Top.Mail.Ru

Дэпутаты Магілёўшчыны расказалі як насельніцтва і мясцовыя арганізацыі адрэагавалі на выклік стыхіі

«Бяда нас згуртавала»

Магілёўскі раён — адзін з найбольш пацярпелых ад нядаўняга ўрагану. Пасля яго некаторыя вёскі нагадвалі зону баявых дзеянняў. Дамы без дахаў, з коранем вырваныя з зямлі дрэвы, разбітыя вокны, паваленая агароджа. Але людзі не засталіся сам-насам з бядой. Дэпутаты сталі той каардынуючай сілай, якая дапамагала аператыўна вырашаць складаныя пытанні. Агульнымі намаганнямі большасць наступстваў непагадзі ўжо ліквідавана.

Вейнянскі сельсавет — гэта сем населеных пунктаў, дзе жыве 6,5 тысячы чалавек. Шквалісты вецер нарабіў шмат бяды на вялікай частцы тэрыторыі.

— Адна з найбольш пацярпелых вёсак у нашым сельсавеце — Зацішша, — расказвае старшыня сельсавета Марына Ісакава. — Тут шмат цалкам і часткова сарваных дахаў, амаль каля кожнага дома ляжалі дрэвы. У населеным пункце жыве наш дэпутат Ала Віктараўна Якімцова, якая таксама пацярпела ад непагадзі. На яе доме знесла палову даха. Але калі я папрасіла яе аператыўна сабраць звесткі па стратах ва ўсёй вёсцы, яна адклала асабістыя справы і стала высвятляць, каму патрэбна падтрымка. Гэтым яна вельмі дапамагла. У такой справе важна, каб побач быў чалавек, на якога можна абаперціся.

Да ліквідацыі наступстваў стыхіі далучыліся заканатворцы ўсіх узроўняў. У Магілёве разам з гараджанамі працавалі член Савета Рэспублікі Канстанцін Сіроцін і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Галіна Бяляева і Уладзімір Падабед.

Парадак у Зацішшы наводзілі і жыхары, і дэпутаты, і прадстаўнікі самых розных службаў. Гэта дапамога была дарэчы, бо стыхія нарабіла столькі бед, што немагчыма было ўсюды паспець. Старшыня сельсавета з удзячнасцю расказвае пра прадпрымальнікаў-піларамшчыкаў, якія самі званілі і прапаноўвалі дапамогу. Прызнаецца, што гэта было вельмі кранальна і па-чалавечы. Свае паслугі прапаноўваў і лясгас, хоць маштабы страт у яго таксама не маленькія.

— Падтрымка людзей была каласальная, — адзначае суразмоўніца. — Сітуацыя згуртавала народ. Жыхары Зацішша наогул ніколі асабліва не скардзіліся. Вёска знаходзіцца непадалёк ад Магілёва, месцічы па дробязях нас не турбуюць. А калі здарылася сапраўднае няшчасце, выйшлі і пачалі самі ўсё рабіць. Радня з’ехалася, людзі бралі выхадныя за свой кошт і наводзілі парадак. Шмат хто звяртаўся ў сельсавет па пацвярджэнне, што пацярпелі. Прадпрыемствы аказвалі ім дапамогу

Ад буралому вельмі пацярпелі грамадскія могілкі. Марына Ісакава расказвае, што была прыемна ўражаная, калі на наступны дзень пасля ўрагану ехала а палове восьмай раніцы праз вёску Вільчыцы і ўбачыла на могілках шмат людзей. Яны пілавалі паваленыя дрэвы і выносілі іх за тэрыторыю. 

Не глядзелі, дзе сваё, дзе чужое — працавалі сумленна. Прыбіралі і ў сябе, і ў суседзяў.

Дэпутат Валерый Башарымаў, кіраўнік мясцовай гандлёвай сеткі, паклапаціўся прыбраць паваленыя дрэвы не толькі са сваіх крам, але і з пабудоў райспажыўкааперацыі, прыпыначнага павільёна.

— Ён таксама не глядзеў, дзе яго, дзе чужое, — канстатуе Марына Ісакава. — Бачыў беспарадак і дзейнічаў па клічу сэрца. Ён жа дапамагаў людзям у вёсцы 

Зацішша. Усе аб’ядналіся, бо было зразумела — адзін нічога не зробіш.

Адметна і тое, што дэпутаты ў экстрэмальнай сітуацыі паказалі: яны — надзейнае звяно паміж насельніцтвам і ўладай. Праз стараст і актывістаў у сельсаветы паступала своечасовая інфармацыя, што давала магчымасць найбольш дакладна ацаніць абстаноўку ў першыя хвіліны бяды, а таксама карэкціраваць працэс аднаўлення.

  • — Напрыклад, мы ведалі, што святло ў вёсцы Зацішша ўключылі, але ж былі адзінкавыя дамы, куды яно не дайшло, — кажа старшыня сельсавета. — Нашы памочнікі абзванілі жыхароў і аператыўна паведамілі вынікі ў сельсавет. З той жа Алай Якімцовай мы былі на сувязі ўсе гэтыя дні. Яшчэ адна неабыякавая жанчына — былая настаўніца Ганна Папова — жыве ў пасёлку Смалякоў. Дзякуючы ёй дэпутат ведае, чым вёска «дыхае».

Старшыня Магілёўскага райсавета Сяргей Ярошчанка дадае, што бяда вельмі згуртавала людзей. Аказвалася дапамога ўсімі прадпрыемствамі і арганізацыямі, незалежна ад формы ўласнасці.

— Населеныя пункты на раніцу панядзелка ўжо былі адноўлены, святло падключана, водазабеспячэнне наладжана, — кажа ён. — Цяпер актыўныя работы ідуць на могілках. Правёў перагаворы з нашымі дрэваапрацоўшчыкамі, яны выдзелілі людзей з бензапіламі, каб дапамагчы навесці парадак. Што датычыцца дэпутатаў, то нават тыя, хто быў у адпачынку, разумеючы вастрыню пытання, далучыліся.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю