Top.Mail.Ru

Дарога ў Джакарту: шлях да аднаго з цэнтраў сілы Азіі

Дзеля нашай незалежнасці

Яшчэ сонца не паднялося над Явай і не было чуваць муэдзінаў у самай буйной мусульманскай краіне, а беларускі борт нумар адзін з Паднябеснай набраў новую вышыню — на парадку дня інданезійскі вектар. Дарога ў Джакарту: шлях да аднаго з цэнтраў сілы Азіі. Я адразу правёў паралель. Ізноў — далёкая дуга, зноў — вялікая камандзіроўка. Буслы за тысячы кіламетраў вяртаюцца з выраю, каб віць гнёзды. Наш кіраўнік дзяржавы пераадольвае дзясяткі тысяч кіламетраў, каб беларусы маглі віць свае гнёзды. Толькі ўдумацца: Валдай — перагаворы са стратэгічным сябрам, Пекін — асноўны гулец геапалітыкі, і вось — Інданезія. Дарэчы, з Кітаем мы пачалі сябраваць, калі гэта не была адна з першых эканомік свету. Але тое было палітычнай дальнабачнасцю Прэзідэнта. Так зараз і з Інданезіяй. І, мабыць, гэта не апошні пункт на маршруце перагавораў. Такія камандзіроўкі — і эканоміка, і палітыка, і нават псіхалогія: знайсці агульную мову з такімі рознымі нават не краінамі — цывілізацыямі. 

Інданезія на краі Еўразіі, але ўлічваючы прыродны, кліматычны і чалавечы патэнцыял — займае ўсё больш знакавае месца ў свеце. Посткаланіяльная дзяржава шукае годных, але ў той жа час не ганарыстых партнёраў. Мінск і ў палітычным, і ў эканамічным плане — самы спрыяльны варыянт. За паўтара года лідары краін тройчы правялі перагаворы. А прыём гэтага афіцыйнага візіту інданезійскі бок арганізаваў яшчэ ў небе. 

Гарматы, матацыклы, нацыянальны каларыт. Усё на самым высокім узроўні. У літаральным сэнсе. Пралёты ваенных самалётаў у гонар прыбыцця Першага. І тэатралізаваная пастаноўка. Не толькі Інданезія — так сустракае Лукашэнку ўвесь Глабальны Поўдзень. Павага нават у дэталях. На прэзідэнцкім лімузіне сімвалічны нумарны знак — BELARUS. Дарэчы, для картэжа расчысцілі праспекты адной з самых загружаных сталіц у свеце. Па ўсім зразумела — гэта гістарычны візіт. Асноватворны для развіцця далейшых адносін. Пакуль Мінск спаў, Першы ў Джакарце ўжо праводзіў перагаворы са знакавымі фігурамі інданезійскага ўрада, якія адказваюць за развіццё ключавых кірункаў. Мэта — рэалізацыя стратэгічных інвестыцыйных праектаў.

Інданезія займае чацвёртае месца ў свеце па колькасці насельніцтва — 288 мільёнаў чалавек — гэта адначасова вялізная працоўная сіла і гіганцкі ўнутраны рынак. Што дазваляе краіне быць у вялікай дваццатцы эканомік свету. А цяперашні ўрад робіць стаўку на якасныя пераўтварэнні. Для гэтага патрэбны кампетэнцыі і тэхналогіі.

Па традыцыі перад прылётам Прэзідэнта нашы міністры сустрэліся з пулам сваіх калег. Ужо ўзнята пытанне 30-дзённага бязвізу для беларусаў — менавіта тут Мекка сусветнага турызму. Чаго толькі варты славуты Балі! Можа з’явіцца прамы авіярэйс — ляцець не менш за 16 гадзін. І пасольства Інданезіі ў Мінску. 

Старажытныя пагады, будысцкі храм Барабудур на востраве Ява, храмавы комплекс Прамбанан каля схілу вулкана Мерапі, мячэць Ісцікляль у Джакарце. Але гэта не толькі турыстычная, але і лагістычная Мекка. Гэта скрыжаванне сусветных калідораў, па яванскім марскім хайвеі праходзіць палова ўсіх сусветных тавараў.

Па багацці флоры і фаўны, запасах нікелю — Інданезія займае першае месца ў свеце. Гэта кладоўка вугалю, прыроднага газу і нафты. Але каб асвойваць свае багацці, а не гандляваць імі, каб адысці ад посткаланіяльнага лёсу, Джакарта шукае партнёраў. Як прыклад, у Інданезіі тройчы за год збіраюць ураджай рысу, але для гэтага ім трэба тэхніка і тэхналогіі. 

Суматра і Ява знаёмыя з урокаў школьнай геаграфіі, а Балі — дзякуючы стартаперам і айцішнікам. І пакуль турысты цягнуцца да экзотыкі ў стылі баўнці, сама Інданезія накіроўваецца сваімі дзелавымі цэнтрамі за сусветнымі эканомікамі. Цяпер самая буйная ў свеце астраўная дзяржава адкрывае для сябе беларускі бізнес.

Наша гандлёва-прамысловая палата правяла размашыстую прэзентацыю беларускіх магчымасцяў. Машынабудаванне, нафтахімія, прамысловасць, нават сектар страхавых паслуг. Адукацыя, фармацэўтыка, а можа, стварэнне абсталявання — Інданезія вядома імкненнем развіваць сферу электронікі.

Тут не толькі бізнес-колы і вядомыя прамыслоўцы Беларусі, узаемную цікавасць пацвярджае статуснасць удзельнікаў. Абодва бакі прадстаўлены на ўзроўні віцэ-прэм’ераў, якія яшчэ і ўзначальваюць Міжурадавую сумесную камісію па гандлёвым, эканамічным і тэхнічным супрацоўніцтве.

У густанаселенай Інданезіі эксперты прадказваюць чарговы бэбі-бум. Якасць дзіцячага харчавання на асаблівым кантролі ў дзяржавы, існуюць асобныя дзяржпраграмы. У нас ужо ёсць напрацоўкі, партнёры. Падпісаны кантракт на пастаўку сухога малака. З сямнаццаці падпісаных кантрактаў трэць датычылася малочных прадпрыемстваў: Ваўкавыск, Слуцк, Магілёў, Навагрудак і Ліда. На адным з самых хутка растучых рынкаў у свеце як сыр у масле могуць катацца не толькі нашы малочнікі.

Да Інданезіі дабраліся нашы БелАЗы. У краіне вялікая колькасць руднікоў, і кожны чацвёрты кар’ерны самазвал у свеце купляе менавіта яна. Прыкметная экспансія японскага брэнда. Але цяперашні ўрад гатовы да дыверсіфікацыі крытычнага экспарту, а мы прапануем забяспечыць бесперабойную работу ўжо набытых у нас грузавікоў.

Гіганцкія машыны і міні-трактары спецыяльна распрацаваныя МТЗ для інданезійскага рынку. Трэба шукаць пункты інтарэсаў. МТЗ, дарэчы, прапанаваў ужо спецыяльную тэхніку для гэтага клімату. Так, і ў Інданезію мы едзем на трактары (гэта ўжо стала дыпламатычным выразам) і з дзейснымі лайфхакамі. Так працуем з усім светам. Таму для нас адчыняюць дзверы самыя перспектыўныя эканомікі. А яшчэ іх прыцягвае смелая і сумленная пазіцыя Мінска, навукова-вытворчыя магчымасці Беларусі, і пры гэтым прыхільнасць нашай дыпламатыі да раўнапраўнага дыялогу... 

Колькі ж трэба сіл, каб пераадолець тыя дзясяткі тысяч кіламетраў, прычым за зусім сціслы час. А яшчэ дакладна ведаць, каму, што, як і калі прапанаваць, каб і тавараабарот павялічыць, і міжнародны аўтарытэт замацаваць. Трэба ўражваць! Усе ж чакаюць ад Лукашэнкі нетрывіяльных падыходаў, слоў, дзеянняў. І гэта ва ўмовах рэзкай змены часавых паясоў — калі час класціся спаць, а ты ў гальштуку перагаворы вядзеш. А яшчэ ў зусім іншым клімаце. Вось такі ён — знешнепалітычны клімат нашай краіны, і, як кажуць, «пагоду робіць» Прэзідэнт. У Бацькі на ўсё хапае сілы і волі. Сімвалічна, што ўсё гэта — перад Днём Незалежнасці. Такія камандзіроўкі — для яе, нашай незалежнасці, умацавання. Дзеля гэта і працуе наш Першы. Калі трэба — да світання. Дзеля таго, каб мы сваё світанне кожны раз сустракалі ў мірнай квітнеючай краіне. 

Яўген Пуставой

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю