Top.Mail.Ru

Чым запомніцца V Міжнародны маладзёжны форум «Што ты зрабіў для Радзімы», які прайшоў у Магілёве

Удзельнікамі юбілейнага форуму сталі 120 чалавек з Беларусі і Расіі — Магілёўскай, Смаленскай абласцей і Яраслаўля. Ініцыятарамі мерапрыемства выступіла Магілёўская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў пры падтрымцы аблсавета дэпутатаў.


Ад рэгіянальнага да міжнароднага

Першапачаткова форум зарадзіўся на Мсціслаўшчыне, але хутка выйшаў за межы раёна. Магілёў прыняў эстафету ўжо пасля Крычава. Разам з прадстаўнікамі актыўнай і прагрэсіўнай моладзі, якая не баіцца прапаноўваць нешта новае і перадавое, ўдзельнічалі ў мерапрыемстве кіраўнікі раённых і гарадскіх Саветаў дэпутатаў.

— Форум стаў добрай пляцоўкай для абмену вопытам паміж маладымі людзьмі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, — кажа старшыня праўлення Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў, старшыня Мсціслаўскага райсавета Алена Клеянкова. — У іх ёсць магчымасць сустрэцца не па відэасувязі ў рэжыме анлайн, а непасрэдна на месцы. Паціснуць адно аднаму руку, пазнаёміцца, пасябраваць — гэта вельмі каштоўна.

Легендарнае месца ў Магілёве, якое яднае адзіных духам людзей, — Буйніцкае поле. Сёлета спаўняецца 85 гадоў са дня гераічнай абароны Магілёва і мерапрыемства пачалося менавіта адсюль. Удзельнікі ўсклалі кветкі да капліцы, ушанавалі хвілінай маўчання памяць загінулых воінаў.

Ад слоў да справы

Убачыць, наколькі крэатыўныя і перспектыўныя ідэі прапануе моладзь, можна было на спецыяльна арганізаванай выстаўцы праектаў. Шмат хто зацікавіўся настольнымі гульнямі, якія распрацавалі члены Маладзёжнага Савета пры Мсціслаўскім райсавеце. Праект перамог на абласным узроўні і цяпер удзельнічае ў рэспубліканскім этапе. Цікавыя праекты рознай тэматыкі распрацавалі студэнты Беларускага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій, МДУ імя А. Куляшова і іншыя. Адным словам, талентамі Магілёўшчына не абдзеленая. Моладзь прапануе перспектыўныя і прагрэсіўныя ідэі як грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці, так і сацыяльна-эканамічнай.

Прадстаўнікамі маладзёжных саветаў пры мясцовых Саветах дэпутатаў і іх аднадумцаў з Расіі было прадстаўлена больш чым 50 праектаў. Адначасова працавалі тры секцыі, на кожнай з якіх прэзентавана па 15 і больш праектаў.

Старшыня Маладзёжнага савета пры Чавускім райсавеце Аляксандра Цімашэнка падзялілася вопытам работы іх каманды за мінулы год. Найбольш яркімі сталі праекты «Сустрэча без гальштукаў» — размова з прадстаўнікамі мясцовай улады і парламентарыямі ў нефармальнай абстаноўцы — і сумесны з ветэранскай арганізацыяй «Дыялог пакаленняў».

— Сэнс праектаў у тым, каб даведацца ў дасведчаных людзей, як яны спраўляліся са сваімі цяжкасцямі, рабілі выбар, якія мэты ставілі перад сабой, — расказвае яна. — Нашы суразмоўнікі дзяліліся жыццёвым вопытам, мы ж для сябе адзначылі, што хацелі б узяць на ўзбраенне.

Моладзь прапанавала правесці дыялог-прэзентацыю ў фармаце «Печа-куча», што з японскага перакладаецца як «балбатня», — на кожны слайд адводзіцца 20 секунд.

— Мы падрыхтавалі прэзентацыю на тыя тэмы, што нас хвалююць. Напрыклад, чаму мы актыўныя, а іншыя — не; як хутка асвоіцца ў лічбавай прасторы даросламу; мара, дзеля якой трэба жыць, і гэтак далей, — дзеліцца дзяўчына.

Да сустрэчы ў Горках

Форум сказаў «бывай», але яго ўдзельнікі з нецярпеннем чакаюць працягу. У наступным годзе яго цэнтрам правядзення стане маладзёжная сталіца Магілёўшчыны — Горкі. Там знаходзіцца Беларуская дзяржаўная сельгасакадэмія, дзе вучыцца моладзь з усіх рэгіёнаў.

— Я рада, што наша пачынанне мае такі працяг, — кажа Алена Клеянкова. — Такой форме маладзёжнага супрацоўніцтва і актыўнага ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці краіны быць! Дарэчы, назва форуму нарадзілася з песні, якая стала своеасаблівым гімнам мерапрыемства.

Нэлі ЗІГУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю