Штодзень мы робім той ці іншы выбар. Некаторым з іх мы надаем глыбокі сэнс і верым, што ад іх залежыць наш лёс. І каб зрабіць такі крок, мы доўга і адказна рыхтуемся, аналізуем магчымыя вынікі, параўноўваем, каб выбраць найлепшы варыянт. Адным з падобных з’яўляецца выбар будучыні для сваёй краіны. Выбар яе кіраўніка — Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Аднак ёсць людзі, якія загадзя прынялі яшчэ адно даволі важнае рашэнне: стаць валанцёрамі, каб у гэты адказны тыдзень усім, хто прыйдзе аддаць свой голас за будучыню краіны, было значна прасцей.
«Нам падабаецца быць актыўнымі»
Ганна Цапар — вучаніца 11 класа Шклоўскай гімназіі. Ёй пакуль 17 гадоў, але яна ўжо цікавіцца выбарамі і выказала жаданне папрацаваць сёлета на выбарчым участку ў якасці валанцёра.
— Мы з сяброўкамі звярнуліся ў наш раённы камітэт БРСМ і прапанавалі свае паслугі на выбарах, — расказвае Ганна. — Вельмі цікава паглядзець з боку, як праходзіць працэс галасавання.
Акрамя яе, жаданне быць валанцёрамі на выбарах выказалі яшчэ некалькі дзяўчат і юнакоў з 10–11 класаў. Гэта актыўная моладзь, якая ўдзельнічае ў грамадскім жыцці раёна, усіх маладзёжных акцыях і праектах. На думку суразмоўніцы, нічога складанага ў валанцёрскай дзейнасці няма. Рабі добрую справу, і болей ад цябе нічога не патрабуецца. Магчыма, на выбарах спатрэбіцца дапамога нейкай бабульцы або чалавеку з абмежаванымі магчымасцямі. У камісіі і без гэтага хапае спраў, і трэба, каб нехта быў на падхваце. Юных памочнікаў выбаршчыкі змогуць пазнаць па футболках з сімволікай БРСМ і па бэйджах, на якіх будзе пазначана: валанцёр.
— Летам мы працавалі ад БРСМ у будатрадзе, атрымалі шмат новых уражанняў ад сумеснай дзейнасці, — прыводзіць прыклад Ганна. — Нам усё цікава. Мы з сяброўкамі гатовы заўсёды прыйсці на дапамогу. І спяваем, і танцуем, і працуем усюды, куды нас запросяць.
Што датычыцца выбараў, то для краіны гэта вельмі адказны крок, лічыць школьніца.
— Важны голас кожнага, — перакананая яна. — Каб у нас было спакойнае жыццё, мірнае неба над галавой. Чалавек, які любіць сваю краіну, павінен абавязкова ўдзельнічаць у выбарах. Важна, каб як мага больш людзей выказалася за стабільнасць, за развіццё Беларусі. У нас у краіне шмат цікавых маладзёжных праграм рэалізуецца, развіваюцца спорт, культура. І мне хочацца таксама рабіць нешта важнае і патрэбнае.
«Прадэманстраваць сваю пазіцыю»
Лізавета Арлова, педагог-арганізатар, сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ Чэрыкаўскай школы № 1 імя Героя Савецкага Саюза Я. Нікалаенкі:
— Асабіста ў мяне ўжо ёсць вопыт работы валанцёрам на выбарах, упершыню працавала летась на Адзіным дні галасавання, — расказвае яна. — Наогул валанцёрства — адзін з кірункаў маёй работы. Два гады таму, калі я прыйшла працаваць у гэтую школу, прапанавала стварыць атрады валанцёраў. На сённяшні дзень іх два: у адзін уваходзяць піянеры 6–7 класаў, у другі, пад назвай «Міласэрнасць», вучні старшых 9–11 класаў.
У кожным па 12 чалавек. Наша дзейнасць звязаная з дапамогай ветэранам, навядзеннем парадку на воінскіх пахаваннях, ратаваннем жывёл і іншымі добрымі справамі.
Летась я прапанавала раённай арганізацыі БРСМ прыцягнуць нашых школьнікаў у якасці валанцёраў на выбары. Вопыт атрымалі карысны. Дапамагалі маламабільным людзям, пажылым грамадзянам і іншым, каму спатрэбілася дапамога. Калі чалавеку было цяжка дайсці да кабінкі, суправаджалі. Быў выпадак, калі праводзілі і дадому. Дзяжурылі па два валанцёры на датэрміновым галасаванні, а ў дзень выбараў валанцёраў было болей. Дзецям падабаецца гэта дзейнасць. Іх і настаўнікі запрыкмецілі. Да таго ж яны дэманструюць усім сваю пазіцыю. У кожнага нашага валанцёра ёсць кніжка, дзе мы фіксуем іх грамадскую дзейнасць і потым запісваем у характарыстыку.
Мы ўжо падрыхтаваліся і да гэтых выбараў. Кожнаму дала памятку, дзе напісана, што павінен рабіць валанцёр. Гэта ж вельмі адказна. Падабралі дзяцей больш вынослівых, якія дакладна змогуць справіцца з абавязкамі, якім гэта цікава, якія не баяцца размаўляць з людзьмі, не саромяцца. У іх я перакананая як у самой сабе.
«Я люблю сваю Радзіму...»
У ліку тых, хто будзе дапамагаць сваім аднавяскоўцам на выбарчым участку, — Аліна Карпава з Віцебскага раёна.
Дзяўчына вучыцца ў 10 класе Ноўкінскай сярэдняй школы Віцебскага раёна. «Спартсменка, актывістка і проста прыгажуня» — так па канонах савецкага кінематографа характарызуюць дзяўчыну не толькі сябры, але і настаўнікі школы.
І нездарма, бо акрамя выдатных поспехаў у вучобе, Аліна з’яўляецца актыўным членам школьнага і раённага БРСМ, прымае ўдзел практычна ў кожным школьным конкурсе, а яшчэ займаецца ў ваенна-патрыятычным клубе «Волат», які працуе на базе ўстановы адукацыі.
«Калі ў школе сказалі, што шукаюць валанцёраў на выбарчы ўчастак, я без сумнення згадзілася і запісалася ў шэрагі добраахвотнікаў. Чаму? Я люблю сваю Радзіму, ганаруся тым, як квітнее наша краіна. Я хачу, каб так было і надалей. Нягледзячы на тое, што мне 15 і галасаваць пакуль не маю права, я магу дапамагчы сваім аднавяскоўцам і блізкім, якія прыйдуць на выбарчы ўчастак. І ўвогуле мы з сябрамі, якія таксама будуць валанцёрамі, упэўнены, што да вялікага свята, якое плануецца ў асноўны дзень галасавання 26 студзеня, мы таксама зможам прыкласці руку і застацца ў гісторыі нашай Беларусі», — дзеліцца разважаннямі Аліна.
Дзяўчыну і яшчэ некалькі старшакласнікаў задзейнічаюць на выбарчым участку, які знаходзіцца ў Доме культуры. Таксама ноўкінскія школьнікі будуць дапамагаць на ўчастках, якія размяшчаюцца ў мясцовым сельскім Савеце і на базе Сасноўскага дома культуры. Галоўная функцыя валанцёраў — дапамагаць людзям з абмежаванымі магчымасцямі і пажылым грамадзянам прайсці на ўчастак, аказваць дапамогу маладым мамам з дзіцячымі каляскамі, быць гатовым аказаць хуткую медыцынскую дапамогу па патрэбе. Перад выбарчай кампаніяй з валанцёрамі Ноўкінскай школы правялі адукацыйныя інтэнсівы і майстар-класы. Таму Аліна, як і яе таварышы, упэўнена, што 26 студзеня ў моладзі Віцебскага раёна ўсё атрымаецца на вышэйшым узроўні.
«Вырашаць сёння, якім будзе заўтра»
Дзіяна Ліцкевіч, валанцёр на выбарчым участку № 17, УА «Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт».
— Рашэнне валанцёрстваваць на ўчастку прыняла імгненна, без роздумаў. Я, як і многія валанцёры, знаходжу радасць і задавальненне ў тым, што раблю, і гэта прыносіць мне шчасце. Дапамагаць людзям у розных сітуацыях у такі важны час для нашай краіны — гэта абавязак кожнага адказнага грамадзяніна. Удзел у выбарах спрыяе фарміраванню палітычнай культуры, заснаванай на дасведчанасці, актыўнасці і адказнасці грамадзян. Актыўны ўдзел можа дапамагчы разбурыць стэрэатыпы, што моладзь ці пэўныя групы насельніцтва не зацікаўленыя ў палітыцы. Таксама выбары Прэзідэнта ўплываюць на далейшы кірунак развіцця краіны, уключаючы эканоміку, ахову здароўя, адукацыю і знешнія адносіны. Голас дапамагае вызначыць, якой стане наша будучыня.
На выбарчым участку я, як валанцёр, дапамагаю арыентавацца людзям, якія прыйшлі на галасаванне. Накіроўваю іх у патрэбнае месца. Калі гэта сталы чалавек, то, безумоўна, дапамагу дайсці і падкажу якую-небудзь інфармацыю. Для мяне вельмі важна быць часткай выбарчага працэсу, паколькі мы, моладзь, — будучыня нашай краіны. Прымаючы ўдзел у галасаванні, кожны з нас аддае доўг сваёй Радзіме. Мы паказваем, што нам неабыякавы лёс нашай Беларусі. Варта вырашаць цяпер, якім будзе заўтра!
Фота з архіва герояў
Прэв’ю Віктара ІВАНЧЫКАВА