— Мы, можна сказаць, завяршылі фарміраванне палацавай экспазіцыі, — адзначыў дырэктар музея Уладзімір Мішчанка. — З’явіліся дарожныя пакоі імператрыцы Кацярыны II. Адна зала — гэта яе рабочы кабінет, а другая — спальны пакой. У дзвюх залах размешчаны больш за 100 прадметаў антыкварыяту XVIII-XIX стагоддзяў — ложак, крэслы, посуд і гэтак далей. Усе рэчы — антыкварныя, няма ніводнага муляжа. Мы ўжо адчуваем попыт на новыя экспазіцыі. Людзі тэлефануюць, цікавяцца, калі можна паглядзець.
У музеі не сумняваюцца, што прыцягнуць турыстаў з Расійскай Федэрацыі. Раней яны часта пыталіся, а дзе пакоі імператрыцы, бо ведалі, што яна праязджала праз Крычаў і прыпынялася на начлег.
— У нас дабавіліся антыкварныя экспанаты і ў іншых залах — канапавай, гасціннай, сталовай, прыказчыцкай, — кажа Уладзімір Мішчанка. — Буфетная прайшла істотную мадэрнізацыю і ўсе прадметы ў ёй цалкам заменены на антыкварыят. Буфет, камоды, крэслы, сталы — усё гэта XVIII-XIX стагоддзе. Лічы, адкрылі тры новыя залы. Застаецца толькі прымаць гасцей на «Дажынках» і ганарыцца нашым музеем.
На сёння ў ім 13 інтэр’ерных залаў, звязаных з гісторыяй палаца і раёна.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара