Для старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігара Марзалюка стасункі з насельніцтвам — індыкатар эфектыўнай работы законаў на месцах. «Кожны мой крок у парламенце абапіраецца на жывую размову з выбаршчыкамі», — кажа ён. А іх у выбарчай акрузе № 84 (частка Магілёўскага раёна і — Ленінскага г. Магілёва), якую ён прадстаўляе, амаль 59 тысяч.
З выездам на месца
Доктар гістарычных навук, прафесар, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, парламентарый, член Міжведамаснай камісіі па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі ў інфармацыйнай сферы пры Савеце Бяспекі Рэспублікі Беларусь — Ігар Марзалюк шмат чаго робіць для ўмацавання дзяржаўных інтарэсаў на айчыннай і сусветнай арэне. У сваёй парламенцкай дзейнасці ён арыентуецца перш за ўсё на інтарэсы выбаршчыкаў.
— Эфектыўныя законы нараджаюцца ў зваротнай сувязі з тымі, хто сутыкаецца з праблемамі на месцах — у школах, ВНУ, музеях, на прадпрыемствах, — падкрэслівае ён. — Менавіта таму кожны крок у парламенце павінен звярацца з тымі, хто цябе выбіраў і з кім ты ў прафесіі.
Летась парламентарый правёў 8 асабістых прыёмаў грамадзян, каля 90 сустрэч у працоўных калектывах, пачынаючы ад дзіцячых садоў, заканчваючы прамысловымі прадпрыемствамі. Маніторыў цэны ў гандлёвых аб’ектах. Выязджаў ва ўстановы адукацыі, глядзеў, як працуюць навацыі новага Закона «Аб адукацыі». Закон «Аб ветэранах» таксама абмяркоўваўся не толькі ў кабінетах. Парламентарый непасрэдна сустракаўся з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, былымі вязнямі канцлагераў, ветэранамі ваенных дзеянняў у гарачых кропках, удовамі, чыя сужэнцы загінулі пры выкананні службовых абавязкаў. Гэтыя людзі ў выніку атрымалі правы на дадатковыя льготы.
— Тое, што людзі ідуць да нас не толькі з пытаннямі, але і падзякамі, пацвярджае, што інстытут дэпутацкай дапамогі запатрабаваны і эфектыўны, — кажа суразмоўнік. — Галоўны лозунг маёй работы ў акрузе — не замест, а разам. Усё робіцца ў цесным узаемадзеянні з Магілёўскімі гарвыканкамам і аблвыканкамам. Вельмі ўдзячны старшыні аблвыканкама Анатолю Ісачанку — сапраўднаму гаспадарніку і патрыёту.
У сваіх выступленнях Ігар Марзалюк звяртае ўвагу на ход рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на пяцігодку да 2030 года, якая была зацверджаная на VІІ Усебеларускім народным сходзе.
— У праграме чорным па белым напісана, што галоўная каштоўнасць — гэта чалавек, — кажа дэпутат. — Нават калі ён памыліўся і быў асуджаны. Сустракаўся з тымі, хто адбывае пакаранне ў папраўчых калоніях № № 15 і 17 у Магілёве і Шклове. У Бабруйску таксама наведваў зняволеных, размаўляў з тымі, хто асуджаны за дзеянні экстрэмісцкай накіраванасці. Лічу, што гэта вельмі важна для будучага краіны. Наша самая вялікая каштоўнасць, якую мы маем дзякуючы Прэзідэнту,
— мірная Беларусь. У мэтах захавання міру я раблю шмат сустрэч. Тлумачу, чаму ў нас такая знешняя палітыка і ў чым мы прынцыпова будзем адстойваць свой пункт гледжання. Расказваю пра станаўленне беларускай дзяржаўнасці. Сёння ўсё накіравана на тое, каб кансалідаваць грамадства, таму што на ўсіх нас адна краіна і, па вялікім рахунку, адна і тая ж мэта — паляпшэнне якасці жыцця ва ўсіх яго праявах. І ў гэтым мы павінны пачынаць з сябе. Як казаў Прэзідэнт: «Кожны на сваім месцы павінен якасна выконваць свае задачы».
На карысць міжнародных сувязяў
Важная місія парламентарыя — выступаць ад імя беларускага народа ў розных краінах свету. Ігар Марзалюк — намеснік старшыні Пастаяннага камітэта Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў-членаў СНД па навуцы і адукацыі. Удзельнічаў у распрацоўцы і разглядзе тыпавых заканадаўчых актаў МПА СНД у галіне нацыянальнай бяспекі, навукі і адукацыі. У рамках дзейнасці пастаяннай камісіі ён падтрымлівае стасункі з калегамі з краін Лацінскай Амерыкі, Карыбскага басейна, Казахстана. Камунікуе з аднадумцамі з Азербайджана, Кубы, Сербіі.
— Такім чынам мы заяўляем аб сабе і садзейнічаем прасоўванню нашага адукацыйнага і культурнага патэнцыялу за мяжой, — кажа Ігар Марзалюк. — Людзі бачаць, што менавіта дзякуючы цвёрдай пазіцыі кіраўніка нашай дзяржавы Беларусь застаецца астраўком міру і стабільнасці ў рэгіёне, дзе ідуць ваенныя канфлікты.
На ўмацаванне навукі
Хто валодае тэхналогіямі, валодае ўсім светам — так можна перафразаваць вядомы афарызм. Прэзідэнт неаднаразова нагадваў, што пытанне нацыянальнай бяспекі — гэта навука.
— Летась па даручэнні кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў праводзіўся глыбокі маніторынг сітуацыі ў навукова-педагагічнай сферы, — паведаміў суразмоўнік. — На базе трох вядучых ВНУ Магілёўскай вобласці — МДУ імя А. А. Куляшова, Беларуска-Расійскага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій я прааналізаваў даходы навукоўцаў, якія маюць ступені і званні. Па выніках маніторынгу падрыхтаваў пакет канкрэтных прапаноў па змене сістэмы акладаў і павышаючых каэфіцыентаў для прафесарска-выкладчыцкага складу. Заканадаўства — гэта не проста галасаванне ў Авальнай зале, а скрупулёзны аналіз правапрымяняльнай практыкі, выезды на месца, дзясяткі сустрэч з людзьмі.
Вельмі важна таксама абараніць аб’екты інтэлектуальнай уласнасці, бо, як падкрэслівае суразмоўнік, гэта — аснова для пабудовы беларускай высокатэхналагічнай інавацыйнай эканомікі. Сёлета ў першым чытанні Палата прадстаўнікоў прыняла праект адпаведнага закона, што быў распрацаваны Пастаяннай камісіяй, якой кіруе Ігар Марзалюк. Асноўная мэта законапраекта — комплексная карэкціроўка заканадаўства, якое існуе, аб інтэлектуальнай уласнасці, аптымізацыя адміністрацыйных працэдур і ўзмацненне абароны правоў, у тым ліку таварных знакаў.
Навука і патрыятызм — паняцці ўзаемадапаўняльныя
На думку суразмоўніка, патрыятызм можна і трэба выхоўваць праз навуку і творчасць. Цікавасць да даследаванняў развівае не толькі схільнасць да інжынернай справы, але і патрыятычныя пачуцці — зрабіць нешта значнае для сваёй краіны, абараніць яе.
— Сёння мы працуем над замацаваннем сістэмы механізмаў, якія дазволяць таленавітым дзецям праз Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк атрымаць пуцёўку у вялікую навуку, — адзначае Ігар Марзалюк.
Наогул без патрыятычнага выхавання, ведання сваёй гісторыі, адкуль мы і чаму наша краіна такая, якая ёсць, нельга вызначыць перспектывы яе развіцця. Ігар Марзалюк з’яўляецца заснавальнікам ваенна-патрыятычнага клуба «Рысь» пры атрадзе спецпрызначэння вайсковай часці 3214, актыўна дапамагаў ствараць такі ж клуб у Касцюковічах.
— Патрыятызм — гэта не абстрактныя паняцці, гэта канкрэтныя справы, урокі мужнасці, захаванне імён герояў, праўды пра вайну, — кажа ён. — Ужо другі год запар я працягваю цыкл сваіх выступленняў «Бессмяротная слава Вялікай Перамогі». Расказваю пра гераізм і мужнасць нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, яго ўнёсак у вялікую Перамогу. І сваю нядаўнюю кнігу «Кроў на белым тле» я якраз прысвяціў тым падзеям, якія былі звязаныя з перыядам акупацыі.
Нэлі ЗІГУЛЯ