Дзень народнага адзінства — самае маладое ў календары дзяржаўных свят. Але пры гэтым яно вельмі хутка стала адным з самых любімых і асэнсаваных, бо адзінства — паняцце важнае для кожнага (у любой значнай справе мы кажам, што адзін у полі не воін) і шматграннае. У народнага адзінства шмат сімвалаў — пачынаючы ад дзяржаўных, самага высокага ўзроўню (герба, сцяга, гімна) да крынічкі каля невялікай вёскі, якую талакой добраўпарадкавалі і цяпер гасцінна частуюць гаючай вадой усіх ахвотных.
За невялікі час існавання свята ў розных кутках Беларусі з'явілася добрая традыцыя — ствараць сімвалы яднання сваімі сіламі і рукамі. Сёння мы раскажам пра некалькі прыкладаў, калі людзі на месцах зрабілі да свята падарунак сваёй малой радзіме і самім сабе.
У Слаўгарадзе стварылі алею ў гонар знакамітых ураджэнцаў
Мясцовая ініцыятыва, якая была падтрыманая Магілёўскай абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў, адкрылася напярэдадні Дня народнага адзінства. Алея «Слаўныя імёны зямлі Слаўгарадскай» з'явілася ў верхняй частцы старадаўняга слаўгарадскага парку, які памятае шмат славутых гістарычных асоб. На стэндах — партрэты людзей, якія ўнеслі ўклад у развіццё сваёй радзімы і сталі прыкладам для будучых пакаленняў.Месца невыпадковае, гэта якраз той шлях, па якім штодзённа ходзіць на працу ці дамоў шмат гараджан.
— Алея была створана ў рамках рэалізацыі грамадзянскай ініцыятывы, якая перамагла на конкурсе і атрымала фінансаванне ў памеры 70 тысяч рублёў, — расказвае старшыня Слаўгарадскага райсавета Святлана ЯЗЕРСКАЯ. — Дзякуючы яе рэалізацыі, гэты куточак гарадскога парку стаў больш добраўпарадкаваны. Абноўлена пешаходная дарожка, устаноўленыя ліхтары, цікавыя лаўкі, зроблена 8 стэндаў з імёнамі нашых землякоў, якія ў розныя гады праславілі слаўгарадскую зямлю.

На алеі «сустрэліся» землякі, якія жылі тут у розныя часы і эпохі, — асветнік Іван Грыгаровіч, этнограф Ісаак Сербаў, пісьменнікі Міхась Стральцоў і Кастусь Кірэенка, мастак Леанід Гоманаў, фізік Іван Зяцькоў, лінгвіст Іван Яшкін, вынаходнік Іван Цішчанка і іншыя. Край вельмі багаты на таленавітых асоб. Адзін са стэндаў прысвечаны Году беларускай жанчыны — актывісткам, якія праславілі сваёй працай раён. Сярод іх беларускі палітык, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі 5-га і 6-га скліканняў Таццяна Кананчук.
— Нам хацелася наглядна паказаць, якія яркія асобы нараджаліся на слаўгарадскай зямлі і як шмат яны зрабілі для сваёй радзімы, — расказвае Святлана Язерская. —У далейшым мы працягнем развіваць гэту тэрыторыю.Тут у савецкі час шырока адзначаліся дзяржаўныя святы — першамайскія маёўкі,
9 Мая. А калі з’явілася танцпляцоўка, праводзіліся дыскатэкі, на якіх пазнаёміліся, а потым стварылі свае сем’і многія са слаўгарадчан. Ёсць ідэя яе ў далейшым аднавіць.
На думку суразмоўніцы, Дзень народнага адзінства — гэта свята, якое на генетычным узроўні аб’ядноўвае беларусаў.
— Яно нагадвае, што мы не проста нейкая этнічная група, а менавіта народ, — кажа яна. — У нас адзіныя погляды, мы вучым моладзь на прыкладах нашых славутых продкаў. Нас аб’ядноўваюць гісторыя, этнаграфія, звычаі, сямейныя традыцыі, святы. Гэты дзень падкрэслівае, што мы — беларускі народ, які разам ідзе наперад і стварае для сваіх дзяцей будучае.
Дарэчы, у мінулыя выхадныя Слаўгарад святкаваў сваё 890-годдзе. І тэма адзінства гучала не толькі ў мерапрыемствах, але і ва ўбранні горада. На вуліцах з’явіліся цікавыя дамінанты, якія яднаюць гісторыю, духоўнасць, культуру. У скверы асвяцілі памятны знак у выглядзе іконы Прасвятой Багародзіцы. У Слаўгарадзе знаходзіцца храм XVІІІ ста-
годдзя, які якраз і носіць назву Раства Прасвятой Багародзіцы. Яна заступніца горада, ахоўвае яго сваёй нябачнай прысутнасцю. Яшчэ адзін падарунак — мурал на жылым будынку, дзе графічна паказана ўся гісторыя горада. У цэнтры заснавальнік Прупоя (адна са шматлікіх назваў горада) — Расціслаў Мсціслававіч, які згадвае гэта месца ў сваёй устаўной грамаце. Побач выява старадаўняга замка на крутым беразе ракі, якую рэканструявалі па гістарычных апісаннях. І знакавая лічба — 890.
— Гэту ініцыятыву таксама падтрымала асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў і грамадскае аб’яднанне «Белая Русь», — кажа Святлана Язерская. — У рэалізацыі дапамог слаўгарадскі «Жылкамгас». Настаўнікі нашай школы мастацтваў распрацавалі эскіз, які потым і быў рэалізаваны.
У гонар Года беларускай жанчыны таксама ўстаноўлены памятны знак у цэнтры горада. На ім змешчана інфармацыя пра беларускі арнамент — абярэг, які нашы бабулі і прабабулі наносілі на адзенне, ручнікі, абрусы, покрыва.
— Падчас рамонту цэнтральнай плошчы з дапамогай пліткі быў пакладзены арнамент, які выкарыстоўвалі жанчыны ў ткацтве, — удакладняе Святлана Язерская. — Пра яго ідзе і размова на спецыяльным стэндзе. У кожны знак жанчыны ўкладалі ўвесь свой клопат пра сваіх блізкіх і любоў, якая таямнічым чынам аберагала сям’ю, горад, краіну. Нездарма наш беларускі флаг упрыгожаны арнаментам. Гэта код нацыі, які яднае і ахоўвае ўсіх нас.
Напярэдадні Дня народнага адзінства ў Аршанскім раёне рэалізавалі грамадзянскую ініцыятыву «Векавы дуб»
Гэтаму дрэву паблізу вёскі Лемна каля 600 гадоў. Уявіце толькі: з маленькага жолуда ён праклюнуўся ажно ў XV стагоддзі! Пакуль ён рос да сённяшняга памеру, на гэтых землях змянілася больш за 20 пакаленняў. Калі б дрэвы маглі гаварыць, колькі б расказаў гэты велічны дуб...
У 2022 годзе ён быў прызнаны батанічным помнікам прыроды. Гэты факт падказаў мясцовым жыхарам ідэю грамадзянскай ініцыятывы, згодна з якой дуб мог бы стаць месцам прыцягнення і сілы.

Праект, скіраваны на захаванне ўнікальнага прыроднага аб’екта і стварэнне камфортных умоў для яго наведвання жыхарамі і гасцямі раёна, стаў пераможцам абласнога конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў 2026 года.
Агульны кошт увасаблення задуманага добраўпарадкавання тэрыторыі вакол дуба-волата склаў 11 тысяч рублёў. Як і патрабуецца, дзясятую частку грошай склалі добраахвотныя ахвяраванні грамадзян і арганізацый. Цяпер уладкаваны зручны падыход да батанічнага помніка, вакол яго правялі расчыстку і планіроўку ўчастка, яго абгарадзілі, усталявалі ўказальнікі і малыя архітэктурныя формы.
Да навядзення парадку ў сакральным куточку беларускай зямлі далучыліся мясцовыя жыхары, актывісты Зубаўскага сельсавета, валанцёры БРСМ. Сумесная праца згуртавала людзей, дазволіла ім стварыць прастору для баўлення вольнага часу мясцовай супольнасці і прыцягнення гасцей у свае мясціны.
На прэзентацыі плёну ініцыятывы «Векавы дуб» пад яго шатамі сабраліся тыя, хто зрабіў уклад у яго рэалізацыю, жыхары навакольных вёсак, прадстаўнікі ўлады і грамадскіх арганізацый. Разам гаварылі аб гістарычным мінулым і будучым свайго краю, слухалі і падпявалі песні, якія ўсхваляюць прыгажосць і гасціннасць нашай зямлі.

— Гэты праект рэалізаваны пры садзейнічанні Віцебскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў, — падкрэсліла яе выканаўчы дырэктар Кацярына Лазоўская. — Спадзяёмся, «Векавы дуб» стане месцам правядзення мерапрыемстваў з народным каларытам, экалагічных і адукацыйных сустрэч, новым пунктам турыстычных маршрутаў па Аршаншчыне. Цяпер унікальны помнік прыроды стаў больш даступным, ім будуць захапляцца і наступныя пакаленні.
Увасобіўшы праект у жыццё, жыхары Аршаншчыны выцягнулі з занядбання сапраўдную прыродную жамчужыну свайго краю, надалі ёй агранку. Стары, але даволі маладжавы, дуб яшчэ набудзе вядомасць — і гэта вынік яднання людзей у павазе да свайго краю, жаданні дэманстраваць яго асаблівыя ўтульныя куточкі.
Святлана ЯКАЎЛЕВА, Нэлі ЗІГУЛЯ, фота з адкрытых крыніц