Народнага выбранніка добра ведаюць у працоўных калектывах, школах, грамадскіх арганізацыях Асіповіцкага, Клічаўскага і Глускага раёнаў, якія ўваходзяць у яго дэпутацкую акругу. «МС» даведалася, на чым акцэнтуе сваю ўвагу намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Алег Дзячэнка.
Пытанні ад народа
У сакавіку парламентарый правёў прыём грамадзян у Асіповіцкім раёне і выязны — у Клічаўскім. У рамках Адзінага дня дэпутата пабываў на тэрыторыі Бацэвікага сельсавета дзе сумесна са старшынёй Клічаўскага райсавета Наталляй Грашылавай прымаў жыхароў. З улікам прамых тэлефонных ліній было разгледжана 20 зваротаў. Пытанні датычыліся захавання гістарычнай памяці, эканомікі, абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адходамі, добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў, рамонту і ўтрымання дарог, сацыяльнага і пенсіённага забеспячэння, аховы здароўя, адукацыі і навукі і іншых сфер.
Алег Дзячэнка адзначае, што некаторыя звароты грамадзян немагчыма задаволіць у сілу абмежаваных матэрыяльных рэсурсаў або з-за таго, што яны выходзяцьза рамкі заканадаўства. Але ў любым выпадку з кожным заяўнікам праводзіцца грунтоўная работа.
Падчас апошняга візіту ў сваю акругу парламентарый прааналізаваў, як на месцы дзейнічае Закон Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці рэлігійных арганізацый», які быў прыняты два гады таму. Пры сустрэчы з прадстаўнікамі праваслаўнага і каталіцкага духавенства дэпутат цікавіўся, наколькі рэзультатыўнымі былі змяненні. Па словах Алега Дзячэнкі, рэлігійныя лідары адабраюць абноўленае заканадаўства і пацвярджаюць, што яно эфектыўна абараняе правы і свабоды грамадзян.
Сумесна са старшынямі раённага і сельскіх Саветаў дэпутатаў і кіраўніцтвам вертыкалі мясцовай выканаўчай улады Алег Дзячэнка наведаў у сакавіку 16 прадпрыемстваў і арганізацый у сваёй акрузе, сустрэўся з прадстаўнікамі працоўных калектываў, адказаў на хвалюючыя пытанні.
— Мэта гэтых сустрэч не толькі ў тым, каб праінфармаваць выбаршчыкаў аб унутранай і знешняй палітыцы нашай дзяржавы і даць справаздачу пра тое, што зроблена па дэпутацкай лініі, але і прааналізаваць, як рэалізуюцца на практыцы законы, прынятыя Палатай прадстаўнікоў за два апошнія гады, — кажа ён. — Парламентарыямі за гэты тэрмін прынята 140 законаў. Важна таксама высветліць, якія прававыя нормы неабходна змяніць або прыняць, каб адрэгуляваць грамадскія адносіны.
На ахове народных інтарэсаў
Кантроль забеспячэння насельніцтва харчовымі і прамысловымі таварамі — таксама клопат дэпутата. Падчас апошняга візіту ў акругу быў праведзены маніторынг асартыменту тавараў у 12 гандлёвых аб'ектах — Асіповіцкага і Клічаўскага раёнаў.
— Фактаў істотнага павелічэння цэн у гандлёвых аб'ектах, якія давялося наведаць, не ўстаноўлена, — паведаміў суразмоўнік. — Плода-агароднінная прадукцыя айчынных і замежных вытворцаў рэалізуецца па цэнах, не перавышаючых гранічныя максімальныя адпускныя цэны, устаноўленыя пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь. Асартымент тавараў разнастайны і даступны для пакупнікоў. Скаргаў і зваротаў на якасць абслугоўвання і цэнаўтварэння ад пакупнікоў на момант праверкі не паступала. Парадаваў шырокі асартымент харчовых і прамысловых тавараў у краме «Родны кут» у аграгарадку Арэхаўка Клічаўскага раёна. Вельмі добры прыклад для іншых.
Школа дэпутата
У Асіповіцкім раёне па ініцыятыве старшыні райсавета Уладзіміра Рыжанкова рэгулярна праводзіцца вучоба органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Старшыні сельсаветаў і старасты сельскіх населеных пунктаў абменьваюцца вопытам работы па добраўпарадкаванні тэрыторый, захаванні гістарычнай памяці, падтрыманні нацыянальных і культурных традыцый. Такая ж практыка існуе ў Глускім і Клічаўскім раёнах.
— Мясцовыя органы ўлады працуюць па дасягненні прыярытэтаў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026—2030 гады, — канстатуе суразмоўнік. — На апошнім пасяджэнні Асіповіцкага райвыканкама былі разгледжаны 30 пытанняў, звязаных з рашэннем надзённых праблем выбаршчыкаў.
Алег Дзячэнка падкрэслівае, што работа ў цесным кантакце з дэпутатамі мясцовых Саветаў, старшынямі сельвыканкамаў, мясцовымі актывістамі, прадстаўнікамі палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў,
Маладзёжных саветаў мае плён. Яна дазваляе вывучыць грамадска-палітычную сітуацыю, выявіць спецыфіку фарміравання грамадскай думкі і палітычных настрояў.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва
Алега ДЗЯЧЭНКІ