Першы восеньскі дзень заўжды асаблівы. Ён напоўнены ўрачыстасцю, пахам кветак, новенькай вопраткі школьнікаў і свежай друкарскай фарбы падручнікаў. Гэта непаўторная першавераснёўская атмасфера, якую памятае кожны з нас, была, ёсць і застанецца назаўсёды.
І да першага дня навучальнага года рыхтуюцца не толькі дзеці, бацькі і настаўнікі. Калектывы прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці таксама прыкладаюць шмат намаганняў, каб дадаць не толькі Дню ведаў, але і ўсяму навучальнаму году больш святла, радасці і навізны. А галоўнае — усё робіцца з душой, бо гэта ж нашы дзеці.

Дзеці, дарэчы, і сталі галоўнымі героямі прэзентацыі новай калекцыі школьнага адзення, якая адбылася ў Мінску. Мадэлямі выступілі навучэнцы Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Адзначу адразу, што гэта падборка адрозніваецца ад леташняй — яна больш простая, сучасная і зручная. Рушачкі і карункі практычна зніклі. Іх замянілі кашулі больш строгага крою, з доўгім ці кароткім рукавом, штаны і камізэлькі «аверсайз» для дзяўчынак-падлеткаў. А ў якасці аздаблення — эмблема школы: альбо шаўрон, альбо гальштук, дадаткова — значок. Школьнікам падабаюцца і дэкаратыўныя элементы ад вытворцы, напрыклад невялікая нашыўка, якая сапраўды дадае касцюму шарму. З мінулай калекцыі спадабаліся бацькам і школьнікам і, здаецца, прыжывуцца курткі-бомберы. Адным словам, адзенне для школьнікаў набывае сапраўды дзелавы выгляд.
— Міністэрствам з 2022 года праводзіцца планамерная работа па ўвядзенні новых кірункаў у школьным адзенні, — расказвае кансультант упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына БУЛАЎКІНА. — Ва ўсіх школах вызначаны падыходы да дзелавога стылю па колеравай гаме, да элементаў адзення, якія ў кожнай установе адукацыі вызначаюцца калегіяльна: вучнямі, бацькамі, адміністрацыяй.

На думку спецыяліста адзіны стыль дысцыплінуе, стварае імідж установы адукацыі, не адцягвае ад навучальнага працэсу.
— Больш таго гэта спрыяе фарміраванню карпаратыўнай этыкі і выхоўвае гонар за ўстанову адукацыі, — дадае яна. — Падыходы да школьнага адзення ў 2025/26 навучальным годзе не змяніліся, яны застануцца ранейшымі. Адзінае новаўвядзенне, замацаванае на заканадаўчым узроўні, — норма, якая дазваляе наведванне вучнямі заняткаў у адзенні дзелавога стылю. Яна набывае сілу з 1 верасня 2025 года.
Ірына Булаўкіна таксама паведаміла, што на партале Мінадукацыі штогод размяшчаецца калекцыя школьнага адзення ад канцэрна «Беллегпрам».
— У ёй вялікая разнастайнасць мадэляў, з якіх можна выбраць усе неабходныя элементы кожнаму канкрэтнаму вучню з улікам яго асаблівасцяў, спецыфікі фігуры і камплекцыі, — падкрэсліла яна.
Намеснік старшыні канцэрна «Беллегпрам» Наталля МАРОЗ запэўніла, што ўсе школьнікі да пачатку навучальнага года будуць забяспечаны адзеннем, вырабленым як у масавым парадку, так і па індывідуальных заказах.

— Да новага навучальнага года прадпрыемствы краіны пашыюць адзін мільён вырабаў, — паведаміла яна. — З улікам рэшткаў мінулых гадоў у продаж будзе пастаўлена прыкладна на 20 % больш прадукцыі, чым у папярэднім годзе. Адзенне дзелавога стылю для школьнікаў у нас вырабляе каля 60 арганізацый, абутак і школьныя аксесуары — таксама айчыннай вытворчасці.
Наталля Мароз падкрэсліла, што вырабы беларускай вытворчасці якасныя, абсалютна бяспечныя і адпавядаюць усім патрабаванням тэхнічных рэгламентаў Еўразійскага эканамічнага саюза.
— Адзенне для школьнай калекцыі шыецца з тэкстыльнага і трыкатажнага матэрыялаў з утрыманнем воўны, бавоўны, — расказала намеснік старшыні канцэрна. — Мы ўлічваем не толькі ўзрост дзяцей, але і іх магчымую камплекцыю. Для гэтага распрацавалі мадэлі спадніц і штаноў, у якіх лінія таліі не фіксуецца. Што датычыцца якасці матэрыялаў, то тканіны былі правераны ў акрэдытаваных спецыяльных лабараторыях. Пасля ўсіх выпрабаванняў і карэкціровак мы атрымалі тканіну, якая адпавядае патрабаванням тэхнічнага задання, што прад’яўляецца для дзіцячага адзення.

Прадстаўнік «Беллегпрама» адзначыла, што новая калекцыя школьнага адзення ўжо ёсць у продажы ў фірменнай гандлёвай сетцы і буйных універмагах сталіцы, але асноўнае паступленне чакаецца пасля 15 ліпеня. Пры гэтым Наталля Мароз падкрэсліла, што элементы дзелавога стылю спажыўцы купляюць на працягу ўсяго года. Напрыклад, набыць новую блузку можна і восенню, і зімой.
У тэму
Сезон гандлю таварамі для школьнікаў стартуе ў Беларусі з 15 ліпеня
Задача гандлёвых аб’ектаў — прадставіць шырокі асартымент адзення, абутку, вучнёўскай галантарэі. Аб гэтым заявіла намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Святлана КАРАТКЕВІЧ, паведаміла БелТА.
Як адзначыла Святлана Караткевіч, суб’екты гандлю актыўна ўключыліся ў работу. Арыентыровачна камплекты адзення і абутку для школьнікаў (хлопчыкаў і дзяўчынак) будуць каштаваць ад 400 да 476 рублёў. «Гэта максімальныя лічбы. Па ўзроставых катэгорыях сума будзе адрознівацца: камплекты для хлопчыкаў 1–4-х класаў будуць каштаваць 64–400 рублёў, 5–9-х класаў — 93–441 рубель, 10–11-х класаў — 125–476 рублёў, для дзяўчынак 1–4-х класаў — 69–325 рублёў, 5–9-х класаў — 71–373 рублі, 10–11-х класаў — 89–423 рублі», — паведаміла намеснік міністра.
Таксама будзе прадстаўлена канцылярыя на выбар. Цэны павялічыліся нязначна. Маштабны распродаж тавараў для школьнікаў, у тым ліку школьныя кірмашы, будзе арганізаваны пачынаючы з сярэдзіны ліпеня.

Да іх актыўна падключацца прадпрыемствы канцэрна «Беллегпрам» і іншыя беларускія вытворцы.
Асобна Святлана Караткевіч спынілася на рэалізацыі тавараў айчыннай вытворчасці. Іх долю плануецца павялічваць. Ужо больш за 100 аб’ектаў гандлю далучыліся да пагаднення МАРГ аб павышэнні эфектыўнасці продажаў беларускіх тавараў. Дакумент размешчаны на сайце ведамства. Сёлета доля рэалізацыі тавараў айчыннай вытворчасці ў цэлым па краіне павінна скласці 63 %, у тым ліку харчовых — 85 %, нехарчовай групы — 38,1 %.
Фота Лізаветы ГОЛАД