Ва ўзаемным гандлі мы перавысілі паказчык у 1,5 млрд долараў, які быў вызначаны як мэта лідарамі дзвюх краін. Нягледзячы на глабальныя цяжкасці, назіраецца добрая дынаміка.
Узбекістан укараняе беларускі вопыт
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Узбекістана ў Беларусі Рахматула НАЗАРАЎ лічыць, што аграпрамысловы комплекс — адзін з асноўных кірункаў узаемадзеяння, і назваў Узбекістан і Беларусь краінамі з узаемадапаўняльнымі эканомікамі. А кірункі, якія ўяўляюць узаемную цікавасць для дзвюх дзяржаў, былі вызначаны падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі ва Узбекістан у 2024 годзе:
— Тады ставілася задача давесці ўзаемны тавараабарот да 1 млрд долараў, і, па даных узбекістанскага боку, у 2025 годзе краіны ўшчыльную наблізіліся да гэтай адзнакі. Сёння гаворка ідзе пра тое, каб у найбліжэйшы час давесці гэту лічбу да 2 мільярдаў.

Рахматула Назараў прывёў адзін з паказальных прыкладаў супрацоўніцтва — сумесны праект па ўкараненні ва Узбекістане беларускага вопыту вытворчасці мяса птушкі. Прадпрыемства магутнасцю да 10 тысяч тон у год ужо пачало працаваць у Ташкенцкай вобласці. Прадукцыя пастаўляецца не толькі на ўнутраны рынак, але і ў суседнія краіны.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ