Top.Mail.Ru
137

Даступнасць і якасць. Такія галоўныя прынцыпы былі і застаюцца ў сістэме нашай адукацыі

Мінулы год стаў завяршальным у рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021–2025 гады і Дзяржаўнай праграмы «Адукацыя і маладзёжная палітыка». За пяцігодку і летась Міністэрства адукацыі зрабіла нямала. Але часу для адпачынку няма і сёння — урад прыняў новую праграму «Беларусь інтэлектуальная», якая паставіла яшчэ больш маштабныя, нават амбіцыйныя задачы.

На выніковай калегіі Мінадукацыі, якая прайшла 10 лютага ў Мінску і на якую з’ехаліся кіраўнікі і прадстаўнікі гэтай сферы з усіх куткоў краіны, якраз і абмяркоўвалі перспектывы развіцця галіны, і, вядома, давалі ацэнку рабоце сістэмы адукацыі за мінулы перыяд. У рабоце калегіі прынялі ўдзел першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў, намеснік Прэм’ер-міністра Наталля Пяткевіч, кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і профільных камісій Нацыянальнага сходу, кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і ўстаноў адукацыі з усёй краіны.

З апорай на практыка-арыентаванасць

Перад пачаткам пасяджэння яго ўдзельнікі знаёміліся са стэндамі, дзе дэманстраваліся навуковыя і іншыя распрацоўкі студэнтаў рэгіянальных ВНУ і каледжаў. Міністр адукацыі Андрэй ІВАНЕЦ падкрэсліў, што на практыка-арыентаванасць як у навучальным працэсе, так і ў навуковай дзейнасці сфера адукацыі будзе абапірацца заўжды. А адна з найважнейшых задач — навуковае суправаджэнне інавацыйнага развіцця эканомікі.

— У снежні мінулага года зацверджана 6 рэгіянальных навукова-тэхнічных праграм, — нагадаў міністр. — І менавіта інжынернатэхнічныя ўніверсітэты павінны стаць магутным драйверам рэгіянальнага развіцця.

Падводзячы вынікі мінулага года, Андрэй Іванец не раз вяртаўся да тэмы практыкаарыентаванасці і папулярызацыі спецыяльнасцяў тэхнічнага профілю. У прыватнасці, ён адзначыў, што ў беларускіх школах у 2025 -м да 50 % павялічылася колькасць навучэнцаў у класах тэхніка-тэхналагічнай накіраванасці. А навучэнцы базавых X—XІ класаў на 100 % ахоплены прафесійнай падрыхтоўкай. Узмоцнена практыка-арыентаванасць і ў сістэме прафесійнай адукацыі.

— Створана 53 цэнтры кампетэнцый, дзе ў адукацыйны працэс укараняюцца сучасныя тэхналогіі, прымяняюцца найноўшыя сродкі навучання і абсталяванне. Штогод больш за 30 тысяч навучэнцаў атрымліваюць веды на іх базе, — сказаў Андрэй Іванец.

Дзеля эфектыўнай самарэалізацыі моладзі

Стварэнне ўмоў для эфектыўнай самарэалізацыі маладых людзей і іх удзелу ў развіцці грамадства — такім быў асноўны пасыл у частцы рэалізацыі маладзёжнай палітыкі, падкрэсліў кіраўнік Мінадукацыі. Толькі ў 2025 годзе забяспечана працоўная занятасць больш за 120 тысяч маладых грамадзян.

Спыніўся Андрэй Іванец і на дасягненнях моладзі, якімі сёння ганарыцца ўся краіна, а таксама на праектах, якія стартавалі летась:

— Многія мерапрыемствы і падзеі адбываліся ў мінулым годзе з прыстаўкай «упершыню». Так, упершыню наш навучэнец стаў абсалютным пераможцам міжнароднай геаграфічнай алімпіяды і ў цяперашні час лічыцца найлепшым юным географам у свеце. У рамках вочна-дыстанцыйнай круглагадовай школы алімпіяднага руху рэалізаваны фармат «Настаўнік і вучань», запушчаны анлайн-школа і новы адукацыйны партал «УЧИМсяВМЕСТЕ.БЕЛ» для педагогаў. Напярэдадні пачатку навучальнага года па ініцыятыве міністэрства стартаваў новы маштабны праект — Нацыянальная школа рэктараў. Ён накіраваны на павышэнне эфектыўнасці сістэмы вышэйшай адукацыі. Яшчэ адна навацыя 2025-га — стварэнне студэнцкіх канструктарскіх бюро (СКБ) для падтрымкі навукова-тэхнічнай дзейнасці навучэнцаў. У 13 ВНУ краіны ўжо створаны 16 такіх бюро па матэрыялазнаўстве, машынабудаванні, мікраэлектроніцы, будаўніцтве і архітэктуры, тэхналогіях харчовай прадукцыі, транспарце, электратэхніцы.

— На дасягнутым спыняцца не збіраемся, — рэзюмаваў Андрэй Іванец. — У 2026 годзе павінна быць арганізавана работа яшчэ як мінімум 5 СКБ.

Працягваючы тэму перспектыў, міністр падкрэсліў, што галоўнымі прынцыпамі пры вырашэнні любых задач застаюцца даступнасць дашкольнай адукацыі для дзяцей ва ўзросце да 2 гадоў для таго, каб у Год беларускай жанчыны нашы маладыя мамы маглі рэалізоўваць сябе прафесійна і пры гэтым быць упэўненымі ў будучыні сваіх маленькіх дзяцей. Другі прынцып — якасць адукацыі.

— Развіццё навуковых школ, навукі ў ВНУ — яшчэ адна немалаважная задача на гэту пяцігодку, — дадаў Андрэй Іванец. — Цяпер ідзе напаўненне канкрэтнымі праектамі. Упэўнены, гэта дасць новы імпульс узаемадзеяння ВНУ з галіновай і акадэмічнай навукай.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю