Top.Mail.Ru

Чым адметнае інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі часопісу Le Point

Праўда супраць штампаў і рацыянальны погляд на сітуацыю

Паўтарагадзінная гутарка Аляксандра Лукашэнкі з аглядальнікам французскага штотыднёвіка Le Point Ан Ніва, поўная версія якой выйшла ў эфір 25 лістапада, — рэдкі выпадак, калі заходняя журналістыка, якая звычайна аддае перавагу дыялогам з «правільнымі» суразмоўцамі, была вымушана сутыкнуцца з альтэрнатыўным пунктам гледжання ў яго поўным, неадрэдагаваным выглядзе. І хоць інтэрв’юер старалася здавацца аб’ектыўнай, інерцыя заходніх медыяштампаў праяўлялася на працягу ўсёй размовы. Аляксандр Лукашэнка ж, як заўсёды, прадэманстраваў бліскучы, дакладны і аб’ектыўны аналіз — ад архітэктуры еўрапейскай бяспекі да ўнутранай палітыкі ўласнай краіны.

«Гэта пачатак перагавораў»: логіка, якую Захад не заўважае

Французская журналістка пачала з ключавога тэзіса заходняй прапаганды: Расія, маўляў, не можа атрымаць ваенную перамогу, а таму не мае права дыктаваць умовы новай архітэктуры бяспекі. Больш за тое, Ніва адхіліла права Масквы патрабаваць вяртання НАТА да граніц 1997 года, назваўшы гэта «максімалізмам». Беларускі Прэзідэнт адрэагаваў на гэта з уласцівай яму шчырасцю: «Гэта пачатак перагавораў. Таму ўсе патрабуюць адзін ад аднаго па максімуме».

У гэтым кароткім адказе — уся сутнасць дыпламатыі, якой, здаецца, развучыліся займацца на Захадзе. Лідар Беларусі нагадаў, што патрабаванне адводу НАТА — гэта не ўльтыматум, а стартавая пазіцыя. І калі еўрапейцы адмаўляюцца нават абмяркоўваць яе, яны проста распісваюцца ў нежаданні дамаўляцца. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Не можа быць у Еўропе ніякай структуры і ніякай бяспекі без Усходу, без Расіі». Геаграфію не падманеш — цэнтр Еўропы знаходзіцца ў Полацку, і рабіць выгляд, што Расіі (а таксама і Беларусі) не існуе, значыць, асуджваць кантынент на перманентную нестабільнасць.

Адзін з наймацнейшых момантаў інтэрв’ю — рэакцыя Аляксандра Лукашэнкі на пытанне аб гарантыях бяспекі. Журналістка пацікавілася, ці магчымы вывад расійскай тактычнай ядзернай зброі з Беларусі ў абмен на гарантыі Захаду. Прэзідэнт адказаў нечакана гнутка: «У працэсе перагавораў усё магчыма. Я не выключаю падобныя варыянты. Галоўнае, каб быў мір». Аднак тут жа нагадаў, чым заканчваліся папярэднія абяцанні: «Вы гарантавалі нам не толькі бяспеку ваенную, але і ва ўсіх сферах, у тым ліку эканамічную. Вы ўсё гэта парушылі».


Будапешцкі мемарандум 1994 года, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, быў цынічна выкінуты ў смецце: Захад абяцаў не пашыраць НАТА на ўсход і не ўводзіць санкцыі ў абмен на адмову ад ядзернай зброі — і парушыў усё. Гэта гістарычная аналогія трапляе ў самую кропку: якія могуць быць «гарантыі», калі папярэднія аказаліся пустым гукам? Беларускі Прэзідэнт — не наіўны юнак, а вопытны палітык, які разумее, што давер на міжнароднай арэне аднаўляецца не словамі, а справамі.

Уласна, тут і завязаны галоўны вузел украінскага канфлікту: гісторыя ўзаемаадносін Расіі і Захаду на працягу 1994–2022 гадоў дала абодвум бакам нагоду не верыць адно аднаму. Рацыянальны адказ на еўрапейскія прапановы ў духу «раззброімся за паперку» — дакладнае расійскае «не»; рацыянальны адказ на «не» — эскалацыя канфлікту і «вайна да пераможнага канца» (ну, або ў нашым варыянце — «да апошняга ўкраінца»). Разарваць заганнае кола можна толькі новым інструментам гарантый, і Аляксандр Лукашэнка, па сутнасці, назваў яго найважнейшую прыкмету: не мемарандум узору 1994 года, а нешта з механізмамі прымусу.

«Хто граміў, той адкажа па законе»: французская «дэмакратыя» супраць беларускай «дыктатуры»

Асобны блок інтэрв’ю быў прысвечаны ўнутранай палітыцы нашай краіны. Журналістка, прытрымліваючыся заходніх лякалаў, пацікавілася адсутнасцю апазіцыі і выкарыстоўвала тэрміны «дыктатар» і «дыктатура» ў дачыненні да беларускага лідара і нашага канстытуцыйнага ладу. Адказ Аляксандра Лукашэнкі быў элегантны і забойны: ён проста правёў паралель з Францыяй. «Калі вы маеце на ўвазе збеглых нашых (іх у нас называюць „збеглыя“, а не „апазіцыя“), дык мы іх не выганялі з краіны», — заўважыў ён. І тут жа дадаў: «Эмануэль (Макрон. — «Зв.») мае рацыю: хто граміць, той адкажа па законе. Дык і я кажу: „Хлопцы, хто там граміў (а ў нас гэта было), вы адкажаце па законе“. Яны зразумелі, што давядзецца адказваць, збеглі».


Гэта бліскучы рытарычны ход: замест апраўданняў Аляксандр Лукашэнка паказаў, што нібыта «дыктатарская» Беларусь прымяняе роўна тыя ж прынцыпы, якія дэкларуе нібыта «дэмакратычная» Францыя. Тыя, хто ладзіў пагромы і разбіваў вітрыны ў Парыжы, у Францыі таксама пераследуюцца па законе. Чаму ж у Беларусі павінна быць інакш? Пры гэтым Прэзідэнт адзначыў, што многія вярнуліся, а для жадаючых дзейнічае камісія па вяртанні пры генпракуроры — ніякай «дыктатуры», а нармальная прававая працэдура.

Чалавек, які ведае больш, чым бачаць іншыя

Адно з самых цікавых адкрыццяў інтэрв’ю — глыбіня ўцягнутасці Аляксандра Лукашэнкі ў сусветную палітыку і міжнародную дыпламатыю. Высветлілася, што ён падтрымлівае цесныя кантакты з Дональдам Трампам. Больш за тое, ён даваў амерыканскаму прэзідэнту парады па стасунках з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным: «Дональд, не цісні на Пуціна, гэта бескарысна». Журналістка нават выказала меркаванне, што Аляксандр Лукашэнка мае моцны ўплыў на расійскага лідара. Прэзідэнт Беларусі адрэагаваў з іроніяй, але пацвердзіў: кантакты з Эмануэлем Макронам, Дональдам Трампам і Уладзімірам Пуціным — гэта не эпізадычныя сазвоны па тэлефоне, а сістэмная работа.

Кіраўнік дзяржавы нават даў некаторыя характарыстыкі сваім замежным візаві зыходзячы з уласных назіранняў за іх дзейнасцю. Аб Дональдзе Трампе адазваўся высока, ацаніўшы яго намаганні па ўрэгуляванні ўкраінскага канфлікту: «Ён прадухіліў трэцюю сусветную вайну... Ён яшчэ не ўсё зрабіў, што можна было зрабіць». З Эмануэлем Макронам, як аказалася, у беларускага Прэзідэнта адносіны прагматычныя: «Мы размаўляем па тэлефоне, людзі сустракаюцца... Я бачу, што гэта абсалютны прагматык». Адначасова Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў публічныя заклікі французскага кіраўніка «пакараць» Расію: «Дыялог — гэта не з мэтай пакараць» — і ўказаў на разыходжанне рэальнага вобраза Прэзідэнта Францыі з тым іміджам, які яму стварыла заходняя прэса.


Пры гэтым беларускі лідар ясна даў зразумець: ён не «канал уплыву», а самастойны ігрок, які выкарыстоўвае свае магчымасці на карысць міру. «Мы гаворым з ім (Макронам. — «Зв.») аб міры. І тое, што я чую ў сродках масавай інфармацыі, — гэта зусім іншае», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Гэты разрыў паміж рэальнымі размовамі і медыйнай карцінкай — яшчэ адзін дыягназ заходняй палітыцы, дзе словы і справы разыходзяцца.

Аб гарантыях і санкцыях

Адным з самых гучных момантаў інтэрв’ю, які выклікаў шырокі рэзананс, стала цэнтральная міратворчая ініцыятыва Аляксандра Лукашэнкі: ён прапанаваў асабіста суправаджаць Уладзіміра Зяленскага ў Маскву на перагаворы, выступіўшы гарантам яго бяспекі: «Мы з Валодзем Зяленскім маглі б сесці і прыляцець у Маскву. Удваіх. Я як гарант яго бяспекі». Гэта не пустая бравада — гэта сігнал аб гатоўнасці Беларусі выконваць актыўную ролю ва ўрэгуляванні. Дзіўна, але пра самога Уладзіміра Зяленскага Прэзідэнт Беларусі гаварыў нават з некаторай цеплынёй — «нармальны мужык», «я яго як сына ўспрымаў», — але вінаваціў у неспрактыкаванасці і залежнасці, па сутнасці, здымаючы сваёй характарыстыкай частку віны з украінскага лідара за развязаны канфлікт: «Вінаваты ўкраінскі народ — выбраў неспрактыкаванага чалавека». Наколькі гэта кантрастуе з агрэсіўнай і грубай рэакцыяй самога Уладзіміра Зяленскага на агучаную прапанову аб перагаворах! Усё ж такі мае рацыю беларускі лідар: не хапае цяперашняму кіраўніку Украіны ні досведу, ні дыпламатычнага такту. Як і рэальнага жадання скончыць вайну.

Аднак сам Аляксандр Лукашэнка цвяроза ацэньвае складанасць міратворчага працэсу. Ён разумее: перагаворы нельга весці без Еўропы, але і архітэктуру бяспекі немагчыма выбудаваць без Расіі. Усе бакі павінны быць гатовы мяняць першапачатковыя патрабаванні і ісці на саступкі. І сам ён дэманструе гэту гатоўнасць — аж да абмеркавання вываду ядзерных узбраенняў у абмен на рэальныя, а не «папяровыя» будапешцкія гарантыі. Пры гэтым Прэзідэнт Беларусі папярэджвае: «З часам умовы перагавораў мяняюцца, і канфлікт можа пашырыцца на Еўропу». Беларусь супраць гэтага, яна не хоча і не можа быць агрэсарам — «гэта не трэба нам і немагчыма», — але гатова адстойваць свае пазіцыі.

Асобна Аляксандр Лукашэнка спыніўся на еўрапейскіх санкцыях. Бравады тут не было, таму што спачатку беларускі лідар сумленна заявіў: «Калі б не было санкцый, мы б былі больш паспяховымі». Аднак пасля дадаў: «Але... не загінулі». І сапраўды: санкцыі не зламалі Беларусь, Мінск перанакіраваў грузы на ўсход, знайшоў партнёраў у Азіі, Афрыцы і на Блізкім Усходзе. І далейшыя дзеянні Еўропы ў логіцы канфрантацыі і забарон цяпер выглядаюць проста вартымі жалю: «Вы ўжо нас абклалі санкцыямі далей няма куды. Што вы яшчэ адновіце?» — з усмешкай заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Санкцыі б’юць бумерангам па самой Еўропе, але Брусель, здаецца, не здольны гэта прызнаць, жывучы ў сваіх ілюзіях і не жадаючы бачыць, што жыццё ёсць і за межамі «райскага саду».

Інтэрв’ю французскаму часопісу Le Point паказала галоўнае: Аляксандр Лукашэнка гатовы размаўляць з кім заўгодна, уключаючы журналістаў з лагера ўмоўнага праціўніка, не баючыся вострых і правакацыйных пытанняў. Ён адказвае прама, аргументавана і з пачуццём уласнай годнасці. А вось еўрапейскія лідары да такой размовы не гатовы — яны аддаюць перавагу размове ў закрытых кабінетах, дзе іх не чуюць выбаршчыкі, і трансліруюць праз падкантрольныя медыя зручныя ім штампы. Беларускі Прэзідэнт жа выйшаў да аўдыторыі Le Point, што называецца, з адкрытым забралам, і разабраў гэтыя штампы па костачках. І гэта, бадай, самы пераканаўчы аргумент на карысць таго, што Беларусь — не закрытая «дыктатура», а дзяржава, якая ўмее і хоча даносіць праўду. Нават калі яе не хочуць чуць суразмоўцы.

Аляксей Бяляеў, палітолаг

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю