Геніі «лічбы» з усёй Беларусі сабраліся ў другі раз. Месцам правядзення інтэлектуальных баёў абраны Наваполацк, пляцоўка — Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай. Падтрымка — Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Эканоміка краіны зацікаўлена ў маладых таленавітых кадрах, таму падтрымка каштоўнага інтэлектуальнага капіталу — у тым ліку і моладзі, якая прымае ўдзел у гэтай Алімпіядзе, ажыццяўляецца на дзяржаўным узроўні. Акрамя таго, задача пабудовы бяспечнай інфармацыйнай прасторы сёння становіцца асабліва актуальнай. І гэтую мэту таксама мае Алімпіяда, якая аб’яднала намаганні ўніверсітэтаў, студэнтаў, прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і дзелавой супольнасці. Унікальная атмасфера ўзаемаразумення і супрацоўніцтва, якая фарміруецца на мерапрыемстве, дапамагае вырашаць складаныя задачы, звязаныя з бяспекай дадзеных і этычным выкарыстаннем тэхналогій.
Званне лепшых айцішнікаў Беларусі на працягу двух дзён будуць аспрэчваць удзельнікі 10 каманд, вырашаючы практычныя задачы ў галіне AI (штучнага інтэлекту)/ ML (машыннага навучання) і кібербяспекі. Акрамя таго, у рамках Алімпіяды пройдуць іншыя конкурсныя мерапрыемствы, у прыватнасці, турнір сярод школьнікаў старэйшых класаў па тэматыцы інфармацыйных тэхналогій.
Галоўная інтрыга — хто ж стане мацнейшым, вырашыцца ўжо ў чацвер. Імя пераможцаў абвесціць экспертнае міжнароднае журы.