Пачнём з таго, што Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт — не проста ўніверсітэт, а адукацыйны, навуковы і інавацыйны цэнтр Рэспублікі Беларусь. З адпаведнымі магчымасцямі і кампетэнцыямі.
— Наш універсітэт насамрэч мае шэраг унікальных асаблівасцяў і з’яўляецца вядучай аграрнай тэхнічнай установай вышэйшай адукацыі. Мы максімальна нацэлены на практыкаарыентаваную падрыхтоўку спецыялістаў. Паралельна з асноўнай вучобай у студэнтаў ёсць магчымасць атрымаць рабочую прафесію (кіроўца механічных транспартных сродкаў катэгорыі «В»; трактарыст-машыніст катэгорыі «С», «D», «F»; слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання; электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання). І гэта не ўсё — пры жаданні маладыя людзі могуць атрымаць і іншыя спецыяльнасці: спартыўнага трэнера, спецыяліста па кадравым справаводстве, арганізатара экскурсійнага абслугоўвання насельніцтва, гаспадара аграсядзібы, кансультанта па абароне правоў спажыўцоў, — расказвае рэктар універсітэта Мікалай Раманюк.
Навучанне тут арганізавана на пяці асноўных факультэтах: аграмеханічным, аграэнергетычным, факультэце «Тэхнічны сэрвіс у АПК», факультэце прадпрымальніцтва і кіравання і факультэце давузаўскай падрыхтоўкі і прафесійнай арыентацыі моладзі. Пяць з шасці інжынерных спецыяльнасцяў адносяцца да катэгорыі найбольш запатрабаваных эканомікай, што дазваляе паступаць без экзаменаў уладальнікам залатога ці сярэбранага медалёў, дыплома з адзнакай пасля заканчэння ліцэя або каледжа, пераможцам апошніх этапаў рэспубліканскіх алімпіяд.
А абітурыентам, якія прайшлі тэрміновую ваенную службу, даецца права пазаконкурснага залічэння.
Лепш раз убачыць…
— Ва ўніверсітэце створана ўнікальная матэрыяльная база, і ў нас дзейнічае правіла — лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць, — адзначае Мікалай Раманюк. — Студэнты не па плакатах, а, як кажуць, на зуб могуць паспрабаваць, з якіх дэталяў складаецца трактар, як працуе рухавік, у чым асаблівасць даільнага абсталявання і для чаго патрэбны GРS-тэхналогіі ў энерганасычанай мабільнай тэхніцы, — пра ўсё гэта можна даведацца не выходзячы за межы студэнцкага гарадка.
Не навучаннем адзіным
Тэрыторыя ўніверсітэта ўяўляе сабой паўнавартасны студэнцкі кампус, дзе ёсць усё неабходнае і нават больш не толькі для паспяховага навучання, але і для самаразвіцця, пошуку і раскрыцця талентаў.
— Усе навуковыя карпусы і інтэрнаты размешчаны ў крокавай даступнасці адзін ад аднаго ў самым цэнтры Мінска, — расказвае рэктар. — Сталовая, маладзёжны цэнтр, спартыўныя пляцоўкі — у адным месцы. Для нашай моладзі створаны і працуюць больш за 50 клубных фарміраванняў, 16 спартыўных секцый, а гурт «Велес» вядомая не толькі ў студэнцкім асяроддзі, у Беларусі, але і за яе межамі. У нас ёсць выдатны тэатр. На слыху ў краіне і ўніверсітэцкі валанцёрскі цэнтр «Сава».
Падзяліцца ўражаннямі аб альма-матар, аб вучобе і жыцці там, расказаць аб мэтах і планах на будучыню мы папрасілі студэнтаў БДАТУ.
Мікіта, студэнт першага курса факультэта «Тэхнічны сэрвіс у аграпрамысловым комплексе»:
— Я — будучы спецыяліст па ахове працы, буду адказваць за бяспеку людзей на вытворчасці, не дапускаць іх траўміравання. Праца, можа, не такая адказная, як у медыкаў або міліцыянераў. Але яна таксама накіравана на выратаванне чалавечых жыццяў.
Мікіта родам са Жлобіна. Паступаў па мэтавым накіраванні. Важны этап станаўлення ён ужо прайшоў — скончыў каледж і адслужыў у арміі. Месцам сваёй будучай работы хлопец выбраў адно з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў на Брэстчыне.
— Я пабываў у гаспадарцы, мне там вельмі спадабалася, са мной пагутарыў кіраўнік. Цяпер чакаю не дачакаюся, калі паеду туды працаваць. Хачу звязаць сваё жыццё не толькі з гэтым прадпрыемствам, але і з сельскай гаспадаркай у цэлым. І гэта мой свядомы выбар.
Раман, студэнт першага курса факультэта «Тэхнічны сэрвіс у аграпрамысловым комплексе».
— Як я трапіў сюды? З дзяцінства марыў дапамагаць людзям і як мог чымсьці дапамагаў. А калі вырас, пачаў думаць: чаму б дапамогу людзям не зрабіць справай свайго жыцця? Доўга шукаў, якую прафесію знайсці, пакуль да нас у «Энергетык», што ў Дзяржынскім раёне, не прыехалі прадстаўнікі БДАТУ і не расказалі пра яго. Дарэчы, я раней і не ведаў пра існаванне такой ВНУ. Даведаўся і загарэўся: буду паступаць менавіта туды. Калі выбіраў спецыяльнасць, «зачапіўся» за інжынера па ахове працы. І вырашыў: гэта якраз тая прафесія, праз якую я змагу ўвасобіць сваю мару ў жыццё — дапамагаць людзям.
Ва ўніверсітэце Раман знайшоў яшчэ адно сваё прызванне — ён стварае патрыятычныя фільмы, у асноўным пра Вялікую Айчынную вайну. Мае намер працягнуць гэта захапленне.
Аляксандр, студэнт 4 курса аграэнергетычнага факультэта:
— Мая спецыяльнасць звязаная з электрыкай, і гэта маё прызванне. Многія пытаюцца: «Чаму менавіта аграрная ВНУ, а не тэхнічная? Ты ж працаваць будзеш у сельскай гаспадарцы». Я сам родам з вёскі і сваю прафесійную дзейнасць хачу звязаць менавіта з сельскай гаспадаркай. Новыя тэхналогіі прыходзяць і туды. Таму бясцэнныя навыкі, якія мы атрымліваем ва ўніверсітэце сёння, будуць актуальныя ў любым месцы.
Мой суразмоўца жыве ў інтэрнаце і вельмі задаволены ўмовамі. Паводле яго слоў, тут утульна і камфортна, абстаноўка прыязная. Аляксандр вядзе актыўнае студэнцкае жыццё, ён удзельнік вядомага гурта «Велес».
— Канцэрты, выступленні не перашкаджаюць вучобе. Наадварот, дапамагаюць ператварыцца з фізіка ў лірыка. А потым са свету музыкі зноў заглыбіцца ў любімы свет электрыкі.
Фота аўтара