Top.Mail.Ru

Чым і каму пагражаюць новыя падаткі ў Польшчы

Здароўе нацыі ці грошы на мілітарызацыю?


На гэтым тыдні ў Польшчы быў апублікаваны праект закона, паводле якога плануецца рэзкае павелічэнне акцызу на алкагольныя напоі: у 2027 годзе ён павінен павысіцца на 15 %, а ў 2028 — яшчэ на 10 %. Міністэрства фінансаў, якое выступіла распрацоўшчыкам законапраекта, тлумачыць свой парыў вельмі гуманнымі меркаваннямі — клопатам аб здароўі насельніцтва.

Сапраўды, праблема алкагалізму ў Польшчы — застарэлая. Краіна ўваходзіць у лік еўрапейскіх дзяржаў з высокім узроўнем спажывання алкаголю (каля 11,6-11,9 літра чыстага спірту на душу насельніцтва ў год), стабільна займаючы па гэтым паказчыку 7-11 месца ў Еўропе і ўваходзячы ў першую трэць членаў Еўрасаюза, якія п’юць больш за ўсіх.

Кампанію ёй, дарэчы, складаюць і іншыя краіны Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. На першых месцах — краіны Балтыі. Лідарам з’яўляецца Латвія (12-14,7 літра абсалютнага алкаголю ў год на аднаго жыхара, старэйшага за 15 гадоў), у Літве спажыванне складае каля 11,8-12,2 літра. Апошняя, дарэчы, уваходзіць у дзясятку краін свету, якія п’юць больш за усіх (даўно і стабільна)! Каб разумець велічыню адрыву, трэба ўспомніць, што сярэдняе спажыванне алкаголю ў Еўропе складае прыкладна 9,2 літра на чалавека, а ў самых непітушчых краінах рэгіёна — 6-8 літраў (напрыклад, у Грэцыі — усяго 6,6 літра).

Пры гэтым праблему складае не само па сабе спажыванне алкаголю, а яго наступствы, асабліва ў выглядзе смяротнасці, хвароб і супрацьпраўных дзеянняў, якія адбываюцца ў прамой залежнасці ад выпітага. Паводле апошняй статыстыкі, штодня ад прычын, наўпрост ці ўскосна звязаных з ужываннем алкаголю, у Польшчы паміраюць 82 чалавекі. У год гэта складае каля 30 000 смерцяў. Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), смяротнасць ад алкаголю ў Польшчы складае 9,8 на 100 000 насельніцтва, што выводзіць краіну на 8-е месца ў свеце па гэтым паказчыку і на 2-е ў Еўрасаюзе! Эксперты таксама адзначаюць трывожную тэндэнцыю: няўхільны рост смяротнасці і алкагольнай залежнасці сярод маладога і працаздольнага насельніцтва ва ўзросце ад 20 да 45 гадоў. Па падліках медыкаў і псіхатэрапеўтаў, 80 % польскіх падлеткаў упершыню каштуюць алкаголь ва ўзросце 15-16 гадоў, а часам выпадкі першага ўжывання фіксуюцца і ў 11-12 гадоў! Рэгулярна злоўжываюць алкаголем да 2,5 мільёна палякаў, а ад 700 да 900 тысяч знаходзяцца ў жорсткай залежнасці ад «зялёнага змія». Ну, а польскія праваахоўнікі падлічылі, што алкаголь фігуруе больш як у палове ўсіх выпадкаў гвалтоўнай смерці і забойстваў у краіне.


Зыходзячы з гэтых даных, а таксама з таго факту, што ў сувязі з ростам заробкаў пры захаванні ранейшых цэн на алкаголь яго спажыванне і даступнасць будуць расці, Міністэрства фінансаў Польшчы і прапанавала сваю стратэгію барацьбы з алкагалізацыяй насельніцтва шляхам павелічэння падатковай нагрузкі і, як вынік, — падаражэння запаветных напояў для спажыўцоў.

А атрыманыя ад павышэння акцызу сродкі плануецца накіраваць на фінансаванне сістэмы аховы здароўя. Яна вельмі мае патрэбу ў падтрымцы! Толькі ў сувязі з выдаткамі на тэрміновую індэксацыю заробкаў медыкам, сёлета на ахову здароўя можа не хапіць каля 26 млрд злотых. А калі не падняць зарплату ўрачам і іншаму медперсаналу, то прагназуецца масавы адток кадраў, вынікам якога стане яшчэ большае пагаршэнне медыцынскіх паслуг, што аказваюцца насельніцтву. Ужо цяпер, паводле ацэнак Вышэйшай урачэбнай палаты, краіне не хапае каля 68 000 урачоў і 40 000 медсясцёр. Пры гэтым толькі за апошні год у Польшчы колькасць пацыентаў, што чакаюць тэрміновага прыёму ў амбулаторнай спецыялізаванай дапамозе, вырасла на 14 % — да 776 тысяч чалавек, а сярэдні час чакання наблізіўся да двух месяцаў. Таксама павялічыліся чэргі на тэрміновую шпіталізацыю і іншыя медыцынскія паслугі. Таму для рэфармавання, а калі прама казаць — для выратавання медыцынскай сістэмы Польшчы тэрмінова патрабуюцца грошы!

Але калі паглядзець больш ўважліва, то стане зразумела, што менавіта недахоп сродкаў у дзяржаўным бюджэце, а зусім не высакародны клопат аб здароўі нацыі, рухае польскімі фінансістамі. Справа ў тым, што ў 2026 годзе расходная частка бюджэту Польшчы запланавана ў памеры 918,9 млрд злотых (каля 218 млрд еўра). А даходаў у выглядзе падаткаў, збораў, штрафаў і ўсіх іншых формаў плануецца атрымаць толькі ў колькасці 647,2 млрд злотых (каля 154 млрд еўра). Шляхам нескладаных матэматычных падлікаў выяўляем гіганцкую дзірку ў бюджэце: дэфіцыт складзе 271,7 млрд злотых (каля 75 млрд долараў ЗША)! Дзе іх узяць?

Вядома, любая дзяржава, сутыкнуўшыся з праблемай фінансавання, павінна правесці аўдыт сваіх выдаткаў і падумаць, а ці не скараціць нам якія-небудзь артыкулы? Напрыклад, значная доля выдаткаў сёння прыпадае на ваенныя патрэбы.


Пачаўшы маштабную мілітарызацыю краіны, польскія ўлады выдзелілі для гэтага больш за 200 млрд злотых (4,81 % ад ВУП краіны)! Прэм’ер-міністр Дональд Туск афіцыйна абвясціў 2026 год у краіне «годам паскарэння» з мэтай стварэння наймацнейшай сухапутнай арміі ў Еўропе. Для гэтага Польшча ў рамках пашырэння кантынгенту рэалізуе план па павелічэнні колькасці сваіх Узброеных сіл (у тым ліку рэзервістаў) з ранейшых 200 тысяч да 500 тысяч чалавек. Для пераўзбраення і мадэрнізацыі войска ажыццяўляюцца маштабныя закупкі сучасных сістэм узбраення і тэхнікі ў ЗША і Паўднёвай Карэі (танкі K2, САУ K9, знішчальнікі F-35, сістэмы HIMARS). Гэта ўжо зрабіла Польшчу адным з найбуйнейшых імпарцёраў зброі ў Еўропе. Не варта забываць і пра падтрымку нацыянальнага ваенпрама, якому, у прыватнасці, даручана ў найкароткія тэрміны і не стрымліваючыся ў сродках ажыццявіць шэраг ваенна-тэхнічных праектаў, уключаючы распрацоўку ўласнага спецыялізаванага дрона-перахопніка IRYDA+. А яшчэ дадайце ўтрыманне на тэрыторыі Польшчы за кошт мясцовых падаткаплацельшчыкаў амерыканскай ваеннай базы з 10 000 байцоў! Ды рэгулярныя манеўры! Толькі летась на тэрыторыі Польшчы і краін Балтыі было арганізавана больш за 250 вучэнняў НАТА з удзелам звыш 170 тысяч чалавек. Пры гэтым аб’ектыўныя факты сведчаць, што ніякай рэальнай пагрозы для Польшчы няма, бо ні Беларусь, ні Расія не выношваюць агрэсіўных планаў у адносінах да нашага найбліжэйшага заходняга суседа. Так што можна было б і троху скараціць фінансаванне мілітарысцкага чаду.

Але забіраць грошы з вайсковага сектара, вядома, ніхто не дазволіць. Хутчэй наадварот. Для гэтага будуць выкарыстоўвацца як бюджэтныя грошы, так і пазыковыя. Ужо зараз дзяржаўны доўг Польшчы перавысіў 2 трлн злотых, а яго суадносіны да ВУП прагназуюцца на ўзроўні амаль 60 %. Таму і даводзіцца польскаму Міністэрству фінансаў вышукваць нестандартныя спосабы папаўнення бюджэту. І павышэнне акцызаў на алкаголь — гэта яшчэ кветачкі. На падыходзе таксама павелічэнне падатку на газіраваныя напоі і «энергетыкі», а таксама на тытунь і тытунёвыя вырабы.

На жаль, праз рост падаткаў менш піць і курыць палякі не стануць. Хутчэй, павялічыцца колькасць кантрабанды, і з Беларусі прадпрымальныя польскія, літоўскія ды іншыя грамадзяне Еўрасаюза павязуць не толькі цыгарэты, але і алкаголь, а таксама і любімую дзецьмі газіроўку. Так і ўстаюць перад вачамі метэазонды з упакоўкамі салодкіх напояў, што градам абвальваюцца на галовы польскіх і літоўскіх пагранічнікаў, якія, як заўсёды, ні аб чым не будуць здагадвацца... 

Аляксей Бяляеў, палітолаг

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю