У пятніцу, 21 жніўня, у Чэрыкаве пройдзе рэгіянальнае свята-кірмаш «Дзень варэння». Яно з’яўляецца яркай візітоўкай раёна з 2017 года і заўсёды збірае шмат прыхільнікаў, якія ведаюць толк у смачнай вітаміннай страве.
Як заўсёды галоўная фішка мерапрыемства — інтэрактыўная анлайн-пляцоўка па прыгатаванні варэння ў рэальным часе. У праграме ўрачыстае шэсце на чале з Каралевай Варэння, майстар-класы ад рамеснікаў і «Салодкая майстэрня» па афармленні з ягадных кампазіцый, навучанне карвінгу — мастацкай рэзцы па садавіне і гародніне.
— Кожны раз мы прапаноўваем нешта новае, цікавае для нашых наведвальнікаў, — падзяліліся арганізатары. — На гэты раз наш музей падрыхтаваў пазнавальную выставу «Самавары ў люстэрку часу». Да паслуг тых, хто шукае новыя рэцэпты прыгатавання смакаты, наша «Бібліятэка варэння».
У рамках свята будуць працаваць гандлёвыя рады, кірмаш агародніны і мёду, дзеці змогуць адвесці душу на атракцыёнах. Галоўная інтрыга свята — конкурс «Парад варэння». Сёлета заяўленыя намінацыі — варэнне з календулы, з кветак канюшыны, «сухое» варэнне з яблыкаў, варэнне з бружмелю з апельсінам, карыцай, бальзамам і варэнне з ёшты (гібрыд парэчак і агрэсту). Для сем’яў ладзіцца «Салодкая дыскатэка».
Нэлі ЗІГУЛЯ