Top.Mail.Ru

Больш за чвэрць стагоддзя Вадзім Асвяцінскі прысвяціў служэнню Коласаўскаму тэатру

Больш за 25 гадоў творчага жыцця артыст Вадзім Асвяцінскі прысвяціў служэнню Коласаўскаму тэатру. За гэты час ім сыграна больш за 60 роляў самага рознага кшталту — вострахарактарных, камедыйных, драматычных. Сярод найбольш значных работ мінулых гадоў — Валодзька ў трагікамедыі «Трыбунал» А. Макаёнка, граф Рэтланд у гістарачнай хроніцы «Генры VI» У. Шэкспіра, Франсуа ў дэтэктыве «Загадка дома Вярнье» А. Крысці, гарадскі прарок Ільюк з інсцэніроўкі рамана У. Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Асаблівае месца ў яго творчасці займаюць казачныя персанажы — Алесь з «Купальскай ночы» Ю. Куліка, Певень з «Кошчынага дома» С. Маршака, Воўк з «Вядзьмаркі і Дыназаўрыка» А. Якімовіча, Жук-Рагач з «Казявачкі» Т. Уфімцавай…


15 лютага Вадзім Асвяцінскі адсвяткаваў 65-годдзе. З гэтай нагоды сустрэліся з артыстам.

— З чаго пачынаўся твой жыццёвы шлях, што вызначыла прафесійны выбар?

— Бацькі мае пазнаёміліся яшчэ падчас вучобы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. А потым тату накіравалі на камсамольскую работу спярша ў Маладзечна, пасля ў Глыбокае. Якраз тады і я нарадзіўся на малой радзіме маці, у вёсцы Макуты Іўеўскага раёна. Бацька разрываўся паміж Глыбокім і Гроднам, куды яго неўзабаве адправілі працаваць у абласное ўпраўленне культуры. Маці ізноў была цяжарная, і мяне, каб, відаць, я не замінаў, адправілі ў Крывы Рог, да сваякоў маці. А ўжо ў 1966 годзе я пераехаў разам з бацькамі ў Віцебск, дзе тата атрымаў пасаду дырэктара Коласаўскага тэатра. Так што маё тэатральнае дзяцінства пачыналася тут. Я нават няясна памятаю аднаго з заснавальнікаў тэатра Аляксандра Канстанцінавіча Ільінскага. Замест буквара ў мяне былі афішы, па якіх я вучыўся чытаць. Памятаю афішу спектакля «Дамы і гусары». Малы, не так ставіў націск і вымаўляў: «Дамы і гусары». Мяне папраўлялі. А я тады пытаўся: «А хто такія дамы»? І мне тлумачылі, пра гусараў таксама. Лёс склаўся так, што гэтую п’есу ізноў рэпеціруюць у тэатры і я ўжо іграю адну з роляў — Капелана. 

— Як і многія з тэатральных дзяцей, ты, мусіць, з тэатра не вылазіў?

— У нас была цэлая кампанія. Чым сябе заняць? Вядома, ішлі ў рэквізітарскі цэх. Там сапраўдныя аўтаматы, пісталеты. А што самае цікавае для хлапчукоў? Ваенныя фільмы, ваенныя гульні. І мы разам з Васілём Петрачковым (сын заслужанай артысткі БССР Валянціны Петрачковай) і Юрасём Пісаравым (сын заслужанай артысткі БССР Людмілы Пісаравай) гулялі ў вайну. Ціха сябе ніколі не паводзілі, і нас як тараканаў выкурвалі то з якога-небудзь даху, то з падвалу. Аднойчы падчас спектакля я ўзяў у народнага артыста БССР Уладзіміра Куляшова меч і пайшоў гуляць. 

І тут як на грэх начальнік рэквізітарскага цэха Ніна Якаўлеўна Крупская пайшла некуды па сваіх справах, а гэтым мячом павінны былі секчы галаву Марыі Сцюарт. А рэквізіту няма... І бацьку сказалі: «Бярыце свайго сына, і няхай ён гуляе недзе далей ад тэатра». І я заняўся спортам — вялікім тэнісам. А пра тэатр забыў. Хадзіў толькі са школай. Потым здарылася хвароба, тэніс давялося кінуць.

Іграў у школьным драмгуртку, і настаўніца рускай мовы і літаратуры неяк параіла: «Ідзі ў тэатр, гэта тваё прызванне». Потым быў інстытут — зусім іншы асяродак, дзе панавала творчасць. Артысты, мастакі, тэатразнаўцы — усе варыліся ў адным катле. З некаторымі з іх сябрую і па сёння. Адам Глобус, Іван Казак, Рыгор Сітніца і мае аднакурснікі — Георгій Лойка, Галіна Букаціна, Андрэй Душачкін…

Мне было 19 гадоў, я вучыўся ў тэатральна-мастацкім інстытуце і хацеў купіць джынсы. Кленчыць грошы ў татулі і матулі не выпадала: я ўжо быў самастойны хлопец і, калі не хапала стыпендыі, хадзіў на станцыю разгружаць вагоны. І вось у ліпені 1979 года ўладкаваўся ў Коласаўскі тэатр манціроўшчыкам дэкарацый. Памятаю рапартычку, дзе было напісана для большай зручнасці так: «Асвяцінскі. Раб. сцэны». 

З таго часу я сябе і называю напаўжартам: раб сцэны.

— Раскажы пра сваю работу ў кінематографе. 

— Аднойчы нас цэлым курсам завялі на кінастудыю «Беларусьфільм», сфатаграфавалі, запісалі рост, вагу. А потым званок у інтэрнат, дзе я жыў, з прапановай зняцца ў кіно. А нам было гэта забаронена пад пагрозай сур’ёзнага пакарання ці нават адлічэння. Здаралася, з-за здымак у кіно ў некаторых артыстаў абрывалася іх тэатральная кар’ера. Але я пагадзіўся. Гэта была эпізадычная роля Аляксея ў фільме «Звон адыходзячага лета». Пра яе даведаўся кіраўнік нашага курса Валерый Раеўскі і даволі сурова мне сказаў: «Калі будзе не тое, на што я спадзяюся, з прафесіяй можаце развітацца». Паглядзеўшы, сказаў: «Даволі прыстойная роля, вельмі цікавы эпізод. Але калі наступным разам будзеце здымацца, каб гэта не перашкодзіла заняткам». Падчас вучобы зняўся яшчэ ў адным фільме: у серыяле «Дзяржаўная граніца» («Мірнае лета 21-га года») выдатнага беларускага кінарэжысёра Барыса Сцяпанава я сыграў Запявалу, польскага бандыта. Спяваў голасам Валерыя Залатухіна прыпеўкі: «По России слух прошёл — Николай с ума сошёл». А ў фільме-спектаклі Уладзіміра Арлова «Камедыянт» ужо сыграў адну з цэнтральных роляў — Міраслава, сына Дуніна-Марцінкевіча. Там працаваў побач з выдатнымі беларускімі артыстамі Генадзем Гарбукам, Валерыем Філатавым, Святланай Кузьміной. На фотапробах фільма «Яма» на кінастудыі імя Даўжэнкі ў калідоры сустрэўся з выдатным рэжысёрам Рыгорам Коханам, які стаў папулярны пасля кінасерыяла «Народжаныя рэвалюцыяй». Ён да мяне з пытаннем: «Хто вы? Адкуль? Дзе здымаліся?». І свайму асістэнту: «Запішыце». Так я трапіў на здымкі фільма «Вайна на заходнім напрамку», дзе сыграў ролю Васількова, ад’ютанта Чумакова. Тут было цэлае сузор’е выдатных артыстаў: Віктар Сцяпанаў, Міхаіл Ульянаў, Андрэй Талубееў, Арчыл Гаміяшвілі. Са Сцяпанавым і Талубеевым я сябраваў практычна да апошніх гадоў іх жыцця. Рыгор Кохан мне тады заўважыў: «Вам і „ВГИК“ не трэба канчаць, вы ўжо сталі прафесійным кінаартыстам». 

Але да 2008 года вялікі перапынак быў. А потым ізноў пачаўся спрыяльны перыяд — здымкі ў серыялах «Сямейны дэтэктыў», «Водар шыпшыны», «Мухтар. Новы след». Вельмі запамінальным стаў дакументальны фільм «Код нацыі», дзе давялося сыграць народнага паэта Беларусі Янку Купалу.

— Што да тэатра, першай роляй у Коласаўскім была…

— Роля Валодзькі ў «Трыбунале» Макаёнка. Толькі прынялі ў тэатр, праз тыдзень выклікае ў кабінет галоўны рэжысёр і ўручае тэкст ролі. Трэба было замяніць на выязным спектаклі асноўнага выканаўцу — Баляслава Сяўко, які паехаў на замежны фестываль. Для мяне, маладога артыста, гэта была вялікая адказнасць. Шыкоўныя партнёры — Іосіф Матусевіч і Зінаіда Канапелька. Роля атрымалася. А на другім спектаклі напаткала няўдача: тэкст начыста вылецеў з галавы. Як белы ліст. Такое бывае. Мне яшчэ Талубееў распавядаў, як яго бацька, славуты народны артыст СССР Юрый Талубееў, прызнаваўся, што другі спектакль у яго зазвычай ідзе горш за першы. Па невядомай прычыне: ці то надвор’е не спрыяе, ці то глядач, ці іншае што. Ну а за мяне тады мой маналог і частку іншага тэксту сказаў Матусевіч. 

— Якія іншыя ролі найбольш запомніліся?

— Ёсць некаторыя ролі, за якія браўся з асаблівым імпэтам. Гэта Ягорка са спектакля «Самазабойца», што ставіў у нашым тэатры Аляксандр Смелякоў у 1986 годзе. Калі Мазынскі чытаў артыстам п’есу, мяне адразу зачапіла, падумаў, што гэта мой персанаж. Хто ён такі? Камсамолец, актывіст, які хапаецца за любую справу, але трохі з дурынкай. Другая роля, што таксама запомнілася, — граф Рэтланд са спектакля «Генры VI» паводле Шэкспіра. Гэта малодшы сын Ёрка, якога іграў народны артыст СССР Фёдар Шмакаў. Работа з мэтрам сцэны таксама многаму навучыла. Мой герой — на самым парозе сталасці, ён быў заўсёды пад апекай бацькі, і яго забіваюць. Ну і, вядома ж, Хлестакоў у эксперыментальным спектаклі Барыса Эрына. 

— Апошні па часе творчы перыяд прынёс табе цэлы шэраг цікавых праектаў. А над якімі было найбольш цікава працаваць? Што асабліва захапіла, які матэрыял?

— Некалі Раеўскі нам, студэнтам, казаў: «Рабіце ўсе свае ролі любімымі. Спачатку можа здацца, што і не вельмі падыходзіць табе тая ці іншая роля. Але трэба знайсці тыя рысачкі, якія падабаюцца, кладуцца на душу». Вось і мая канцэпцыя, «раба сцэны», такая: зрабіць персанажа сваім. 

— Крыху пра твой вобраз Прывіда — Цень бацькі Гамлета…

— Я згодны з кіраўніком шэкспіраўскага тэатра «Глобус», які некалі казаў, што «Гамлет» — гэта не п’еса, а канцэпцыя, светапогляд. Аўтар дзеліцца сваім светапоглядам праз герояў, праз іх узаемадзеянне. 

— Адна з апошніх тваіх роляў — Рымас з жыццёвай меладрамы Уладзіміра Гуркіна «Саня, Ваня, з імі Рымас». Гэта высакародны чалавек, які ахвяруе сабой дзеля шчасця іншых…

— Так. У аснове тут ляжыць самаахвярнасць. І гэта важна, гэта мудра. Такіх вельмі мала. І я з падобнымі людзьмі сустракаўся. Калі ж гаварыць пра нашу тэатральную кухню, то адмоўныя персанажы даюць большы прастор для фантазіі. Можна спачатку добранькім зрабіцца, а потым паказаць сваё сапраўднае аблічча. 

— Капелан у «Дамах і гусарах» — гэта станоўчы ці адмоўны персанаж?

— Тут няма станоўчых ці адмоўных герояў. Мы іграем не вадэвіль і не сатыру, а чыстую камедыю. Яе вельмі цяжка выцягнуць. Каб глядач не рагатаў, а менавіта па-добраму ўсміхаўся.

Юрый ІВАНОЎСКІ, літаратурны рэдактар НАДТ імя Якуба Коласа

Фота дасланы аўтарам

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю