Ініцыятарам міжнароднага чэленджа «Перамога адна на ўсіх: у баях за Беларусь» стала Магілёўская абласная бібліятэка імя У. Леніна. У год 80-годдзя Вялікай Перамогі над фашызмам яна выступіла з заклікам да расійскіх калег расказаць пра міжнацыянальную дружбу і гераізм, для якіх не існуе тэрытарыяльных межаў.
— Удзел у чэленджы прынялі 11 бібліятэк з васьмі рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, — адзначыла вучоны сакратар Магілёўскай абласной бібліятэкі імя В.І. Леніна Юлія Касцюк. — На працягу месяца, з 1 чэрвеня па 1 ліпеня, спецыялісты расказвалі ў сваіх відэаматэрыялах пра доблесць і адвагу сваіх землякоў падчас Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Геаграфія ўдзельнікаў — ад Пскова і Элісты да Новасібірска і Хабараўска. Іх гісторыі сведчыць аб тым, што перамога ў нас была адна на ўсіх, і што за свабоду братоў-беларусаў, не шкадуючы свайго жыцця, змагаліся прадстаўнікі розных нацыянальнасцей і народнасцей Савецкага Саюза.
Гераічных прыкладаў шмат. Ураджэнец Браншчаны падпалкоўнік Ягор Давыдавіч Гасан быў камандзірам 108-й стралковай дывізіі 444-га стралковага палка, якая 26 верасня 1943 гада ўдзельнічала ў вызваленні Хоцімска, потым вызваляла Клімавічы, Крычаў. Адважны чырвонаармеец загінуў у цяжкім баі 4 студзеня 1944 года каля вёскі Ветранка (цяпер яе не існуе) Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Сёння дзве школы — Ларнеўская (адкуль герой родам) Краснагорскага раёна Бранскай вобласці і Гадылёўская Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці носяць імя героя.
Ураджэнка Пскоўскай вобласці Ганна Аляксееўна Нікандрава, якая да вайны працавала бібліятэкарам, трапіла на фронт добраахвотніцай у 19 гадоў. Яна загінула 23 чэрвеня 1944 года ў цяжкім баі у раёне чыгуначнай станцыі Кірэева Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці. Званне Героя Савецкага Саюза ёй было прысвоена пасмяротна. Яе імем названа вуліца і сярэдняя школа ў горадзе Дуброўна, а таксама вуліца і адна з алей у Парку Герояў у Оршы.
Сярод тых, хто вызваляў Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, ураджэнец Ліпецкай вобласці, камандзір кулямётнага разліку, Герой Савецкага Саюза Сцяпан Васільевіч Авяр’янаў; новасібірац, лётчык-бамбардзіроўшчык, адзін з піянераў авіяцыі далёкага дзеяння, Герой Савецкага Саюза Аляксей Дзмітрыевіч Гаранін...
А па кнігах ганаровага грамадзяніна Хабараўска Уладзіміра Іванавіча Кліпеля, які прайшоў вайну ад яе пачатку да канца, можна вывучаць гісторыю франтавога жыцця. У кнізе «Мядзведжы вал» ён з дакументальнай дакладнасцю апісаў разгром савецкімі войскамі віцебскай групоўкі ворага падчас Віцебска-Аршанскай наступальнай аперацыі ў чэрвені 1944 года.
— У рамках чэленджа мы стварылі відэафільм «Беларусі-партызанкі сын. Міхаіл Хонінаў — Міша Чорны», які знаёміць з ваеннай біяграфіяй знакамітага калмыцкага пісьменніка і паэта, — расказвае Юлія Касцюк. — 3 ліпеня 1944 года лейтэнант Міхаіл Хонінаў браў удзел у вызваленні Мінска, з баямі прайшоў ад Бярэзіны да Нёмана. Аўтару дакументальнай аповесці «Міша Чорны — гэта я!», дзеянні якой адбываюцца ў гады Вялікай Айчыннай вайны на Магілёўшчыне, і рамана «Помніш, зямля смаленская...» 8 лютага 2019 года ў Беразіно ўрачыста адкрылі мемарыяльную дошку. Мерапрыемства было прымеркаваная да стагоддзя са дня нараджэння пісьменніка. Міхаіл Хонінаў з’яўляецца ганаровым грамадзянінам гэтага горада, адна з яго вуліц носіць імя легендарнага партызанскага камандзіра. Яго імем названа і вуліца ў Клічаве. Пасля вайны пісьменнік-франтавік неаднаразова прыязджаў з Элісты ў Беларусь, каб пабачыцца са сваімі сябрамі-аднапалчанамі, наведаць месцы баявой славы ў Усакінскіх лясах на Клічаўшчыне. Відэаролік пра гэтага і іншых герояў можна знайсці на старонках нашага мультымедыйнага інфармацыйнага інтэрнэт-рэсурсу «У летапіс Перамогі» ў раздзеле «Шматнацыянальная перамога».
Нэлі ЗІГУЛЯ