У гэтым годзе прафсаюзная спартыўная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву святкуе свой першы юбілей — 10 гадоў з дня заснавання. Адкрываюць цыкл урачыстых мерапрыемстваў спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы сярод дзяцей 9-13 гадоў. Дзеці сабраліся ў сталіцы з усёй Мінскай вобласці. На спаборніцтвы заявіліся больш за 300 чалавек.
Пляцоўкай правядзення выбрана дамашняя арэна спартыўнай школы — лёгкаатлетычны манеж БДУФК. Старты сталі сапраўдным святам спорту, здароўя і сяброўства, бо менавіта лёгкая атлетыка — самае масавае аддзяленне школы, дзе займаюцца дзясяткі юных лёгкаатлетаў. Усе ўдзельнікі спартыўных стартаў імкнуліся паказаць свой лепшы вынік і былі нацэлены на перамогу.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў і гасцей спаборніцтваў звярнулася намеснік старшыні ФПБ Таццяна Філімонава.
— Для Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі вельмі важна, каб дзеткі нашых работнікаў, якія з’яўляюцца членамі прафсаюза, былі занятыя карыснай справай. Каб мелі магчымасць свае эмоцыі ўвасобіць у фізічную культуру, спорт. Сёння па ўсёй краіне функцыянуюць 92 прафсаюзныя спартыўныя школы, у якіх культывуюцца 52 віды спорту. Радуе, што з кожным годам колькасць дзяцей, якія займаюцца ў нашых спартыўных школах, расце, — адзначыла Таццяна Філімонава.
Намеснік старшыні ФПБ удакладніла, што больш за 30 % у складзе нацыянальных зборных Рэспублікі Беларусь па розных відах спорту складаюць выпускнікі спартыўных прафсаюзных школ.
— На працягу дзесяцігоддзяў нашы спартшколы займаюць лідзіруючыя пазіцыі. У тым ліку дзякуючы падтрымцы ФПБ, яе сяброўскіх арганізацый, якія аказваюць актыўную фінансавую, арганізацыйную дапамогу. Я перакананая, што гэта паспрыяе яшчэ больш інтэнсіўнаму развіццю нашых прафсаюзных школ. І нашы дзеці будуць паказваць на спартыўнай арэне яшчэ больш высокія вынікі, — дадала Таццяна Філімонава.
СДЮШАР «Буравеснік» можна назваць прыкладам яднання хлопчыкаў і дзяўчынак дзеля дасягнення высокіх мэт не толькі ў спорце, але і ў жыцці. А яшчэ гэта прыклад таго, як прафсаюзная ініцыятыва становіцца важнай часткай грамадскага жыцця і дапамагае дзецям расці моцнымі, актыўнымі і ўпэўненымі ў сабе. За 10 гадоў існавання спартшкола падрыхтавала дзясяткі спартсменаў-чэмпіёнаў. Сёння звыш 40 спартсменаў-навучэнцаў з’яўляюцца членамі нацыянальнай зборнай па розных відах спорту. Толькі за мінулы год у вышэйшае звяно перададзены 19 хлопчыкаў і дзяўчынак.
— Нашы дзеці занятыя карыснай справай. Выхоўваем у іх мэтанакіраванасць, самадысцыпліну і камандны дух. Гэта вынік упартых трэніровак. Нам прадастаўлена цудоўная база, дзеці прыходзяць сюды з задавальненнем. Акрамя таго, у нас трэніруюцца хлопцы і дзяўчаты розных нацыянальнасцяў. І гэта фарміруе ў дзяцей павагу да саперніка, матывуе на добрае і прыстойнае стаўленне адзін да аднаго. Бацькоў падключаем да навучальна-трэніровачнага працэсу. Можна сказаць, разам дасягаем вынікаў, каб дзіця не згубілася на вуліцы, а прыйшло ў спартыўную залу, каб трэнер разгледзеў яго здольнасці, паставіў задачу, якую трэба выканаць, — расказала Ірына Хацяновіч, дырэктар СДЮШАР «Буравеснік».
Нагадаем, адкрытыя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы — гэта адно з маштабных мерапрыемстваў, прымеркаваных да юбілею прафсаюзнай спартыўнай школы. У найбліжэйшы час плануецца правесці яшчэ некалькі спартыўных і святочных акцый, майстар-класаў, прысвечаных развіццю дзіцячага спорту і ўмацаванню традыцый прафсаюзнага руху.
Трэба адзначыць, што ў цэлым сёння ў «Буравесніку» трэніруюцца 450 хлопчыкаў і дзяўчынак па 7 відах спорту — каратэ, дзюдо, кікбоксінг, тайскі бокс, самба, лёгкая атлетыка і танцавальны спорт. Дарэчы, апошні від спорту адкрылі літаральна летась. І ў вучняў ужо ёсць чым ганарыцца. Літаральна днямі яны вярнуліся з 4-м месцам на чэмпіянаце свету, які праходзіў у Румыніі.
Алена КРАВЕЦ