Урачыстае адкрыццё адбылося — у афлайн- і анлайн-фармаце. Яго ўдзельнікамі сталі рэктары Белдзяржуніверсітэта і Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава Андрэй КАРОЛЬ і Віктар САДОЎНІЧЫ, дэканы, супрацоўнікі і студэнты двух універсітэтаў, паведамілі ў прэс-цэнтры Белдзяжрунівесітэта.
Вітаючы гасцей, кіраўнік БДУ адзначыў багатую гісторыю супрацоўніцтва двух вядучых універсітэтаў Беларусі і Расіі. Са слоў Андрэя Караля, гэтае партнёрства бярэ свой пачатак яшчэ ў мінулым стагоддзі, калі першым рэктарам БДУ прызначылі прафесара МДУ Уладзіміра Іванавіча Пічэту.
— І ўжо сёння праз прызму больш чым стогадовай гісторыі нашы ўніверсітэты стварылі ўнікальную базу для навукоўцаў дзвюх краін, пашырылі адукацыйныя, культурныя, творчыя магчымасці для моладзі, — падкрэсліў Андрэй Дзмітрыевіч.
Ён звярнуў увагу, што шматпрофільнае супрацоўніцтва знаходзіць сваё ўвасабленне ў канкрэтных праектах і ініцыятывах. Гэта сумесная арганізацыя летніх і зімовых школ, навукова-даследчых канферэнцый і патрыятычных акцый.
Высокую адзнаку шматгадовай дружбе БДУ і МДУ даў і Віктар Садоўнічы. З яго слоў, сёння партнёрства толькі пашыраецца. Яно мае колькаснае і якаснае выражэнне ў выглядзе агульных праектаў, адукацыйных мерапрыемстваў, высокіх перамог і дасягненняў студэнтаў, супрацоўнікаў і навукоўцаў. У працяг думкі ён дэталёва расказаў аб паказальных прыкладах сумеснай працы. Сярод іх — першая сумесная магістарская праграма «Гісторыя беларускай дыяспары», распрацоўка навукоўцамі БДУ ўнікальнага матэрыялу для спадарожніка Маскоўскага ўніверсітэта.

Таксама знакавым, са слоў рэктара МДУ, стаў сумесны ўдзел БДУ і МДУ ў мітынгу памяці ў Смаленскай вобласці пад Ельняй, ля мемарыяльнага комплексу, усталяванага ў 1991 годзе на месцы баёў 8-й Краснопресненской стралковай дывізіі народнага апалчэння. У яе складзе ў 1941 годзе абаранялі Радзіму студэнты і супрацоўнікі МДУ. Віктар Садоўнічы падзякаваў рэктару БДУ за неабыякавасць і ўвагу да ініцыятыў Маскоўскай ВНУ.
Дэкан гістарычнага факультэта МДУ Леў Белавусаў назваў супрацоўніцтва дзвюх вядучых ВНУ Беларусі і Расіі традыцыяй, якая ўшанаваная і мае вялікае значэнне для ўмацавання міжуніверсітэцкіх кантактаў.
— Мы прытрымліваемся агульных метадалагічных прынцыпаў пазнання. Нашы універсітэты імкнуцца развіваць фундаментальныя веды, якія складаюць аснову для прыкладных абласцей. Каштоўнасць нашых сумесных адукацыйных праграм магістратуры заключаецца ў нацэленасці на фарміраванне такога тыпу даследавання, якое стане базай любой практычнай дзейнасці, — адзначыў ён.
У першы дзень работы маштабнага форуму адбылося плённае абмеркаванне перспектыў развіцця найбольш актуальных напрамкаў міжфакультэцкага ўзаемадзеяння. Удзельнікамі дыскусіі сталі дэканы гістарычных, эканамічных, геаграфічных, філасофскіх факультэтаў БДУ і МДУ. Сваімі прапановамі абмянялася таксама кіраўніцтва факультэтаў міжнародных адносін. Былі разгледжаны ідэі далейшага супрацоўніцтва, найбольш эфектыўных формаў партнёрства паміж даследчыкамі і студэнтамі дзвюх ВНУ. У прыватнасці, акцэнт быў зроблены на ўцягванне моладзі ў стратэгічна значныя праекты, пашырэнне лінейкі сумесных адукацыйных праграм, акадэмічнага абмену, выпуску навуковых публікацый і інш.
Працягнуўся Тэматычны дзень урачыстай цырымоніяй падпісання шэрагу дакументаў, накіраваных на ўмацаванне сувязяў паміж ВНУ. У іх ліку — два пагадненні аб сумесных адукацыйных праграмах магістратуры з выдачай падвойных дыпломаў. Гаворка ідзе пра «Устойлівае развіццё гарадоў і рэгіёнаў» паміж ФГІГ БДУ і геаграфічным факультэтам МДУ, а таксама «Еўразійскай інтэграцыі ва ўмовах шматпалярнага свету» паміж факультэтам міжнародных адносін і факультэтам сусветнай палітыкі адпаведна.

Знакавай падзеяй таксама стала ўручэнне Ганаровага знака Дружбы МДУ і БДУ. Гэтая ўзнагарода прысуджаецца за асаблівыя заслугі ва ўмацаванні расійска-беларускага гуманітарнага супрацоўніцтва, актыўную працу па развіцці навукі і адукацыі, а таксама дабрачынную дзейнасць і вялікі ўклад у рэалізацыю сумесных праектаў Расіі і Беларусі. Акрамя таго, адбылося ўшанаванне пераможцаў міжнароднага расійска-беларускага конкурсу студэнцкіх навуковых работ па гісторыі «Агульны шлях да Вялікай Перамогі. Подзвіг народаў бессмяротны».
Мерапрыемстваў наперадзе — шмат. 22 мая пройдзе расійска-Беларуская маладзёжная навуковая міждысцыплінарная канферэнцыя «Гісторыя для будучыні», дзе навукоўцы абмяркуюць пытанні сацыягуманітарнага ўзаемадзеяння ВНУ. Плануецца, что удзельнікі канферэнцыі разгледзяць перспектывы сумесных ініцыятыў гістарычных супольнасцяў Беларусі і Расіі, супрацоўніцтва ў маладзёжнай сферы ў рамках Саюзнай дзяржавы і інш.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота дадзена БДУ