Крычаўшчына развіваецца не толькі як сельскагаспадарчы, але і індустрыяльны рэгіён. Тут паспяхова рэалізоўваюцца інавацыйныя праекты, укараняюцца новыя тэхналогіі, будуецца жыллё, ствараюцца ўмовы для моладзі. Сёлета горад стане яшчэ і сталіцай абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла «Дажынкі». Пра тое, чым сёння жыве раён, расказаў старшыня Крычаўскага райвыканкама Андрэй Седукоў.
— Андрэй Мікалаевіч, раскажыце, што ў Крычаве істотна памяняецца да свята?
— Стварэнне камфортных умоў жыцця — галоўны прыярытэт як нашай краіны, так і раёна. Летась на добраўпарадкаванне дарог накіравалі больш за 9 мільёнаў рублёў. Гэта дазволіла адрамантаваць у тры разы болей, чым звычайна.
Сёлета завершым капітальны рамонт вуліц Шчорса і Камсамольскай. Істотна памяняе выгляд плошча каля райвыканкама, якая стане галоўнай сцэнай «Дажынак». Стаіць задача капітальна адрамантаваць пяць шматкватэрных дамоў. Прадугледжаны рамонт школ, дваравых праездаў, бягучыя рамонты жылых дамоў, дахаў, будуецца паліклініка — работы шмат.
Не застануцца без увагі і вёскі. «Дажынкі» — гэта свята сельскага працаўніка. Чакаем росту як мінімум на 5 % у жывёлагадоўлі і раслінаводстве. Мы бачым свае недапрацоўкі ў вытворчасці малака. Каб забяспечыць замкнутую тэхналогію на ўсіх МТК, плануем пабудаваць каля 26 памяшканняў агульным коштам болей чым 58 мільёнаў рублёў на працягу трох гадоў.
Летась гаспадарка «Маляцічы-АГРА» распачала будаўніцтва трох «арачнікаў» для вырошчвання і адкорму маладняку буйной рагатай жывёлы на тэрыторыі комплексу «Бацвінаўка». Іх здача запланавана ўжо сёлета.
— Што робіцца для таго, каб прыцягнуць у раён маладых спецыялістаў?
— Летась ездзілі ў Віцебскую ветэрынарную акадэмію, двойчы пабывалі ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках — расказалі моладзі, якія ў нас умовы работы, пражывання. За апошнія гады ў нашы сельскагаспадарчыя прадпрыемствы прыбыло дастаткова новай тэхнікі, для работы з якой патрэбны сучасныя веды. Студэнты зацікавіліся. Думаю, чалавекі чатыры да нас прыедуць па дагаворах. Такі дакумент мы афармляем з выпускнікамі аграрных класаў. Гаспадаркі, куды яны павінны вярнуцца працаваць, падчас іх вучобы ў ВНУ выплачваюць ім сумы ў памеры стыпендыі. Да нас таксама прыязджалі выкладчыкі з Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі па бухгалтарскім уліку, сустракаліся са школьнікамі. Думаю, водгук будзе. Парадку 27 нашых школьнікаў удзельнічалі ў алімпіядзе, якую праводзіла акадэмія. Тым, хто набярэ неабходную колькасць балаў, будзе выдадзены сертыфікат для паступлення ў ВНУ без экзаменаў.
Раён мае патрэбу ў спецыялістах не толькі аграрнага профілю. Сёлета плануецца здаць новую паліклініку. Медыкі будуць працаваць на новым сучасным абсталяванні. Маладых спецыялістаў забяспечваем жыллём, выдзяляем двух- ці трохпакаёвыя кватэры на некалькі чалавек. Раздзяляем асабовы рахунак паміж жыльцамі, і кожны атрымлівае пакой. Штомесяц кантралюем умовы пражывання маладых спецыялістаў, цікавімся, якія ёсць праблемы. Прапаноўваем моладзі зямельныя ўчасткі, каб будаваліся пад крэдыты банка. А банкіры падрабязна інструктуюць зацікаўленых.
— Крычаўскі раён уваходзіць у праграму развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўшчыны. Як складваюцца справы з прыцягненнем інвестараў, стварэннем новых працоўных месцаў?
— Летась у раёне на развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы было выкарыстана болей чым 160 мільёнаў рублёў — у два разы болей, чым пазалетась. Асноўная частка інвестыцый накіравана на набыццё машын і абсталявання. У раёне вядзецца рэалізацыя інвестпраекта з удзелам кітайскага капіталу па будаўніцтве майнінгавых ферм — гэта першы падобнага роду праект у вобласці. Магутнасці іх будуць выкарыстоўвацца для здабычы лічбавых манет. У якасці ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект» крычаўскае ТАА «КМБ-Усход» мадэрнізуе шыферную вытворчасць і пашырае лінейку тавараў. Тут будзе наладжаны выпуск фібрацэментных дахавых матэрыялаў і вытворчасць панэляў для фасадаў і ўнутранага аздаблення памяшканняў.
У раёне таксама арганізавана новая вытворчасць біяматаў, якія прадугледжваюць абарону глебы ад эрозіі і служаць для ўтварэння ўстойлівага расліннага покрыва. Арганізацыя вытворчасці плануецца з выкарыстаннем трох тэхналагічных ліній, першая з якіх ужо працуе. Створана 27 новых працоўных месцаў. Прадукцыя карыстаецца попытам у Расіі.
г. Крычаў
Фота з сайта Крычаўскага райвыканкама