Валерый Маскалёў захапіўся фатаграфіяй яшчэ ў дзяцінстве, яе асновам яго навучыў бацька.
Гэта і прадвызначыла лёс падлетка. З фотаапаратам ён болей не развітваўся. На нейкі час адкладваў яго ўбок, але потым браў зноў. Яго фотаработы друкаваліся ў вядомых саюзных, рэспубліканскіх і мясцовых выданнях. Зараз іх можна ўбачыць не толькі ў друку, але і ў сацыяльных сетках. Першая персанальная выстава таленавітага майстра фота прайшла ў 1979 годзе, калі ён вучыўся на факультэце журналістыкі ў БДУ. Сёння Валерый Маскалёў — удзельнік шматлікіх фотавыставак і конкурсаў. У 2021 годзе каля двухсот яго фотаздымкаў займалі прызавыя месцы. Апошнія шэсць гадоў ён актыўна супрацоўнічае з Магілёўскім народным фотаклубам «Вясёлка». Тры гады таму ў фотаклубе экспанавалася яго персанальная выстава «Ёсць толькі імгненне...». У тым жа годзе ён ажыццявіў сацыяльны фотапраект «Дом, дзе жыве любоў» аб дзецях, якія пакутуюць на псіхічныя захворванні. Дэманстрацыя гэтага праекта праходзіла таксама ў Музеі гісторыі Магілёва. У 2025 годзе ў фотаклубе азнаёміліся з яго дынамічнай фотасправаздачай «Падарожжа ў Сярэднявечча».

Любімыя жанры фотамастака — партрэт, рэпартаж, пейзаж, стрыт-фота, жанравая фатаграфія. Амаль усе яны прысутнічаюць на выставе ў мастацкім музеі імя П. Масленікава ў Магілёве пад назвай «Свет бясконца розны. 7*10».

Свет Валерыя Маскалёва сапраўды бясконцы і розны. Ёсць моманты афіцыйных сустрэч, свят, спартыўных спаборніцтваў, лірычныя адступленні. Схопленыя імгненні настолькі жывыя і дынамічныя, што ловіш сябе на думцы: Станіслаўскі гэтаму б паверыў. Фотавыстава цікавая яшчэ і тым, што ахоплівае вялікі па часе адрэзак — ад савецкага мінулага да сённяшніх дзён. І лепш убачыць яе на свае вочы. Выстава працуе да 1 лістапада. Настрой гарантаваны.
.jpg)
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва Валерыя МАСКАЛЁВА