Top.Mail.Ru

Чаму дырэктар Слаўгарадскай СШ № 2 лічыць космас роднай стыхіяй?

Леанід Качанаў у сістэме адукацыі не адзін дзесятак гадоў, але космас лічыць для сябе роднай стыхіяй. У 1986-м яму пашчасціла служыць у адной з касмічных воінскіх часцей Савецкага Саюза.


— Армія ёсць армія, там, як і ўсюды, хапае складанасцяў, але пры ўспаміне пра гады службы на сэрцы становіцца цёпла, — прызнаецца настаўнік. — Я лічу, што мне вельмі пашчасціла датыкнуцца да самай перадавой на той час вобласці навукі — асваення космасу.

Воінская часць, дзе праходзіў тэрміновую службу радавы Качанаў, называлася НВП-10 (наземны вымяральны пункт), які забяспечваў кіраванне і палёт касмічных апаратаў. Такіх пунктаў было ў Савецкім Саюзе шмат, як, дарэчы, і саміх касмічных апаратаў. Той, куды трапіў суразмоўнік, знаходзіўся ў Крыме ў раёне пасёлка Школьнае, недалёка ад Сімферопаля. Месца, дзе ў сярэднім 280 сонечных дзён у годзе. Гэты наземны вымяральны пункт быў заснаваны ў 1957 годзе, і тут неаднаразова бывалі вядомыя касманаўты, у тым ліку Юрый Гагарын, канструктар Сяргей Каралёў, а таксама былы генеральны сакратар ЦК КПСС Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў.

— Мне давялося праходзіць там тэрміновую службу з 1986 па 1988 гады, — расказвае Леанід. — Часць была сакрэтная, нават самым блізкім людзям мы не мелі права расказваць пра яе. Для іх у нас існавала легенда, што мы забяспечваем сувязь з далёкай авіяцыяй. І яшчэ на працягу пяці гадоў пасля службы не мелі права расказваць. Калі я трапіў туды, вельмі здзівіўся, што сувязь з космасам забяспечваюць звычайныя салдаты. Асабісты склад быў настолькі падрыхтаваны, што ён самастойна мог правесці любы сеанс сувязі. Абсталяванне, якім карысталіся, лічылася самым перадавым на той час і каштавала велізарных грошай. Складаная тэхніка з мігаючымі святладыёдамі працавала на дваічным кодзе і ніколі не давала збояў.

Цікавасць да часці з боку іншаземных агентаў была вялікая. Суразмоўнік успамінае нашумелы выпадак, калі нейкі шпіён употай зрабіў здымак аднаго з будынкаў часці, які быў апублікаваны ў замежнай прэсе.

— Павышаная ўвага да нашага НВП зразумелая, — кажа Леанід. — На яго тэрыторыі адбывалася шмат цікавых даследаванняў. Напрыклад, перад запускам на Месяц у нас праходзіў выпрабаванні месяцаход. Тамтэйшы грунт вельмі падобны на той, што на Месяцы.

У арміі Леанід засвоіў тры спецыяльнасці, асноўнай з якіх была аператар праграмнага навядзення антэны станцыі «Рамонак» — найноўшы эксперыментальны тэлеметрычны комплекс МА-9МКТМ-4-3. Малады салдат займаўся вымярэннямі на адлегласці — здабываў інфармацыю аб стане борта. Падбор персаналу быў асаблівым, работа — вельмі сакрэтнай і адказнай. Спатрэбіліся веды па фізіцы і геаграфіі.

— Адкрыццём для мяне стала тое, як шмат на арбіце знаходзіцца апаратаў, — расказвае падрабязнасці суразмоўнік. — У Савецкім Саюзе гэты факт не агучваўся, людзі ведалі, што нешта там запусцілі, але нават не дагадваліся аб маштабах. Адным словам, работы ў нас было шмат, працавалі суткамі... 

Памылка пры вымярэнні прыводзіла да страты сігналу і сувязі. І Леанід ганарыцца, што такіх прамашак у яго рабоце не было. Успамінае кур’ёзны выпадак, калі ў 1987 годзе малпы, якіх з нейкай мэтай закінулі на арбіту, адвязаліся і пачалі шкодзіць. Камандаванне дало загад тэрмінова саджаць іх на зямлю.

Леанід удзельнічаў у запусках апаратаў на Венеру і Марс. З нецярпеннем чакаў — і яго таксама да гэтага вельмі сур’ёзна рыхтавалі — запуск шматразовага чоўна «Буран» у аўтаматычным рэжыме палёту і пасадкі. Запуск гэты адбыўся, але пазней. Леанід ужо ў ім не ўдзельнічаў — тэрмін яго службы скончыўся.

На жаль, праект з «Буранам» не атрымаў далейшага развіцця з-за развалу СССР. Вядома, што савецкі аналаг распрацоўваўся ў процівагу амерыканскаму «Шатлу», з дапамогай якога амерыканцы хацелі мець перавагі ў космасе. Савецкі «Буран» атрымаўся больш грунтоўны і манеўраны і пераўзыходзіў амерыканскі касмічны карабель.

Вайсковая часць 14109, яна ж НВП-10 праіснавала да 19 сакавіка 1997 года. Цяпер ад яе застаўся толькі пасёлак, дзе жывуць ветэраны былога касмічнага падраздзялення.

— Аўтарытэт нашых камандзіраў, як і іх дасведчанасць у кіраванні найноўшай апаратурай, былі вельмі высокія, — кажа Леанід. — Яны былі для нас узорам належнай выпраўкі, стойкасці, мелі глыбокія інжынерная веды. Мы, тэрміновыя служачыя, разумелі, наколькі адказныя і важныя задачы выконваем. Таму самадысцыпліна была жалезная. Мы адказвалі за тых, хто знаходзіцца на арбіце, і наогул за тое, што там адбываецца. Магчыма, нехта, хто меў дачыненне да касмічных войскаў, пачытае гэтыя радкі і адгукнецца. Было б цікава абмяняцца ўспамінамі. Фота таго перыяду, на жаль, не засталося. Іх наогул не дазвалялася рабіць. Але найлепшае фота — гэта наша памяць. Усіх аднапалчан з Днём касманаўтыкі!

Фота з архіва Леаніда КАЧАНАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю