Top.Mail.Ru

Чым запомніцца XVIII Міжнародны маладзёжны тэатральны форум «М.@rt кантакт»

Тэатральны тыдзень праляцеў як адно імгненне. Нехта з удзельнікаў заўважыў, што сёлета фестываль стаў паўналетнім. Юнацкая дзёрзкасць і шалёны рытм яму сапраўды ўласцівы. А яшчэ — каханне. Як адзначыла старшыня экспертнага савета фестывалю, доктар мастацтвазнаўства, старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Вераніка Ярмалінская, тэмай пошуку кахання сёлета былі прасякнуты ўсе спектаклі.


Нагадаем, іх было 24! Акрамя беларускіх тэатраў, прыехалі расійскія і адзін азербайджанскі. Расійская геаграфія была прадстаўлена 14 рэгіёнамі. Традыцыйна — Масква і Санкт-Пецярбург, упершыню фестываль наведалі тэатры з Орска, Ульянаўска, Разані, Волагды, Луганска, Сергеева Пасада. З 20 да 27 сакавіка штодня на вялікай і малой сцэнах Магілёўскага абласнога драмтэатра, а таксама пляцоўках абласнога тэатра лялек і канцэртнай залы «Магілёў» ішлі па 3-4 спектаклі. У Сусветны дзень тэатра былі адзначаны найлепшыя з іх. Па меркаванні экспертнага савета, найлепшай стала эксперыментальная сцэна пад кіраўніцтвам Анатоля Праудзіна «Палата № 6» Санкт-Пецярбургскага тэатра-фестывалю «Балтыйскі дом». Маладзёжнае журы аддало перавагу Ульянаўскаму маладзёжнаму тэатру імя Б. У. Аляксандрава з іх спектаклем «Дуброўскі». Ну а прыз сімпатый гледачоў пад бурныя апладысменты быў уручаны Арлоўскаму дзяржаўнаму тэатру для дзяцей і моладзі «Свабодная прастора» за іх гарачы іспанскі мюзікл «Кармэн. Гісторыя Хасэ» — пастаноўка выклікала буру захаплення ў магіляўчан.

Тэатральная заслона апушчана. У гледачоў засталося шмат уражанняў, у тэатральных калектываў з’явілася шмат новых тэм для разважанняў. Форум свае функцыі выканаў: даў не толькі відовішча, але і пажытак для розуму.

— Мне падабаецца гэты форум, лічу яго падзеяй і для Магілёва, і ў цэлым для Беларусі, — прызнаўся рэжысёр-пастаноўшчык Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі Дзяніс Фёдараў. — Шмат цікавых калектываў, славутыя рэжысёры, вельмі насычаная праграма — сапраўднае свята тэатра.

Старшыня экспертнага журы Вераніка Ярмалінская падкрэслівае ўнікальнасць маладзёжнага тэатральнага форуму ў Магілёве.

— Кожны фестываль мае вялікае значэнне для нашай тэатральнай культуры, — кажа яна. — Іх у нас можна па пальцах пералічыць. У той жа Маскве іх болей чым 200, а па Расіі — наогул звыш 700. Таму магілёўскі фестываль значны, асабліва тым, што маладзёжны. Ён прасоўвае наша маладое пакаленне, маладую рэжысуру, маладых акцёраў.

Тэатральны крытык Лізавета Баравікова, якая ў складзе маладзёжнага журы ацэньвае спектаклі форуму другі год, адзначыла захапляльную атмасферу М.@rt кантакта.

— Цудоўныя ўражанні ад фестывальнай праграмы, знаёмства з новымі калектывамі, ад сустрэч з ужо даўно знаёмымі тэатрамі, — падзялілася яна. — Некаторыя спектаклі я бачыла некалькі разоў, але заўсёды знаходзіла нешта новае. У нас выдатная каманда маладых крытыкаў. Міша Аўсееў і Надзея Хрысцюшына — студэнты 3-га курса тэатразнаўчага факультэта Расійскага інстытута тэатральнага мастацтва. Мы шмат дзе ездзім, удзельнічаем у абмеркаваннях спектакляў нароўні са старэйшымі калегамі. Гэта добрая практыка. Мы можам дзесьці не пагадзіцца, з кімсьці паспрачацца, выказаць сваё меркаванне. А Міжнародны маладзёжны тэатральны форум «М.@rt кантакт» — гэта вельмі значная падзея, каб сустрэцца.

Фота аўтара і Лізаветы БАРАВІКОВАЙ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю