Top.Mail.Ru

Чаму ў Прыбалтыцы не чакаюць мігрантаў?

У апошнія тыдні ў публічную прастору краін Прыбалтыкі зноў актыўна ўварвалася тэма незаконнай міграцыі.


Днямі Служба аховы дзяржаўнай граніцы Літвы паведаміла аб выяўленні двух падземных тунэляў саматужнай пабудовы, якія нібыта прызначаліся для пранікнення нелегальных мігрантаў з Беларусі ў Літву. Праўда, па заяве літоўскіх пагранічнікаў, абодва падземныя хады не былі скончаны, і мігранты імі скарыстацца не паспелі. Ды і ў цэлым, нейкая каламутная гісторыя: напрыклад, тунэль каля вёскі Пертакас у Варэнскім раёне, калі меркаваць па апублікаваных відэакадрах і прадстаўленай інфармацыі, пачынаўся фактычна на літоўскім беразе невялікай рачулкі, што служыла мяжой паміж краінамі, і павінен быў прайсці пад размешчаным удалечыні ад гразкіх берагоў металічным плотам. Так што дачыненне беларускага боку да гэтага інцыдэнту прыцягнута за вушы, усе падзеі адбываліся на тэрыторыі сумежнай з намі дзяржавы.

Хаця, зразумела, факты спроб нелегальнага перасячэння граніцы мігрантамі з краін Азіі, Афрыкі і Блізкага Усходу маюць месца. Вось толькі ў чым іх сапраўдныя прычыны, трэба разабрацца. Як і з тым, якое абыходжанне чакае на граніцах Прыбалтыкі людзей, якія прэтэндуюць на законнае права на міжнародную абарону, гарантаванае Хартыяй Еўрасаюза аб асноўных правах, а таксама міжнародным правам, у тым ліку Жэнеўскай канвенцыяй 1951 года.

Праблема незаконнай міграцыі на граніцах Беларусі з Латвіяй, Літвой і Польшчай стала адным з самых вострых і палітызаваных пытанняў у адносінах Мінска з Еўрапейскім саюзам у апошнія гады. Пачынаючы з 2021 года, калі паток мігрантаў з краін Блізкага Усходу, Афрыкі і Азіі рэзка павялічыўся, сітуацыя на граніцы ператварылася ў сапраўдны гуманітарны крызіс, які Захад спрабаваў выкарыстоўваць для палітычных маніпуляцый, выкарыстоўваючы гучныя словы аб нейкай спланаванай «гібрыднай пагрозе». Падобныя абвінавачванні гучаць гадамі і не мяняюць свайго зместу і танальнасці, даходзячы часам да ступені прамога абсурду.

Напрыклад, днямі прэм’ер-міністр Латвіі Андрыс Кулбергс заявіў у інтэрв’ю для Euronews, што Расія і Беларусь узмацняюць гібрыдную вайну супраць Прыбалтыкі. Пры гэтым ён спаслаўся на латвійскіх паранічнікаў, якія нібыта толькі за адны суткі зафіксавалі адразу 111 спроб незаконнага перасячэння з боку Беларусі! «Нас правяраюць, — заявіў Кулбергс. — Сёння гэта мая краіна, а заўтра падобны сцэнарый можа закрануць нашых суседзяў у Літве, Эстоніі, Фінляндыі ці Польшчы. Гэта гібрыдная пагроза, ваенная пагроза. Расія дзейнічае менавіта так». Якое дачыненне Расія мае да спроб нелегальнага перасячэння беларуска-латвійскай граніцы бежанцамі з краін, спустошаных еўрапейскім і амерыканскім уварваннем, бясконцымі войнамі і спробамі каланізатарства, так і засталося незразумела.

Насамрэч прычынай патоку мігрантаў з’яўляецца зусім не «гібрыдная атака» з боку Беларусі, як сцвярджаюць у Вільнюсе і Рызе, а сукупнасць глабальных фактараў, узмоцненых палітыкай самога Еўрасаюза. Сярод іх — адсутнасць легальных каналаў міграцыі, паколькі ЕС, уключаючы краіны Балтыі, паслядоўна ўзмацняе жорсткасць візавай палітыкі для грамадзян краін Блізкага Усходу, Афрыкі і Азіі, якія шукаюць прыстанішча ад войнаў, беднасці і кліматычных катастроф. І хоць асноўная частка бежанцаў, колькасць якіх вылічаецца дзясяткамі тысяч, выбірае паўднёвы маршрут, праз Міжземнае мора, але некаторыя аддаюць перавагу больш бяспечнаму сухапутнаму шляху, праз Беларусь. Для параўнання, у 2025 годзе ў ЕС прыбыло каля 178 тысяч нелегальных мігрантаў, з якіх па паўднёвым марскім маршруце — больш за 66 тысяч чалавек. А ў Латвію і Літву пранікла толькі крыху больш за 13 тысяч.

Пры гэтым афіцыйныя ведамствы Рэспублікі Беларусь ніякага дачынення да арганізацыі міграцыйных патокаў не маюць. Усё знаходзіцца ў руках крымінальных пасрэднікаў, якія бяруць на сябе ўсю лагістыку, ад пералёту ў Мінск і размяшчэння да трансферу да граніцы і дапамогі ў яе перасячэнні, а часам і далейшага перамяшчэння з краін Балтыі ў больш забяспечаныя дзяржавы Еўрасаюза. Зразумела, маючы з гэтага немалую выгаду. Як правіла, арганізатарамі нелегальнай міграцыі з’яўляюцца грамадзяне Еўрасаюза, так што еўрапейскім рупліўцам непранікальнасці граніц варта было б заняцца ўласнымі мафіёзнымі структурамі.

Беларусь пры гэтым зусім не абыякавая, а гатова дапамагаць абараняць граніцы Еўропы. Мінск неаднаразова прапаноўваў Бруселю зноў заключыць пагадненне аб рэадмісіі і сумесным кантролі граніц, якое ўжо было ў нашай практыцы, але было фактычна знішчана з-за ўведзеных Еўрасаюзам антыбеларускіх санкцый. У цяперашні час ЕС паслядоўна адмаўляецца ад перагавораў па гэтым пытанні, аддаючы перавагу абвінавачванням і аднабаковым мерам. Як нядаўна адзначаў першы намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрый Назаранка, суседнія краіны Еўрасаюза нават не спрабуюць наладзіць камунікацыю і дыялог, а таксама знайсці агульныя шляхі вырашэння праблемы на граніцы. Аднак ЕС актыўна супрацоўнічае па пытаннях міграцыі з Турцыяй, Лівіяй, Марока і іншымі краінамі, выплачвае ім мільярды еўра за стрымліванне плыняў бежанцаў. Аднак з Беларуссю такі дыялог чамусьці немагчымы. Што гэта, як не двайныя стандарты?!

Замест гэтага краіны Прыбалтыкі выбралі шлях гвалтоўнага выправаджэння мігрантаў і жорсткага абыходжання з бежанцамі, што выклікае сур’ёзную крытыку з боку праваабарончых арганізацый. Чарговы такі факт быў зафіксаваны 22 ліпеня, калі латвійскія СМІ паведамілі аб дзеяннях Нацыянальных узброеных сіл Латвіі супраць бежанцаў, падчас якіх ваенныя прымянілі слёзатачывы газ і нават зрабілі папераджальны стрэл у паветра. Аднак паводле інфармацыі беларускага боку, гісторыя была больш маштабнай і трагічнай: насамрэч латвійскія пагранічнікі пры падтрымцы ваенных здзекаваліся і жорстка збілі грамадзян Афганістана, нягледзячы на іх законныя просьбы прыняць хадайніцтвы аб прадастаўленні прыстанішча. Да мочак вушэй мігрантаў падносілі запальніцы з агнём, білі іх палкамі і прыстаўлялі зброю да галоў, а затым проста выштурхнулі на тэрыторыю Беларусі. Здзекі, масавыя «выштурхванні», ужыванне слёзатачывага газу, шумавых гранат, вадамётаў, гумавых куль і электрашокераў з боку латвійскіх і літоўскіх пагранічнікаў ужо сталі фірмовым знакам прыбалтыйскай «гасціннасці». Нядаўна ў літоўскіх сацыяльных сетках узнялася хваля абурэння сярод праваабаронцаў з-за фатаграфіі, на якой адлюстраваны пагранічнік, службовы сабака і чацвёра мігрантаў, якія стаяць на каленях. Але міністр унутраных спраў Літвы Марцінас Кацялінас заступіўся за падначаленага, заявіўшы, што той усяго толькі выконваў свае службовыя абавязкі.

Бежанцы, якія імкнуцца ў еўрапейскі «райскі сад», так напалохалі ўрад Латвіі, што ён нават запатрабаваў дапамогі ў суседзяў. Міністр унутраных спраў Латвіі Яніс Дамбрава, вядомы сваімі нацыяналістычнымі поглядамі, на мінулым тыдні заявіў, што Літва магла б накіраваць у Латвію не менш за сто пагранічнікаў. Крыху патаргаваўшыся, Вільнюс адправіў на ўзмацненне латвійскіх граніц 20 прагранічнікаў з сабакамі. Накіраваць у Латвію дадатковыя сілы для аховы знешняй граніцы Еўрасаюза днямі пагадзілася таксама і Эстонія, чый міністр унутраных спраў Ігар Таро заявіў: «Калі бегаць за мігрантамі па ўнутраных граніцах, рэсурс будзе выдаткаваны марна. Трэба секчы праблему пад корань — на знешняй граніцы».

Сітуацыя на граніцах Беларусі з Літвой і Латвіяй — гэта не проста пытанне міграцыі, а адлюстраванне больш глыбокіх праблем: адсутнасці легальных каналаў для бежанцаў, палітызацыі гуманітарных пытанняў і нежадання ЕС весці дыялог з непажаданымі рэжымамі. Жорсткасць, з якой краіны Балтыі выштурхваюць мігрантаў, супярэчыць еўрапейскім каштоўнасцям і міжнароднаму праву. Парадокс заключаецца ў тым, што, адмаўляючыся ад мігрантаў, Прыбалтыка падрывае ўласную эканоміку, якая без прытоку працоўнай сілы асуджаная на заняпад.

Адзіным выхадам з крызісу з’яўляецца вяртанне да дыпламатычнага дыялогу паміж Беларуссю і ЕС, стварэнне легальных каналаў міграцыі і гуманнае стаўленне да людзей, якія шукаюць прыстанішча. Пакуль жа граніца застаецца зонай пакут, а палітыкі аддаюць перавагу абмену абвінавачваннямі замест таго, каб ратаваць жыцці.

Аляксей Бяляеў, палітолаг

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю