Top.Mail.Ru
253

Білеты на фестываль «Залаты шлягер» ужо ў продажы

Міжнародны музычны фестываль «Залаты шлягер» пройдзе ў Магілёве і вобласці з 26 кастрычніка па 3 лістапада.

Сёлета «Залатому шлягеру» спаўняецца 30 гадоў з дня заснавання. Ён быў створаны з мэтай захавання, развіцця і папулярызацыя найлепшых дасягненняў нацыянальнай і сусветнай культуры ў музычным і песенным кірунках, а таксама ўмацавання міжнародных культурных сувязяў і шырокага абмену культурнымі каштоўнасцямі.

Мерапрыемствы фестывалю адбудуцца ў магілёўскім Лядовым палацы спорту, Палацы культуры вобласці і Палацы мастацтваў Бабруйска, на Плошчы Адзінства ў Магілёве, у раённым Цэнтры культуры Крычава і іншых пляцоўках.

Адкрыццё адбудзецца 28 кастрычніка ў магілёўскім Лядовым палацы. У якасці вядучых на маштабным гала-канцэрце выступяць народны артыст Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Харацьян, тэлевядучая Марыяна Мурэнкова, прадстаўніца Беларусі на музычным конкурсе «Інтэрбачанне-2025» Насця Краўчанка. У канцэрце прымуць удзел народны артыст Беларусі Аляксандр Ярмоленка і ансамбль «Сябры», народны артыст Беларусі Васіль Раінчык, заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь «Песняры», арт-група «Беларусы», Вікторыя Алешка, Жанет, Ірына Дарафеева, гурт «Верасы», народная артыстка Расіі Таццяна Аўсіенка, заслужаныя артысты Расійскай Федэрацыі Аляксей Глызін, Марына Хлебнікава, група Стаса Наміна, «Лесапавал», «Дынаміт», балет Вольгі Шамравай, лабараторыя танца Беларускага дзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў, шоу-балет «Сенсацыя», грузінскі гурт «Bravo metehi», італьянскі спявак, трубач, аўтар песень і музычны прадзюсар Riccardo Foresi і іншыя. Незабыўныя эмоцыі падораць аматарам рэтракласікі народныя артысты Расіі Аляксандр Малінін, Ларыса Доліна, Алег Газманаў, гурт «Дразды». 

Адбудуцца канцэрты з удзелам паэта-песенніка Віктара Дорына, Аляксандра Марцынкевіча, групы «Кабрыялет», актэта балалаек Віцебскай абласной філармоніі «Віцебскія віртуозы» і іншыя.

У Палацы культуры вобласці пройдзе танцавальны вечар «Сустрэнемся на танцпляцоўцы» ў стылі дыскатэкі 1980-1990-х гадоў з удзелам MC Andrei YurchencoF (Андрэя Юрчанкава), DJ Mazhor (Стаса Мажорава) і артыстаў Магілёўскай абласной філармоніі, а ў Лядовым — «Улётная дыскатэка» з удзельнікамі гурта Cosa Nostra і трыа «Ружовыя ружы».

На працягу фестывалю ў выставачнай зале Палаца культуры вобласці будуць працаваць мастацкая майстэрня і рэтравыстава карцін «Залаты шлягер збірае сяброў».

У прэс-цэнтры адкрыецца «Творчая майстэрня», дзе пройдуць сустрэчы з зоркамі беларускай, расійскай і замежнай эстрады. У кінатэатрах вобласці адбудуцца кінапаказы «Залатая калекцыя беларускага кіно», а ў Магілёўскім тэатры лялек запланаваны цыкл спектакляў для дзяцей «Залатая калекцыя казак».

Білеты на гэтыя і іншыя мерапрыемствы можна набыць у касах абласной філармоніі, Палаца культуры вобласці, а таксама на сайце Ticketpro.by.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Чытайце таксама: Больш за 150 фільмаў прыме ўдзел у XXXI Міжнародным кінафестывалі «Лістапад»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю