Дэлегаты УНС цяпер актыўна працуюць у рэгіёнах, каб данесці да як мага большай колькасці людзей пастаўленыя задачы і вызначаныя мэты на найбліжэйшую пяцігодку. Сустрэчы праводзяцца ў працоўных калектывах, на сходах жыхароў. На чым расстаўляе акцэнты на падобных сустрэчах старшыня райвыканкама, мы даведаліся ў кіраўніка Клічаўскага раёна Віктара Рэбкаўца.
— Задачы і арыенціры, якія былі пастаўлены падчас Усебеларускага народнага сходу і зацверджаны ў праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на пяцігодку, адлюстраваны і ў праграме развіцця нашага раёна. Пра іх згадваю і падчас дзён інфармавання, і на сустрэчах з працоўнымі калектывамі, — расказаў Віктар Мікалаевіч. — Як дэлегат дзяліўся ўражаннямі з актывам раёна, рабіў акцэнт на словах і пасылах Прэзідэнта. Мы ўсе зацікаўлены ў тым, каб была моцная эканоміка. А для таго, каб яна мацнела, патрэбны інвестыцыі. Не трэба чакаць, што яны з’явяцца самі сабой, трэба вельмі актыўна і старанна над гэтым працаваць. Заклікаў кожнага дзейнічаць у гэтым кірунку, выкарыстоўваць кожную магчымасць прыцягваць грашовыя сродкі ў нашу мясцовасць.
Клічаўскі раён сельскагаспадарчы, і патэнцыял тут вялікі. Летась, 30 снежня, здалі адзін з сучасных МТК.
— Плануем сёлета пабудаваць яшчэ адзін на базе УКСП «Саўгас «Доброволец», — дзеліцца старшыня райвыканкама. — У найбліжэйшы час планую як дэлегат данесці да працоўнага калектыву гэтай гаспадаркі тое, пра што ішла гаворка на УНС. Нагадаць, якія існуюць прыярытэты і што трэба для таго, каб іх дасягнуць. Гэту ж тэму абмяркуем на сустрэчы з маладымі спецыялістамі нашага раёна.
Асабліва звяртае дэлегат УНС увагу на развіццё турыстычнага патэнцыялу. У нас на гэта вялікія планы.
— Сёння вырашаецца магчымасць стварэння на базе нашага раёна рэспубліканскага Цэнтра партызанскага руху, — расказвае Віктар Рэбкавец. — Маем цудоўны музей, істотна рэканструяваны мемарыяльны комплекс «Усакіна», захоўваем гісторыю дыверсійна-разведвальнага атрада спецыяльнага прызначэння «Слаўны», сёлета капітальна абнавілі Курган бяссмерця. Гэта тэма з’яўляецца для нас краевугольным каменем, будзем і далей развівацца ў дадзеным кірунку. Клічаўскі раён наогул аўтэнтычны, бо знаходзіцца крыху адасоблена, у баку ад асноўных дарог, ад цэнтра. У нас вельмі добра захавалася даўніна, і мы шмат чаго робім для папулярызацыі народнай спадчыны. Гэта таксама наша разыначка, якая прыцягвае турыстаў.
Яшчэ адзін важны акцэнт для развіцця раёна — міжнароднае супрацоўніцтва.
— Наладжваем сувязі з КНР. І гэта ў духу праграмы, бо аб супрацоўніцтве з гэтай краінай Прэзідэнт асобна гаварыў на УНС, — адзначае суразмоўца. — Летась прадстаўнікі Кітая двойчы наведвалі наш раён, яны зацікаўлены заняцца ў нас бізнесам у сферы раслінаводства і перапрацоўкі з прыцэлам на экспарт. Мы выдзелілі ім участак для вырошчвання соі. Яны зрабілі аналіз глебы, каб ацаніць патрэбу ва ўгнаеннях і патэнцыяльную ўраджайнасць. У рамках пілотнага праекта сёлета на адным з палёў саўгаса «Доброволец» плануецца высадзіць першыя гектары соі. Мы таксама прадэманстравалі гасцям з Паднябеснай сваю культурную спадчыну. Яны былі ў захапленні ад сувенірных вырабаў нашых дзяцей, высока ацанілі іх талент. Мы пераканаліся, што гэта таксама можа быць запатрабавана.
І галоўнае — сёння вельмі важна захаваць мір на зямлі. Гэтая тэма таксама вельмі моцна прагучала на УНС.
— Пры кожнай магчымасці я нагадваю жыхарам раёна: калі мы будзем узгоднена і з аддачай працаваць, годна выконваць задачы праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, мы будзем непераможныя, — гаворыць Віктар Рэбкавец.
Нэлі ЗІГУЛЯ