Па выніках супольнай работы з калегамі з пісьменніцкіх арганізацый Расіі, Узбекістана, Казахстана, Кыргызстана і іншых краін пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь будзе выдадзены адмысловы паэтычны зборнік на дзесяці мовах.
Створана рэдакцыйная калегія праекта, у якую ўвайшлі доктар філалагічных навук Флора Наджы (Азербайджан), літаратуразнаўца кандыдат філалагічных навук Святлана Ананьева (Казахстан), перакладчыца Рысалат Хайдарава (Узбекістан) і іншыя дасведчаныя творчыя асобы. «Мяне ўразілі словы Максіма Багдановіча пра зоркі, пра тое, што мы „Толькі падарожныя — папутнікі сярод нябёс. / Нашто ж на зямлі / Сваркі і звадкі, боль і горыч, / Калі ўсе мы разам ляцім / Да зор?“ — дзеліцца сваімі развагамі пасля прачытання неўміручага багдановічаўскага верша туркменская пісьменніца і перакладчыца Бягуль Анабаева. — Дзякуй беларусам за ініцыятыву і падказку звярнуцца і нам, туркменам, да паэзіі Максіма Багдановіча. Некалі яго творы ў нас перакладаў Ахмет Курбанняпесаў. Спадзяюся, што следам за пераўвасабленнем верша „*** Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...“ Багдановіча ў Туркменістане з’явяцца новыя пераклады твораў беларускага класіка...»
Народны пясняр Беларусі Якуб Колас будзе прадстаўлены ў зборніку вершам «Родныя вобразы». Янка Купала — адным з твораў са знакамітага цыкла «Санеты».
Мікола Берлеж