Незвычайную ініцыятыву пад назвай «Чароўны клубочак» рэалізавалі парламентарыі разам з грамадскай арганізацыяй «Беларускі саюз жанчын» па збору нітак для пастаяльцаў Свірскага сацыяльнага пансіяната «Маяк». Дзякуючы дэпутатам парламента Галіне Бяляевай і Наталлі Тарасенкі, акцыя знайшла вялікі водгук і ў жыхароў Кастрычніцкага раёна Магілёва.
— За некалькі дзён педагагічныя калектывы, а таксама навучэнцы і выхаванцы 46 устаноў адукацыі Кастрычніцкага раёна сабралі вялікую колькасць нітак ўсіх відаў і колераў, — паведаміла Галіна Бяляева. — Вялізную каробку перадалі работнікі Магілёўскага аўтазавода імя Кірава, супрацоўнікі бібліятэкі ім. А. С. Пушкіна. Некаторыя ўдзельнікі прыносілі ніткі не толькі для вязання, але і для вышывання, а таксама спіцы і кручкі.
Значную частку падарункаў мы завезлі ў Расцянскі сацыяльны пансіянат «Прыазёрны», дзе рукадзеллем захапляюцца нават мужчыны. Дамовіліся зноў наведаць установу ў сакавіку, каб паглядзець, што яны звяжуць з нашай пражы.
Астатнюю дапамогу дэпутаты перадалі ў Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Кастрычніцкага раёна. Разам з імі ўстанову наведалі кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Пётр Салаўёў, дэпутат Парламента Уладзімір Падабед, прадстаўнікі завода імя Кірава. Акрамя нітак Цэнтру сацабслугоўвання перадалі капіявальную тэхніку і салодкія падарункі. Падчас цёплай гутаркі з наведвальнікамі ўстановы ўспаміналі, як шмат добрых змен адбылося ў Магілёве за апошні час. Гэта і рэканструкцыя праспектаў, і ачыстка Грабянёўскага вадасховішча, і нядаўна пабудаваны падземны пераход. А яшчэ размаўлялі пра выбары і іх важнасці. Напаследак наведвальнікі Цэнтра сацабслугоўвання падзяліліся планамі наконт падораных нітак. Яны збіраюцца працягнуць эстафету дабра і вязаць пінеткі і шкарпэткі для дзяцей, якія засталіся без бацькоў.
Фота з архіва Галіны БЯЛЯЕВАЙ