Top.Mail.Ru

Больш за 2000 адзінак наземнага транспарту працуюць як гадзіннік дзеля жыхароў і гасцей Мінска

Многія чулі сцвярджэнне, што транспарт — гэта крывяносная сістэма эканомікі краіны. Каб пераканацца ў справядлівасці гэтых слоў, дастаткова на хвіліну ўявіць, што транспарт, які перавозіць пасажыраў, раптам спыніўся хоць бы на гадзіну... Але такога, на шчасце, у нас не здараецца. Увесь наземны транспарт сталіцы працуе як гадзіннік — пачынае раней за ўсіх і заканчвае, калі ўжо адлічвае хвіліны новы дзень.


Так, транспарт стаў настолькі звыклым і неабходным у нашым паўсядзённым жыцці, што ўявіць сучасную рэальнасць без яго немагчыма. Ды і не трэба — на варце паўнавартаснага яго функцыянавання стаіць дзяржаўнае прадпрыемства «Мінсктранс», аб рабоце якога распавядае генеральны дырэктар Алег Дзюбенка.

Камфортна, даступна, эстэтычна

— «Мінсктранс» — буйное і шматкампанентнае прадпрыемства з колькасцю працоўных 9 тысяч чалавек, — расказвае Алег Анатольевіч. — А перад яго калектывам стаіць агульная галоўная задача — ажыццяўляць перавозку пасажыраў якасна і бяспечна: забіраць іх з сучасных тэхналагічных прыпынкаў і перавозіць у камфартабельным транспарце. Камфортнасць, даступнасць, сучаснасць, эстэтычнасць і бяспека — сучасныя адметныя рысы рухомага складу «Мінсктранса». На сталічных вуліцах мы эксплуатуем больш за 2000 адзінак пасажырскай тэхнікі. І ў гэтай колькасці прырастае доля электрыфікаваных транспартных сродкаў. Сёння яна складае больш за 40 %. З асаблівым гонарам хачу адзначыць, што ўвесь транспарт, які працуе на вуліцах сталіцы Беларусі, — айчыннай вытворчасці, ён адпавядае сусветным стандартам якасці, надзейны і эрганамічны.

— Як зарэкамендавалі сябе электробусы?

— Іх у нашым парку — больш за 100 адзінак. Пакуль казаць пра нейкі агульны вынік рана. Але тое, што яны паўнавартасна занялі сваю нішу ў працэсе перавозак, — факт. Паступова наладжваем і пашыраем інфраструктуру для іх абслугоўвання. У прыватнасці, для зарадкі электробусаў у Мінску ўжо працуе 21 зарадная станцыя. Шаснаццаць станцый для хуткай зарадкі сілкуюць электробусы з дапамогай пантографаў на канчатковых прыпыначных пунктах, пяць станцый прызначаны для начной зарадкі з выкарыстаннем разетак CCS 2 combo.

— Раскажыце аб далейшых перспектывах у абнаўленні рухомага складу сталічнага аўтамабільнага і электрычнага транспарту?

— Для нас і ў гэтай справе асноўнымі крытэрыямі з’яўляюцца павышэнне якасці і бяспека рэгулярных пасажырскіх перавозак, што ў сучасных умовах азначае эксплуатацыю тэхналагічных, камфартабельных, экалагічных транспартных сродкаў. Таму ў планах абнаўлення — збалансаванае развіццё з пастаянным павышэннем долі электрыфікаванага транспарту. Доля адаптаванага да перавозак маламабільных пасажыраў нізкападлогавага транспарту ў нас больш за 90 %. Пры абнаўленні рухомага складу гэта ўмова абавязковая.

У рэжыме рэальнага часу

— Колькі сэрвісаў для зручнасці пасажыраў на сталічным транспарце ўжо дзейнічаюць і якія яшчэ плануецца ўвесці?

— Ужо звыклымі для ўсіх сталі інфармацыйныя табло на прыпыначных пунктах, зручнасць якіх у поўнай меры ацанілі жыхары і госці сталіцы. На афіцыйным сайце прадпрыемства працуе сэрвіс «Віртуальнае табло», які дазваляе адсочваць месцазнаходжанне гарадскога наземнага транспарту ў рэальным часе з камп’ютараў і смартфонаў. З дапамогай сэрвісу «Рацыянальны маршрут» у пасажыраў маецца магчымасць хутка выбіраць аптымальны маршрут ад пачатковага да канцавога пункта. Для атрымання інфармацыі пра час да прыбыцця грамадскага транспарту на прыпыначны пункт таксама можна скарыстацца паслугай з мабільнага тэлефона з дапамогай USSD-запыту, які ўключае код прыпыначнага пункта. Даведацца час да прыбыцця транспарту, які праходзіць праз прыпыначны пункт, можна, адсканіраваўшы мабільным тэлефонам інфармацыйную таблічку з QR-кодам. Больш як 1000 адзінак пасажырскай тэхнікі прадпрыемства аснашчаны сістэмай «Электронны гід», якая перадае пасажырам візуальную інфармацыю аб маршруце руху і іншыя карысныя звесткі.

Новы тралейбус МАЗ-303Т пабудаваны на базе нізкападлогавага аўтобуса 303-й мадэлі. У тралейбусным варыянце, у адрозненне ад аўтобуса і электробуса, няма вытыркнутай у салон шахты маторнага адсека, што дазволіла павялічыць колькасць месцаў да 82, з іх 30 — сядзячых, уключаючы 14 на нізкай падлозе. МАЗ-303T — тралейбус з аўтаномным ходам і можа працаваць на маршрутах з участкамі без кантактнай сеткі

Аплачваем праезд!

— Што вы скажаце наконт зручнасці аплаты праезду ў аўтобусах, тралейбусах, трамваях?

— Сёння аплаціць праезд у грамадскім транспарце можна рознымі спосабамі: укаранёна аўтаматызаваная сістэма аплаты і кантролю праезду. У салонах транспартных сродкаў устаноўлены валідатары для счытвання інфармацыі з бескантактавых смарт-карт і электронныя кампосцеры. Пасажыры могуць самастойна папоўніць баланс бескантактавай смарт-карты ў сістэме «Разлік» (АРІП), набыць электронны білет і аплаціць праезд праз мабільны дадатак «Аплаці». Адзіны праязны дакумент на ўсе віды гарадскога пасажырскага транспарту быў укаранёны таксама для зручнасці пасажыраў, што дазваляе павысіць мабільнасць жыхароў і гасцей сталіцы, скараціць час паездкі, не прывязвацца да пэўнага віду транспарту і сэканоміць асабісты бюджэт.

Сучленены электробус «Вітаўт» мае пасажыраўмяшчальнасць 144 чалавекі, у салоне прадугледжана 36 месцаў для сядзення. Ёсць назапашвальныя пляцоўкі з месцам, арганізаваным для размяшчэння маламабільных пасажыраў у крэслах-калясках. Транспарт абсталяваны сістэмай відэаназірання і USB-раздымамі. Аўтаномны ход забяспечвае сістэма назапашвальнікаў электраэнергіі на базе суперкандэнсатараў. Час зарадкі ад 30 % займае да 15 хвілін, запас ходу — да 15 км.

Даверана прафесіяналам

— Мы высветлілі, які транспарт возіць сёння мінчан. Застаецца пытанне — хто ім кіруе?

— З 9000 чалавек, якія працуюць на прадпрыемстве, больш як чатыры тысячы — кіроўцы. З гэтых чатырох тысяч 40 % — прафесіяналы першага класа, каля 25 % маюць другі кваліфікацыйны клас. Патрабаванні да кіроўцаў, якіх бяром на працу, высокія. Таму што высокая і адказнасць. Сярэдняя заработная плата таксама дастойная і складае 4000 рублёў. Калі да нас хоча ўладкавацца чалавек, які не мае адпаведных прафесіі і кваліфікацыі, накіроўваем яго на вучобу. І, пакуль ён вучыцца, выплачваем заработную плату ў памеры 1000 рублёў у месяц.

Трамвай Т811 адрозніваецца незвычайнай формай пярэдняй і задняй масак, дзякуючы якой, у выпадку калі пешаход трапіць пад транспарт, які рухаецца, яго не зацягне пад колы, а адкіне ўбок. У трамвай лёгка ўвайсці, таму што падлога па ўсім перыметры салона роўная, адсутнічаюць нязручныя прыступкі. У прасторным вагоне 35 месцаў для сядзення, ёсць спецыяльная пляцоўка, якая дазваляе размясціцца маламабільным пасажырам, паставіць дзіцячую каляску або габарытны груз

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю