З гэтай нагоды выданне павіншаваў міністр інфармацыі Марат Маркаў. Ён адзначыў, што «Іскра» служыць прыкладам вернасці лепшым прафесійным традыцыям і нястомнага імкнення да праўды.
— Створаная ў 30-я гады мінулага стагоддзя, ваша газета пераадолела сапраўды гераічны шлях, — падкрэсліў ён. — Прайшоўшы праз змену эпох і назваў — ад першапачатковай «Калгасны сцяг» да сённяшняй «Іскра», — яна заўсёды заставалася верная свайму прызванню: быць летапісам роднага краю. У суровыя ваенныя і пасляваенныя гады «раёнка» стала для жыхароў Чавускага раёна не проста крыніцай інфармацыі, але і сімвалам сувязі з вялікай краінай.
Міністр адзначыў, што, захоўваючы традыцыі, газета ўпэўнена глядзіць у заўтрашні дзень.
А інфармацыйнае прадстаўніцтва ў інтэрнэце chausynews.by задае высокія стандарты для ўсёй рэгіянальнай журналістыкі. За апошні час сутачная наведвальнасць сайта вырасла з 1700 да 38 000 унікальных наведвальнікаў. «Гэта бліскучы вынік, — падкрэсліў міністр. — 4,71 мільёна візітаў і 5,53 мільёна праглядаў старонак за год — найлепшы доказ таго, што „Іскра“ не проста захавала свайго чытача, але і істотна прымножыла яго колькасць».
Нэлі ЗІГУЛЯ