Гэта здарылася позняй вясной гадоў восем таму. Сужэнцы Генадзь і Марына не мелі клопату, як той казаў, — з’ездзілі на базар, купілі парсючка. А ўжо ж невялічкага, рабенькага, з доўгім лычыкам... Ну хоць карціну з яго малюй! Ніводнаму з папярэднікаў гаспадары мянушак не прыдумлялі, а вось гэтага Марына Федзем назвала.
У катуху саломкі яму паслала, ежу штодня малачком бяліла (балазе кароўка свая)... Зажыў гадаванец! Але ж неяк пайшла гаспадыня шАтацца (так у нас кажуць пра догляд гаспадаркі) і заўважыла, што дзверцы ў катушку ледзь трымаюцца... Папрасіла гаспадара паправіць. Таму, беднаму, часу не было (памагаў суседу гараж будаваць) — дзверцы адлажыў на заўтра... А назаўтра ўжо і патрэбы не было, бо... не было Федзі. Знік гадаванец! Шукаючы, Гена з Марынай аббегалі ўсю вёску, пыталіся, ці бачыў хто. Не!.. Парсючок як скрозь зямлю праваліўся!
Некалькі дзён у гаспадароў яшчэ цеплілася надзея, што знойдзецца, але ж потым прапала і яна.
...Тым часам лета настала. Па вёсцы сталі чуткі папаўзлі пра дзіва дзіўнае: адной кабеце, калі з ягад ішла, дарогу перабег невялікі дзічок (праўда, чамусьці рабенькі?), другі чалавек — у лесе парася сустрэў.
Трэцім быў паляўнічы.
Машыну ён пакінуў на ўзлеску, сам ішоў па сцежцы паміж лесам і кукурузным полем, калі сабака раптам сарваўся з месца, кінуўся ў гушчар і стаў так залівіста брахаць... «З чаго б?» — падумаў паляўнічы, скіраваўшы на голас, і ўбачыў кабанчыка, якога сабака загнаў пад выварацень у ямку, з якой, што называецца, ні ўзад ні ўперад... Факт, што паляўнічаму заставалася хіба злаўчыцца і злавіць бедака, потым занесці ў багажнік аўтамабіля, прывезці дамоў і, зразумела ж, пахваліцца трафеем.
...Чуткі пра яго хутка абляцелі вёску і ваколіцы, дайшлі да Марыны. «Дык гэта ж мой Федзя!» — па прыкметах здагадалася яна, прыхапіла барыш і разам з мужам паехалі да паляўнічага. Расказалі яму пра сваю ўжо досыць даўнюю страту, апісалі і лычык, і памеры чорных плям на спінцы... Сумненняў не заставалася: гэта Федзя.
Убачыўшы яго, Марына з Генам вельмі здзівіліся: ён так падрос! Раней, гадуючы парасят, яны столькі клопатаў мелі: то ядуць, то нешта не ядуць, то пахварэюць... Гэтае самапасам жыло! Ну хіба ж не цуд!
Усю дарогу дамоў Федзя ехаў у легкавушцы, можна сказаць, на каленях у гаспадыні. Дома яна зварыла бульбачкі, стаўкла, заліла сырадоем... Не есць кабанчык! Запарыла яму камбікорм — таксама лычык свой верне!
Успомнілі тады, што жыў парсючок на падножным корме, побач з кукурузным полем. Прыйшлося (чаго не зробіш для Федзі?!) нейкі час пахадзіць па катахі.
Нэлі ТУМАШ
Смаргонскі раён