Чым цікавы Міжнародны маладзёжны тэатральны форум М.@rt.кантакт, дык гэта яшчэ сваімі каляфестывальнымі падзеямі. І адна з іх — круглыя сталы, дзе абмяркоўваюцца спектаклі папярэдняга дня. Той ці іншы тэатральны калектыў аказваецца пад прыцэлам аўтарытэтных тэатразнаўцаў і крытыкаў і трымае, як той сказаў, абарону. Вядома, што творчыя людзі вельмі ўразлівыя, а іх апаненты бываюць часам даволі бязлітаснымі ў ацэнках. Надоечы абмяркоўвалі ў тым ліку і пастаноўку Магілёўскага абласнога драмтэатра «Чайка». Мясцовыя жыхары яе ўжо паспелі і заўважыць, і палюбіць. Але цікава было пачуць меркаванне прафесіяналаў тэатральнага мастацтва. І яны не пашкадавалі... кампліментаў.
Член маладзёжнага журы, студэнт Расійскага інстытута тэатральнага мастацтва (ГИТИС) Міхаіл Асееў прызнаўся, што быў прыемна ўражаны такой падачай Чэхава.
— Я ніколі не бачыў, каб Аркадзіна ў нейкіх аспектах збліжалася з Шарлотай, Трыгорын імкнуўся быць падобным на Трэплева, Сорын збіжаўся з Фірсам з «Вішнёвага сада», Трэплеў нагадваў дзядзьку Ваню. Адбылося стварэнне нейкага мегасюжэта, мегатэкста, разважанне пра ўсяго Чэхава — гэта класная знаходка, на мой погляд.

Старшы выкладчык кафедры гісторыі музыкі і музычнай беларусістыкі Белдзяржакадэміі музыкі Надзея Бунцэвіч звярнула ўвагу на тое, што апошнім часам Чэхава падаюць або ў класічным варыянце, або пераносяць у сучаснасць і нешта там перарабляюць. У магілёўскім варыянце захавалася залатая сярэдзіна паміж тым і гэтым, бо нідзе не парушаны законы вельмі важнага для Чэхава псіхалагічнага тэатра. Больш таго прасочаны тыя лінія, якія застаюцца на другім плане. Тут яны ўзбагачаюць спектакль новымі ўзаемаадносінамі.

Кіраўнік Цэнтра беларускай драматургіі пры РТБД (Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі) Анастасія Васілевіч адзначыла, што ўсё ў спектаклі ўспрымаецца інакш — даверліва, наіўна і пяшчотна. Іншыя ў гэтым жа спектаклі часцей за ўсё паказваюць знешні свет, унутры якога віруюць пачуцці, але якіх глядач не бачыць і нешта павінен дадумваць. А тут нам паказалі «гэтакую звар’яцелую сям’ю, якой яна і з’яўляецца ў Чэхава».
— Адчувалася, што пластычныя мізансцэны сыходзілі ад рэжысёра, — падзялілася думкамі пра спектакль заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, рэжысёр-пастаноўшчык Нацыянальнага акадэмічнага драмтэатра імя М. Горкага Валянціна Еранькова. — Было бачна, як зараджаецца неабходнасць у з’яўленні таго ці іншага персанажа менавіта праз пэўныя пластычныя рухі. Аркадзіна ў ролі Алены Крыванос непараўнальная. Я ведала, што Алена — артыстка ад Бога. Яна не толькі ўразіць і здзівіць, яна наогул перакуліць. Але зноў-такі ў садружнасці і сааўтарстве з рэжысёрам.

Не засталіся не заўважанымі акцёры, якія абслугоўвалі спектакль, працавалі над з’яўленнем дэкарацый і самі былі часткай гэтага спектакля. А галоўнага рэжысёра і рэжысёра-пастаноўшчыка Камілю Хусаінаву Валянціна Еранькова назвала сапраўдным майстрам, адкрыццём і падзеяй.
— Гэты спектакль абавязкова павінен быць на Нацыянальнай прэміі ў Мінску, яго абавязкова павінны там убачыць, — падкрэсліла тэатразнаўца. — Асабіста я пасля прагляду спектакля доўга не магла заснуць, увесь час была ў акружэнні гэтых персанажаў, у гэтай інтанацыі. І ўвесь час у мяне ў вушах гучалі радкі верша Федэрыка Гарсія Лоркі «гэты вальс з перабітым крылом». Дзякуй, вам за цудоўны спектакль.
Доктар мастацтвазнаўства, старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Вераніка Ермалінская прызналася, што работа ўсіх узрушыла. І гэта пры тым, што кожны з крытыкаў па-свойму бачыць спектакль, і такое супадзенне бывае рэдка.
— Лічу, што Каміля Хусаінава — адна з яркіх рэжысёраў беларускага тэатра, — адзначыла Вераніка Ермалінская. — Пасля праглядаў спектакляў Магілёўскага драмтэатра бачна, што гэта тэатр не правінцыяльны. Гэта тэатр з выдатнымі традыцыямі і цікавым сучасным існаваннем.

Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара