Удзельнікамі двухдзённай праграмы сталі кіраўніцтва, студэнты і супрацоўнікі дзвюх ВНУ. Узначальвае беларускую дэлегацыю рэктар БДУ Андрэй КАРОЛЬ. Кітайскі бок прадстаўляе рэктар ПКУ ГАО Сун. Нагадаем, гэта міжуніверсітэцкае свята было заснавана ў 2024 годзе падчас візіту ў БДУ экс-сакратара партыйнага камітэта Пекінскага ўніверсітэта Хао Піна. Штогадовую падзею традыцыйна арганізуюць у чэрвені, паведамілі ў прэс-цэнтры БДУ.
— Пекінскі ўніверсітэт для БДУ з’яўляецца адным з галоўных стратэгічных партнёраў, з якім супрацоўніцтва даўно перасягнула мяжу афіцыйных адносін, — сказаў рэктар БДУ Андрэй Кароль. — Наша партнёрства дазволіла закласці аснову для развіцця ў Беларусі цэлай інавацыйнай галіны — біятэхналогіі. У практыцы міжуніверсітэцкага супрацоўніцтва нашай краіны такое дасягненне ўнікальнае і адзінкавае.
За такую магчымасць кіраўнік галоўнай ВНУ краіны падзякаваў Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку.
— Без яго прамой падтрымкі, асабістай увагі да падрыхтоўкі спецыялістаў-біятэхнолагаў многія сумесныя праекты з ПКУ былі б немагчымыя, — падкрэсліў рэктар. — За нязначны час мы паспяхова рэалізоўваем сумесную адукацыйную праграму, абнаўляем матэрыяльна-тэхнічную базу, укараняем новыя і ўнікальныя методыкі падрыхтоўкі, дзе галоўным выступае студэнт як суб’ект адукацыі. Мы стварылі адзіную ў Беларусі сучасную лабараторыю структурнай і функцыянальнай біялогіі бялку, развіваецца цэнтр біялогіі, ужо актыўна дзейнічае Беларуска-Кітайскі цэнтр фундаментальных навуковых даследаванняў, дзе нашы навукоўцы прыступілі да рэалізацыі сумеснага навуковага праекта.
Гасцей Дня дружбы і адзінства павітаў рэктар ПКУ Гао Сун.
— Сёння мы выйшлі на ўзровень фундаментальнага супрацоўніцтва і выбудавалі яго цэласную сістэму. Пра гэта сведчыць вялікая ўвага з боку Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, які двойчы наведваў Пекінскі ўніверсітэт. Гэта падкрэслівае важнасць партнёрства ў галіне адукацыі і навукі. Мы ўжо маем практычныя вынікі ўзаемадзеяння, якія пацвярджаюць, што вышэйшая адукацыя ўмацоўвае сувязі паміж нашымі народамі, наяўныя дамоўленасці і новыя намеры, — падзяліўся Гао Сун.
Тэматычная праграма дзён дружбы і адзінства ўключае сустрэчы кіраўніцтва дзвюх ВНУ і іх факультэтаў, навуковыя і маладзёжныя мерапрыемствы і форумы для абмеркавання вынікаў шматгадовай сумеснай работы і вызначэння будучых вектараў развіцця партнёрскіх адносін.
У праграме — сімвалічная цырымонія высадкі дрэва дружбы паміж моладдзю Беларусі і Кітая. Традыцыйна дрэва сімвалізуе жыццёвую сілу, урадлівасць і вечнасць, яно будзе наглядна нагадваць аб моцным і надзейным партнёрстве, узаемаразуменні, агульных каштоўнасцях і імкненні маладых людзей Беларусі і Кітая да стварэння і ўстойлівай будучыні.
У гэтыя ж дні будзе арганізавана работа Беларуска-кітайскага форуму маладых вучоных. На палях мерапрыемства адбудзецца абмеркаванне навуковых вынікаў сумеснай працы ў рамках беларуска-кітайскага цэнтра фундаментальных навуковых даследаванняў. Нагадаем, ініцыятыву стварэння гэтага цэнтра падтрымаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Вынікам дзейнасці ўстановы з’яўляюцца шматпрофільныя, міждысцыплінарныя фундаментальныя і прыкладныя распрацоўкі і даследаванні ў галіне матэматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі і інш.
У гэтая дні таксама працягнуцца дыскусіі акадэмічнай супольнасці дзвюх краін. Бакі абмяняюцца вопытам грамадскай дзейнасці, выхаваўчай і ідэалагічнай работы, рэалізацыі ініцыятыў па развіцці маладзёжных кампетэнцый, ведаў і навыкаў.
Яшчэ адным знакам дружбы стане таварыскі матч па жаночым баскетболе паміж камандамі БДУ і ПКУ. Ён аб’яднае на адной пляцоўцы прадстаўнікоў розных краін, культур і нацыянальнасцяў, дазволіць кожнаму гульцу адчуць дух адзінства і згуртавання, дасць лепшае разуменне сябе і свайго саперніка. Таксама праграма візіту дэлегацыі БДУ ў КНР уключае шырокую культурную праграму. Каларыт беларускай культуры для кітайскіх калег прадставіць Заслужаны аматарскі калектыў Беларусі ансамбль танца «Крыжачок» БДУ.
Алена ВІНАГРАДАВА