Гаспадарка, цэнтральная сядзіба якой знаходзіцца ў аграгарадку Рэчкі, адна з перадавых у Магілёўскім раёне. Беларусы яе добра ведаюць па разнастайных мясных вырабах. У гаспадарцы гадуюцца птушкі, свінні, буйная рагатая жывёла, асноўныя кармы нарыхтоўваюцца тут жа на месцы. На 11 тысячах гектараў вырошчваюцца збожжавыя культуры і травы. Работа кіпіць круглы год, але вясновы перыяд наогул вельмі адказны — закладваецца будучы ўраджай. Карэспандэнт «Звязды» даведалася, ад чаго залежыць настрой механізатараў і як гаспадарка забяспечвае іх не толькі тэхнікай, але і абедамі.
Каб уявіць сабе, наколькі вялікія пасяўныя плошчы «Зары», дастаткова сказаць, што адлегласць паміж крайнімі пунктамі складае тут 80 кіламетраў. Асноўныя культуры, якія вырошчваюцца, з азімых — пшаніца, ячмень, рапс, з яравых — ячмень і кукуруза, плюс аднагадовыя і шматгадовыя травы.
— Яравы ячмень і травы ўжо амаль пасеялі, — удакладняе галоўны аграном Дзяніс Паўлоўскі. — Зараз тэхніка задзейнічаная на заворванні арганікі пад кукурузу. Як толькі крыху пацяплее, адразу ж пачнём сеяць.
Механізатары кожны пагодлівы дзень у полі, але пра абеды турбавацца ім не трэба. Гэта клопат тутэйшых повараў.
На сённяшні дзень паслугамі сталовай карыстаецца каля 60 чалавек. Падчас уборачнай лічба павялічыцца як мінімум удвая.
— Кормім не толькі тых, хто працуе ў полі. У нас харчуюцца і работнікі камбікормавага завода, — кажа загадчыца сталовай Аліна Рослава. — Ахвотныя могуць заказаць абед з дастаўкай, калі няма магчымасці пакінуць працоўнае месца. Усе прадукты ўласнай вытворчасці. Не толькі мяса і малако, але і садавіна-агародніна.
У цэлым абед на чалавека атрымліваецца важкі — болей як кілаграм ежы: салаты 100 грамаў, супу — 500, гарніру — 200, плюс 150-200 грамаў мяса. Яно, дарэчы, кожны дзень рознае. Рыба, напрыклад, як у добрыя савецкія часы, падаецца па чацвяргах, у астатнія дні ў меню прысутнічае мяса птушкі, свініна, ялавічына. Акрамя мяса ў чыстым выглядзе, яно кладзецца ў тую ж салянку, або суп з ячнымі крупамі і грыбамі, а часам і ў салату. Плюс на кожнага — 200 грамаў кампоту і бутэлька пітной вады. Ну і, канешне, — дэсерт.
— Камбайнеры вельмі любяць выпечку — смажанкі, сасіскі ў цесце, — усміхаецца загадчыца сталовай. — Або даём фрукты, цукеркі ці печыва, што таксама вітаецца.
З сур’ёзнай ежы механізатары аддаюць перавагу баршчу з буракоў і капусты, а яшчэ салянцы. Як сапраўдныя бульбашы на другое ахвотна ядуць дранікі, фаршыраваныя мясам, любяць мачанку з блінамі, смажаніну. А летам лепшая страва — халаднік. Гатовыя есці яго хоць кожны дзень.
— Вывучаем попыт. Калі нашым працаўнікам нешта не падабаецца, знімаем з вытворчасці, — удакладняе Аліна Рослава. — Галоўнае, усё робіцца з душой. Нездарма нават прыезджыя кажуць, што ежа ў нас па-дамашняму смачная.
На кухні ўжо з шасці раніцы кіпіць работа. На дзень гатуецца 30 літраў супу, але гэта пакуль толькі пачатак палявых работ, аб’ёмы з часам будуць толькі ўзрастаць. Гарніру робіцца 13 кілаграмаў, салаты — 7 кілаграмаў, выпечкі — 7,5 кілаграма. І ўсё гэта ствараецца рукамі ўсяго чатырох чалавек. Усе яны на сваім месцы, вопыту хапае. Кухонны работнік Ала Ярашэвіч у калгасе працуе 33 гады, з іх 26 — у сталовай. Повар Вольга Уласава ў камандзе два гады, але ў сістэме грамадскага харчавання ўжо 17, працавала ў школах Шклова і Магілёва. Прызнаецца, што прыходзілася гатаваць нават на 700 чалавек. Таму для яе тутэйшыя маштабы зусім сціплыя.
Абіраць бульбу дзяўчатам не трэба, з гэтым добра спраўляецца агародніначыстка. Наогул сродкаў механізацыі ў сталовай хапае і штогод нешта мяняецца ці дадаецца. Гатаваць смачны і сакавіты дэсерт, які так любяць механізатары, дапамагае параканвектамат.
— Мы нашых хлопчыкаў не крыўдзім, — усміхаецца Вольга Уласава. — Нават таджыкі, якія спачатку казалі: то тое не ядзім, то другое, — чыстыя талеркі пакідаюць. У нашым выкананні яны і рыбу, і грыбы, і бабку паважаюць. Толькі падавай.
Да а паловы адзінаццатай трэба ўжо цалкам сфарміраваць абеды, а роўна ў 11.00 калгасная «Газель» пачынае аб’езд. Адлегласці вялікія, а трэба паспець да 13.00, каб чалавек смог паснедаць. Экіпаж у складзе вадзіцеля і кухоннага работніка клапоціцца не толькі своечасова прыбыць на месца, а і арганізаваць пункт прыёму ежы на свежым паветры па ўсіх правілах. У машыне акрамя тэрмасаў і тэрмасумак са сфарміраванымі абедамі едуць таксама стол і крэслы. Для стала прадугледжаны абрус, каб усё было па-дамашняму. Для аматараў вострых спецый — гарчыца, аджыка.
У тэрмасумках — 36 гарачых абедаў. Па дарозе трэба заехаць на МТК у Рэчках, Гіганце, Салтанаўцы, адшукаць механізатараў, якія працуюць у палях каля Бракава, Булыжыц, Хатак, Сухароў. Едзеш, а вакол прыгажосць, здалёк бачна, як механізатарам дапамагаюць буслы, у адным месцы налічылі аж 24 птушкі. Настрой у мужчын баявы, працуюць зладжана, бо ёсць матэрыяльны інтарэс. «Ад выпрацоўкі залежыць зарплата», — коратка тлумачыць трактарыст-машыніст Сяргей Алянкоў. Паеў і хуценька за руль. Час такі, вясновы дзень год корміць. Работа ў сельскай гаспадарцы спецыфічная, тут наогул не любяць раскрываць планы. Вось і намеснік генеральнага дырэктара па раслінаводстве Яўген Селюгін сціпла адказвае на пытанне пра будучы ўраджай, што планы на яго добрыя, спадзяюцца сабраць не менш, чым летась.
У тэму
Па інфармацыі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама, на раніцу 27 красавіка сяўба ранніх збожжавых яравых і зернебабовых культур была праведзена на плошчы 112 тысяч гектараў (100 % ад запланаванага), цукровыя буракі пасаджаны на плошчы 9,6 тысячы гектараў (82 %), лён — 6,5 тысячы гектараў (95 %), яравы рапс — 3,8 тысячы гектараў (67 %). Другая падкормка азімых збожжавых праведзена на плошчы 77,4 тысячы гектараў (37%), рапсу — на 68,1 тысячы (95 %), кукурузы пасаджана на 17,3 тысячы гектараў (11 % ), у тым ліку — 16 тысяч гектараў (37 %) — на зерне. Па словах начальніка ўпраўлення інтэнсіфікацыі раслінаводства і меліярацыі Ліліі Гулінскай, нягледзячы на нізкія начныя тэмпературы, палявыя работы ідуць без праблем.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва аграгаспадаркі