Top.Mail.Ru

Большасць выкладчыкаў каледжа чыгуначнага транспарту — 84 працэнты — складаюць прадстаўніцы прыгожага полу

«Гэта мой дом, мая сям’я...»


«Мінскі дзяржаўны каледж чыгуначнага транспарту імя Я. П. Юшкевіча» — гэта ўстанова адукацыі з больш чым векавой гісторыяй, тым не менш яна заўсёды застаецца маладой. І яшчэ больш маладзее кожны год, калі ў верасні сюды прыходзіць новае папаўненне навучэнцаў. Сёлета за парты селі 411 першакурснікаў.


Працу на стальной магістралі спрадвеку лічылі справай чыста мужчынскай. Цяпер гэта паняцце трансфармавалася — у каледжы прапануюць спецыяльнасці для дзяўчат. І ўсё ж юнакоў тут больш — яны традыцыйна аддаюць перавагу кірункам, якія патрабуюць тэхнічнай кемлівасці і добрай фізічнай падрыхтоўкі, напрыклад: «Памочнік машыніста цеплавоза і электравоза», «Слесар па рамонце рухомага саставу». І тым дзіўней выглядае той факт, што з гэтымі хоць і юнымі, але ўжо сапраўднымі мужчынамі, якія абралі сабе прафесію чыгуначніка, працуюць мілыя і далікатныя жанчыны. З адной з іх — выкладчыцай беларускай мовы і літаратуры Ганнай БУТКЕВІЧ —мы пазнаёміліся непасрэдна ў каледжы.



«Працаваць з імі — адно задавальненне!»

Ганна Буткевіч працуе ў каледжы 22 гады. І не бачыць нічога незвычайнага ў тым, што практычна ўвесь адукацыйны кампанент установы адукацыі складаецца з жанчын:

— Я прыйшла сюды маладым спецыялістам, і больш нікуды не захацела сыходзіць. Усё маё жыццё звязана з чыгункай, а каледж стаў родным домам. Паглядзіце на нашых хлопцаў! Падцягнутыя, прыгожыя, сабраныя — працаваць з імі — адно задавальненне!

На думку выкладчыцы, будучыя чыгуначнікі адрозніваюцца ад сваіх аднагодкаў у школах або іншых каледжах. Ганна Іосіфаўна лічыць, што іх вельмі дысцыплінуе нашэнне формы:

— Гэта тое адзінае, што аб’ядноўвае хлопцаў і дзяўчат з самага пачатку, і гэта вельмі важна. Яны адчуваюць сябе часткай чагосьці сур’ёзнага, адказнага і разумеюць, што чалавек у форме павінен паводзіць сябе належным чынам не толькі ў сценах каледжа, але і на вуліцы, у грамадскім транспарце, іншых месцах. Форма дэманструе прыналежнасць да Беларускай чыгункі і фарміруе ў навучэнцаў пачуццё гонару за выбраную прафесію.

Развівацца, ісці наперад у абранай прафесіі, па словах суразмоўніцы, дапамагаюць і частыя сустрэчы навучэнцаў з кіраўніцтвам і спецыялістамі БЧ, а таксама работа ў працоўных калектывах.



— Прыклады нечага поспеху, кар’ернага росту і проста любові да сваёй справы іграюць у фарміраванні будучага прафесіянала велізарную ролю, — упэўнена Ганна Буткевіч. — Я, напрыклад, выбрала прафесію настаўніка дзякуючы майму любімаму педагогу ў школе — Ганне Аляксееўне Гарэлавай.

І тэхнар, і лірык

Так плаўна мы перайшлі да галоўнага пытання: якім чынам Ганне Іосіфаўне ўдаецца не проста навучыць, але і каб хлопцы і дзяўчаты са «сталёвай» будучыняй палюбілі беларускую мову і літаратуру?

— У асноўным гэта пазавучэбная работа, — тлумачыць яна. — Напрыклад, мы ставім спектаклі беларускіх драматургаў на беларускай мове. Уцягнуўшыся ў працэс, дзеці самі пачынаюць прапаноўваць, які спектакль паставіць. Такім чынам яны і літаратуру вывучаюць, прычым не павярхоўна, а глыбока, з разуменнем, і размаўляюць па-беларуску.

Яўген КАРОЛЬ, адзін з вучняў Ганны Буткевіч, свае веды ў беларускай мове плануе развіваць і далей:

— Буду старацца як мага больш гаварыць на ёй, бо родная мова — гэта і наша гісторыя, і наша сучаснасць, гэта часцінка нашай роднай краіны.


Прыходзяць дзецьмі — пакідаюць дарослымі

Час выпуску сваіх выхаванцаў з каледжа для Ганны Іосіфаўны заўсёды вельмі хвалюючы — літаральна некалькі гадоў таму яна іх сустракала дзецьмі, а праводзіць дарослымі, ужо сфарміраванымі асобамі.

— У такія моманты я заўсёды плачу, — дзеліцца яна. — Столькі разам пройдзена, столькі ўкладзена ў іх душэўных сіл і шчырай любові... Гэта як быццам кожны выпуск адрываеш ад сябе часцінку душы. Кожны раз веру ў тое, што я і іншыя педагогі здолелі прывіць ім галоўнае — пачуццё адказнасці за сябе, сваіх блізкіх, сваю краіну. Вельмі важна, каб маладых людзей падтрымлівалі ў жыцці, на працы, у сям’і, каб пасля яны самі станавіліся для кагосьці надзейнай апорай і падтрымкай.

Пра тое, якімі яны сталі, якіх прафесійных і асабістых поспехаў дамагліся, былыя вучні Ганны Буткевіч расказваюць пры асабістай сустрэчы з любімым выкладчыкам. Госці ў каледжы, магчыма, яны і не частыя, але тое, што не забываюць пра яго, сведчыць: менавіта тут ім выдалі шчаслівую пуцёўку ў прафесійнае жыццё.


Алена ВІНАГРАДАВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю