Паспрабаваць салдацкага хлеба
Зусім нядаўна прысягу на вернасць Беларусі прыносілі навабранцы нашых Узброеных Сіл вясновага прызыву, а праз некалькі дзён словы аб вернасці Радзіме, сяброўстве і гатоўнасці прыйсці на дапамогу ў сваёй прысязе прамаўлялі 16-гадовыя хлапчукі. І гэта сімвалічна — пераемнасць пакаленняў у нас не перарываецца: растуць тыя, хто гатовы абараніць свой дом, сваю сям’ю, сваю краіну.

Сёлета зборы праходзяць у новым фармаце. Яны будуць доўжыцца 10 дзён. Для юнакоў яны арганізаваны ў двух варыянтах: з дзённым знаходжаннем на базе цэнтраў дапрызыўнай падрыхтоўкі і ўстаноў адукацыі, а таксама з кругласутачным знаходжаннем на базе воінскіх часцей або Мінскага гарадскога кадэцкага вучылішча. Для дзяўчат прадугледжана толькі дзённая форма праходжання збораў — на базах устаноў аховы здароўя, падраздзяленняў МНС, БДМУ, Беларускага Чырвонага Крыжа і медыцынскіх каледжаў.

Раўняйся, смірна!
Мы — на тэрыторыі Мінскага гарадскога кадэцкага вучылішча. У роўным страі — 90 юнакоў з устаноў адукацыі Савецкага раёна Мінска, якія 10 дзён будуць прымяраць на сябе вайсковыя будні і побыт. З нагоды свята, якое можна назваць провадамі ў «салдаты», на пляцы вучылішча сабраліся высокія госці, настаўнікі, бацькі, ваеннаслужачыя. Кіраўнік адміністрацыі Савецкага раёна Аляксандр ШЧАКОВІЧ звярнуў увагу на тое, што ў выразным страі стаяць ужо не школьнікі, а сапраўдныя мужчыны — падцягнутыя і засяроджаныя:
— Гэта тонкі момант, калі хлопцы змогуць убачыць, што такое дысцыпліна, статут, што такое плячо сябра. Яны даведаюцца пра гісторыю ваеннай справы і зброі, вывучаць пагоны і званні. Яны дакрануцца да зброі, каб зразумець, што абарона Радзімы — важны кірунак, які павінен ведаць кожны мужчына.

Практычныя навыкі
Як будуць праходзіць гэтыя 10 дзён для «навабранцаў», чым запоўняцца іх армейскія будні і ці прадугледжаны вольны час? З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні гімназіі № 6 Сяргея ХАЛІПАВА, які кіруе гэтымі зборамі.
— Калі казаць пра будні, то хлапчукі будуць замацоўваць практычныя навыкі па прадмеце «Дапрызыўная падрыхтоўка». Іх чакаюць практычныя заняткі па агнявой, тактычнай, ваеннай і медыцынскай падрыхтоўцы і інжынернай ваеннай тапаграфіі, — расказаў ён. — Адзнакі, якія хлопцы атрымліваюць падчас збораў, улічваюцца пры выстаўленні гадавога бала па прадмеце «Дапрызыўная падрыхтоўка». Крытэрыі іх выстаўлення ўключаюць нарматывы, якія юнакі будуць выконваць на практыцы.

Паводле слоў Сяргея Халіпава, частка заняткаў пройдзе на тэрыторыі воінскіх часцей падраздзяленняў Міністэрства абароны і іншых воінскіх фарміраванняў Беларусі.
Што датычыцца вольнага часу, то яму будзе аддадзена другая палова дня, на працягу якой плануюцца спартыўныя, масавыя і ваенна-патрыятычныя мерапрыемствы, экскурсіі і гэтак далей, патлумачыў кіраўнік збораў.
Рота, пад’ём!
Ранішні пад’ём для ўдзельнікаў збораў — у 7.00. Затым — зарадка і гігіенічныя працэдуры. Пасля сняданку — заняткі.

Дарэчы, харчаванне для юнакоў арганізавана чатырохразовае — сняданак, абед, вячэра і падвячорак. Падсілкоўваць удзельнікаў збораў будзе камбінат школьнага харчавання, які корміць іх на працягу навучальнага года. Гэта значыць, што юнакоў чакае карысная, здаровая і смачная ежа.
У кадэцкім вучылішчы (дарэчы, кадэты таксама адбылі на зборы ў вайсковую часць) хлопцы жывуць у блоках на чатыры чалавекі. Яны засяляліся раніцай 26 мая і да моманту афіцыйнага адкрыцця збораў паспелі ацаніць і зручнасць пакояў, і кухню.

«Кожны павінен ведаць, як абараніць Радзіму»
Задача дарослых на гэтых зборах — пераканаць хлопцаў у тым, што служба ў арміі — ганаровы абавязак кожнага грамадзяніна Беларусі. Задача дзяцей — пранікнуцца разуменнем гэтага. Гімназіст Арсеній КАРАПЕЦЯН чакае пачатку заняткаў з цікавасцю:

— Я хачу даведацца, як уладкавана армейскае жыццё, таму што ўпэўнены: кожны чалавек павінен ведаць, як абараніць сваю Радзіму.
Арсенію, як і многім яго таварышам па зборах, асабліва цікава паспрабаваць сябе ў стральбе і даведацца аб ваеннай тэхніцы.

Цімафею БЕГУНУ, які таксама вучыцца ў 6-й мінскай гімназіі, быў прадастаўлены гонар на адкрыцці збораў зачытаць словы прысягі. Ён сваёй місіяй ганарыцца і ўпэўнены, што ўсе задачы, якія перад ім будуць пастаўленыя ў гэтыя дні, выканае:
— Спачатку, вядома, хваляваўся: як усё пройдзе? Але ўжо сёння зразумеў, што будзе ўсё добра. У нас добрыя ўмовы пражывання, смачная ежа. Спадзяюся, што знайду тут новых сяброў.

Асновы ваеннай падрыхтоўкі Цімафей вывучае тры гады, больш за ўсё з прадмета яму падабаецца разборка-зборка аўтамата. Праз год у яго выпуск, і, хутчэй за ўсё, у якасці справы свайго жыцця хлопец абярэ інжынерную спецыяльнасць.

За сваім сынам разам з іншымі бацькамі назірала і мама Цімафея. Нам яна сказала ўсяго тры словы:
— Я ім ганаруся!
А мы ганарымся бацькамі, якія выхоўваюць такіх дзяцей.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ