Днямі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 10 аб падаўжэнні «будаўнічай амністыі» на тры гады.
Згодна з гэтым дакументам, спрошчаны парадак прыёмкі ў эксплуатацыю аднакватэрных жылых дамоў і нежылых пабудоў, якія былі ўзведзены без дазволаў і праектнай дакументацыі, будзе дзейнічаць да 1 студзеня 2028-га. Выключэнне складаюць аб’екты, размешчаныя ў Мінску.
Цяпер грамадзяне, якія пабудавалі такія аб’екты на зямельных участках, атрыманых да 1 верасня 2022 года, змогуць падаць заявы
на іх узаконьванне. Мясцовыя органы ўлады атрымалі права прымаць гэтыя пабудовы ў эксплуатацыю, не прызнаючы іх самавольнымі.
Гэтым дакументам унесены змяненні ва Указ Прэзідэнта Беларусі ад 25 ліпеня 2022 года № 253 «Аб спрошчаным парадку прыёмкі
ў эксплуатацыю аб’ектаў будаўніцтва», адзначыла начальнік Галоўнага ўпраўлення будаўніцтва і жыллёвай палітыкі Мінбудархітэктуры Таццяна Васілючак: «Мясцовым выканаўчым і распарадчым органам дадзена права прымаць у эксплуатацыю аднакватэрныя жылыя дамы і нежылыя пабудовы пры адпаведнасці іх пятаму класу складанасці, захаванні патрабаванняў па размяшчэнні ў межах выдзеленага зямельнага ўчастка і адпаведнасці гатоўнасці аб’екта да эксплуатацыі. Прыёмка ў эксплуатацыю такіх аб’ектаў будаўніцтва будзе ажыццяўляцца на падставе заявы і ведамасці тэхнічных характарыстык. Заявы могуць быць пададзеныя грамадзянамі да 1 студзеня 2028 года».
У заяве павінна быць прадугледжана згода паўналетніх грамадзян, якія маюць права валодання і карыстання гэтымі аб’ектамі, а таксама ўдзельнікаў агульнай долевай уласнасці на прыёмку ў эксплуатацыю аб’ектаў у спрошчаным парадку. Для атрымання кансультацыі і афармлення акта прыёмкі ў эксплуатацыю жылых дамоў грамадзянам неабходна звярнуцца ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган па месцы размяшчэння зямельнага ўчастка. Для адлюстравання тэхніка-эканамічных паказчыкаў аб’екта рэкамендуецца прыкласці дакументы, якія пацвярджаюць права карыстання зямельным участкам, і ведамасць тэхнічных характарыстык.
Заява падаецца ў структурныя падраздзяленні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў галіне архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці. Уся працэдура прыёмкі аб’екта ў эксплуатацыю займае не больш за месяц.
У тэму
Наталля Тарасенка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў па Магілёўскай сельскай выбарчай акрузе № 88, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па экалогіі і прыродакарыстанні:
— Указ вельмі важны, асабліва для жыхароў сельскай мясцовасці. У маю акругу ўваходзяць сем сельсаветаў Магілёўскага раёна і часткова Магілёў. На тэрыторыі раёна знаходзіцца 179 садаводчых таварыстваў, уласнікамі якіх з’яўляюцца болей чым 40 тысяч чалавек. Указ дазваляе ўпарадкаваць шматлікія моманты. Дачныя ўчасткі адводзіліся і дамы будаваліся даўно, шмат чаго змянілася ў заканадаўстве. Новы ўказ Прэзідэнта яшчэ раз дазваляе пераканацца, што мы глыбока сацыяльна арыентаваная дзяржава, дзе ўсё робіцца для людзей.
Чалавек, які нешта будуе, не заўсёды суадносіць гэта з заканадаўствам. Але калі ён гэта робіць, то для таго, каб застацца тут і жыць. І магчымасць узаконіць ужо пабудаванае дазваляе яму не страціць тыя грошы, якія ён уклаў у незаконнае будаўніцтва. Раней падчас прыёмаў грамадзян зваротаў на гэтую тэму было вельмі шмат.
Высвятлялася, што гаспадарчыя пабудовы, а дзесьці і сам дом заяўніка выходзілі за межы ўчастка. Цяпер гэтыя межы вельмі дакладна вызначаюцца з дапамогай спадарожніка. Калі такія факты мелі месца, даходзіла нават да таго, што пабудову трэба было знесці. Новы Кодэкс аб зямлі і ўказы Прэзідэнта дазваляюць узаконіць усе пабудовы. І тым самым урэгуляваць масу пытанняў, якія раней вырашаліся выключна праз суд.
Мы як дэпутаты вывучаем праблемы нашых грамадзян, цікавімся, з якімі цяжкасцямі яны сутыкаюцца, акумулюем іх заўвагі, а потым усё гэта аналізуецца і знаходзіць адлюстраванне ў заканадаўчых актах. Для таго, каб беларусам жылося і працавалася на сваёй зямлі спакойна і зручна. Каб яны стварылі сваё радавое гняздо ў адпаведнасці
са сваімі запытамі, для сябе і сваіх нашчадкаў.
І пры гэтым засталіся ў рамках закона, не былі парушальнікамі. Часам ім становішся не наўмысна, па няведанні. Новы ўказ дае магчымасць выправіць памылку і зарэгістраваць свае збудаванні. Тым больш што вёска адраджаецца, і дзяржава зацікаўленая, каб людзі вярталіся туды. Знамянальна, што гэта адбываецца ў Год добраўпарадкавання. Сама назва года падразумявае, як важна ствараць добрыя ўмовы для жыцця. Для кожнага чалавека добраўпарадкаванне пачынаецца менавіта са свайго дома, асабістага падворка. Спачатку трэба прывесці ў парадак тое, што бліжэй да цябе, а пасля з’явіцца ахвота стварыць прыгажосць на сваёй
вуліцы, у населеным пункце, каб месца жыцця
было камфортным і зручным.