Top.Mail.Ru

Даведаліся, што робіцца ў Магілёўскай вобласці для эфектыўнай работы сельскагаспадарчай галіны

Хуткая дапамога для аграрыяў


Летась у складзе холдынга «Аграмашсэрвіс» былі створаны дадатковыя мехатрады пры некалькіх райаграпрамтэхзабах. Яны задзейнічаны на ўзворванні, вывазе ўгнаенняў, нарыхтоўцы кармоў, жніве. Тэхніка, на якой працуюць мехатрады, пад пільным наглядам арганізацый, пры якіх яны створаны. Усё гэта разам спрыяе павелічэнню эфектыўнасці працы. Як дзейнічае гэты зладжаны механізм, расказвае намеснік генеральнага дырэктара — дырэктар базы ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Аграмашсэрвіс» Ігар Казаноўскі.

Па выніках работы за першае паўгоддзе арганізацыі холдынга вырабілі прадукцыі, выканалі работ, аказалі паслуг на 168 мільёнаў рублёў. Чыстага прыбытку атрымана 6,7 мільёна рублёў. 

— Для забеспячэння ў рамонтны перыяд рэзерву запчастак да сельскагаспадарчай тэхнікі сфарміравана дылерская сетка, — адзначае Ігар Казаноўскі. — Нашы аграсэрвісы наўпрост узаемадзейнічаюць з вытворцамі запасных частак. Гэта дазваляе эфектыўна працаваць у любых умовах. Напрыклад, ААТ «Задняпроўскі міжрайаграсэрвіс» забяспечвае эфектыўнае сэрвіснае абслугоўванне сямі раёнаў вобласці ў якасці дылера ААТ «МТЗ» і 16 раёнаў — у якасці дылера ААТ «Гомсельмаш». Па такім жа прынцыпе працуюць і астатнія райаграпрамтэхзабы. Закупкі дэталяў вядуцца на ўмовах 100-працэнтнай перадаплаты.

На сёння дзякуючы сетцы дылерскіх цэнтраў і эфектыўнай сістэме забеспячэння запас запчастак да збожжаўборачных камбайнаў зроблены на суму 1,5 мільёна рублёў, кормаўборачнай тэхнікі — 2,2 мільёна рублёў, трактароў — 800 тысяч рублёў, глебаапрацоўчай і пасяўной тэхнікі — 1 мільён рублёў. У наяўнасці таксама шыны на суму 105,9 тысячы рублёў, іншыя запчасткі — усяго на больш як 8 мільёнаў рублёў.

Штогод холдынг сумесна з райсельгасхарчамі праводзіць маніторынг тэхнікі сельгасарганізацый вобласці на прадмет выяўлення транспарту, які падлягае спісанню. На дадзены момант на другасным рынку прадпрыемствам рэалізаваны 142 адзінкі тэхнікі на 2,3 мільёна рублёў. Арганізацыі холдынга маюць шырокую тавараправодную сетку, праз якую аграгаспадаркі вобласці атрымліваюць мінеральныя ўгнаенні, хімсродкі для абароны раслін, запчасткі да сельскагаспадарчай тэхнікі і іншыя рэсурсы вытворча-тэхнічнага прызначэння.

— Галоўнай мэтай у развіцці прадпрыемстваў холдынга «Аграмашсэрвіс» і надалей будзе фарміраванне ўстойлівай і канкурэнтаздольнай вытворчасці, пашырэнне зон па рамонце і тэхабслугоўванні складанай сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання, рамонце вузлоў і агрэгатаў, вырабе запчастак, сэрвісным абслугоўванні імпартнага і айчыннага абсталявання даільных залаў, пашырэння спектра паслуг, што аказваюцца мехатрадамі, — падзяліўся планамі Ігар Казаноўскі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю