Top.Mail.Ru

Чэрыкаў робіць стаўку на прыгажосць

Чатыры гады запар раён лідзіруе ў рэспубліканскім конкурсе па добраўпарадкаванні І ўсё гэта дзякуючы Чэрыкаўскаму жылкамунгасу. Адметна, што Васіль Чарняцоў не толькі яго кіраўнік, ён яшчэ і дэпутат райсавета ад Інтэрнацыянальнай выбарчай акругі № 4. «А гэта вельмі дысцыплінуе і яшчэ да большага абавязвае», — адзначае суразмоўнік.


Звароты ад грамадзян на мінімуме

Сам па сабе факт незвычайны. Здаецца, што камуналка і адсутнасць скаргаў — паняцці несумяшчальныя. Але ў Чэрыкаве імкнуцца да дасканаласці. Сярод мэтавых паказчыкаў ёсць заданне па зніжэнні зваротаў грамадзян прэтэнзійнага характару да асноўных жыллёва-камунальных паслуг. Летась па плане прадпрыемству трэба было паменшыць іх на 1,5 %. Зніжэнне адбылося больш чым на 10 %.

— Цалкам без зваротаў у нашай рабоце справа не абыходзіцца, — удакладняе дырэктар. — Многія з іх маюць сезоннасць. Выпаў снег — людзі тэлефануюць: слізка. Пачынаецца ацяпляльны сезон: холадна, батарэі слаба грэюць. Пытанні ёсць заўсёды, і гэта нармальна. Галоўнае, своечасова на іх рэагаваць. Звароты — гэта індыкатар спрыяльнага асяроддзя пражывання нашых грамадзян.

Чэрыкаўскі жылкамунгас — адно з бюджэтаўтваральных прадпрыемстваў раёна і адно з самых буйных. На ім пастаянна працуюць каля 150 чалавек. Ёсць нават так званыя філіялы — участкі жылкамунгаса ў аграгарадках Верамейкі і Майскі. Прычым дастаткова буйныя. У тых жа Верамейках, дзе жывуць каля 1500 чалавек, ёсць нават інтэрнат. Сіл і сродкаў для эфектыўнай дзейнасці хапае.

— Стабільна працуем, паспяхова выконваем паказчыкі, пры гэтым у нас практычна самая высокая ў вобласці нагрузка, — удакладняе Васіль Чарняцоў. — Асноўныя нашы задачы — аказанне насельніцтву камунальных паслуг — тых, якія значацца ў жыроўцы. Прычым якасных. Спажывец мае права спытаць з нас за тое, за што ён плаціць.

І грошы зарабляем, і насельніцтва задавальняем

Камунальная сфера — не надта багатая галіна, вельмі часта там скардзяцца на недахоп сродкаў. Васіль Чарняцоў лічыць, што гэта ад няспрытнасці. Чэрыкаўскі жылкамунгас працуе рэнтабельна, не прапускае магчымасці прыцягнуць дадатковыя фінансы.

— Каб праца была рэнтабельная, трэба, з аднаго боку, нарошчваць аб’ёмы дзейнасці, з другога — аптымізаваць выдаткі, — тлумачыць кіраўнік. — Мы вось нядрэнна працуем па дадатковых платных паслугах. Будаўніча-мантажных работ летась выканалі на 2,5 мільёна рублёў. Гэта ўсё дадатковыя нашы даходы. Атрымалі ліцэнзію на праверку вентканалаў, адкрылі сваю лабараторыю, аказваем паслугі і суседнім раёнам. Бягучыя і капітальныя рамонты выконваем, у тым ліку іншым арганізацыям. Зімой жывём за кошт цяпла, а летам трэба зарабляць. Гэта спецыфіка нашай галіны. Асабіста мы ўлетку зарабляем за кошт будоўлі. І прадпрыемства стабільна працуе, і людзі грошы зарабляюць, і раён становіцца больш прыгожым і камфортным.

Зялёныя дворыкі і ўтульныя скверы

Летась у Чэрыкаве добраўпарадкавалі некалькі дваровых тэрыторый, у тым ліку і стары двор у раёне вуліцы Ленінскай, дзе не было нармальных пешаходных пераходаў і пляцовак. Сіламі камунальнікаў пабудаваны пад’язныя шляхі, зроблены парковачныя месцы. Ну і вядома, высаджаны дрэвы, кветкі. У гэтым годзе плануецца добраўпарадкаваць аналагічныя двары па вуліцах Ракасоўскага і Валадарскага.

— Зрабілі ў горадзе пяць дзіцячых гульнявых пляцовак, практычна ў кожным мікрараёне два гады запар адкрывалі, — удакладняе Васіль Чарняцоў. — Акультурвалі месцы для ўстаноўкі гульнявога абсталявання, рабілі падыходныя шляхі, усталёўвалі лаўкі, сметніцы. І жыхароў уцягваем у агульную справу, разам займаемся добраўпарадкаваннем. Сёлета будуць устаноўлены яшчэ дзве гульнявыя пляцоўкі для дзяцей.

Летам у горадзе шмат цікавых кветкавых зон, нават агароджы ўздоўж вуліц упрыгожаны навяснымі кветачніцамі. Упадабаным месцам для фотасесій становяцца лаўкі з уманціраванымі ў іх кветкавымі вазонамі. Сёлета толькі кветак плануецца высадзіць 8600. Вясной і восенню працягнецца інтэнсіўная пасадка саджанцаў дрэў і кустоўя. Жыхары ахвотна падтрымліваюць камунальнікаў, робяць кветнікі ў сваіх дварах. Мінулае лета было засушлівым, але камунальнікі па заяўках грамадзян выязджалі паліваць расліны.

Экалогія і мадэрнізацыя — словы-сінонімы

І Чэрыкаўскі жылкамунгас не прапускае магчымасці ісці ў нагу з часам. Летась у вёсцы Зоры была пераведзена на пелеты кацельная, якая раней працавала на дровах. Сёлета плануецца перавесці на пелеты і кацельную ў Майскім. Новае абсталяванне аўтаматызаванае, у якасці качагараў выступаюць будаўнікі, якія летам задзейнічаны ў будбрыгадзе.

Чэрыкаўскі жылкамунгас адным з першых у вобласці стаў працаваць па схеме аптымізацыі цвёрдых бытавых адходаў. Сёння тут забяспечаны кантэйнерамі для раздзельнага збору адходаў не толькі жыхары райцэнтра, але і вёсак.

— Вельмі важна беражліва ставіцца да навакольнага асяроддзя, — кажа суразмоўнік. — На вуліцах стала значна чысцей і больш эстэтычна. Раней, калі жыхары пакідалі пакеты са смеццем на ўзбочынах, іх часта расцягвалі птушкі і бадзяжныя жывёлы. Цяпер такога няма.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю