Словы лечаць і калечаць...
Пра тыя, апошнія, іншым разам, бо сёння так дарэчы...
Янка Брыль «Жменя сонечных промняў: лірычныя нататкі». Цытата з адной: «У клубе добрага калгаса сход. Больш за сто цётак і дзяўчат атрымліваюць медалі Усесаюзнай выстаўкі — за лён... Людзі гэтыя лепш умеюць працаваць, чым браць узнагароды. Кожная, каго выклікаюць, выходзіць з натоўпу, няёмка ўсміхаючыся, ідзе да стала прэзідыума і загадзя трымае руку, каб падаць яе старшыні райсавета; «так, як і ўсе», ківае галавой і кажа «дзякуй»…
Медалі ўсе начэпліваюць адразу, толькі сеўшы, і радасна, як дзеці, усміхаюцца.
Сухенькая, смяшлівая бабка:
— Ну вось, січас і я ўкрашу сваю грудзь!..
Ідзе, а ўсе дабрадушна смяюцца.
Выступаючы, большасць стараецца гаварыць, як і бабка, культурна: «Клімацічаскія ўсловія нам не дазволілі...»
Толькі адна кабеціна... гаварыла коратка і па-свойму: «Семсот пукоў абабілі, а пяцьсот яшчэ не. Але абаб’ём і гэты... Стараемся, як толькі можам, бо трэба».
«Жменя сонечных промняў», «жменька» слоў з нагоды, а бачыцца — праз дзесяцігоддзі — і гэты клуб, і сход, і натоўп (!) з «цётак і дзяўчат», чуецца гэта «людзі лепш умеюць працаваць...» і «стараемся, бо трэба», якое да сёння ў крыві ў многіх.
Сведчанняў таму мільён — варта азірнуцца... Ці што-нішто прачытаць з рэдакцыйнай пошты.
«Мой знаёмы прараб апошнім часам шмат працаваў на аб’ектах за межамі Беларусі, — піша спадар Камароўскі з Оршы (гэты ды іншыя лісты друкуюцца ў скарочаным пераказе), — а таму зусім не здзівіўся, калі яго запрасілі на юбілей адной з будаўнічых фірм. Кіраўніцтва яе абяцала найлепшым прарабам і сякія-такія ўзнагароды, і прэміі, і кампенсацыю расходаў на дарогу... Значыць, адмаўляцца зусім не выпадала — трэ было ехаць.
З чым, канкрэтна, Дзіма не думаў, бо ў час сваіх ранейшых камандзіровак заўважаў, што ў мясцовых крамах ніколі не залежваюцца нашы прадукты. А калі так, зайшоў у магазін, купіў — і для сябе, і на гасцінцы сваім партнёрам. Па прыездзе, на месцы, пабыў на першай, афіцыйнай частцы юбілею, прыняў запрашэнне на другую — дамоў да дырэктара. Святочную вячэру з той нагоды яго жонка не рыхтавала — проста «падмітусілася», выставіла на стол тое, што было.
Халадзільнікі-кладоўкі ў тым асабняку, — распавядае спадар Камароўскі, — вядома, не пуставалі: да пляшак з каньяком мігам дадаліся талеркі з сырам-вінаградам, да беленькай — салёныя гурочкі, бутэрброды з ікрой... Але ж, як прызнаў адзін з гасцей, гарэлку закусваць найлепей салам.
Першую талерку, дзе яно хіба сціпла «падсвечвала» розныя мясныя далікатэсы (сярод іх Дзіма адразу ж пазнаў свае, беларускія), застольнікі «размялі» ўмомант. Гаспадыня падрэзала болей, прысела за стол сама — пакаштавала нарэзку, якую так дружна разбіралі госці, спытала ў мужа, дзе ён гэта купіў? «Дзіма... З Оршы прывёз», — прызнаўся гаспадар. — «А чаму ты раней не сказаў?! — уголас папракнула жонка. — Я ж ледзь не ўсё на стол парэзала. Сабе — адна крыха засталася!»
«Вельмі хочацца, — піша спадар Камароўскі ў апошніх радках ліста, — каб аб’яўленая ў нас пяцігодка якасці не абмежавалася словамі ды заклікамі любіць ды купляць сваё: каб мы, людзі Беларусі, сапраўды выраблялі, выпускалі ўсё найлепшае; каб толькі на здароўе, з задавальненнем елі яго, каб гэтак жа насілі-карысталіся, каб заўжды ганарыліся... Хоць бы так, як гэта рабіў мой знаёмы прараб».
Чалавек, трэба разумець, таксама адказны, таксама добрасумленны... На такіх, згадзіцеся, вельмі шмат што трымалася і трымаецца, пра такіх, ну вядома ж, трэба пісаць — распавядаць іншым... Што і робіць Мікалай Балыш з Ашмян.
Аб усім сваім пражытым ды перажытым у ветэрана педагагічнай працы Марыі Кудраўцавай даўно злажыўся раман, — паведамляе ён. — Вось толькі «рукапіс» гэтага твора пакуль не ў шуфлядзе, а ў галаве. Калі чытаць яго спачатку, то бацькі жанчыны — франтавік Павел Іванавіч і Антаніна Канстанцінаўна Патукі — былі непісьменнымі, умелі хіба распісвацца ды працаваць. Вось гэтаму вучылі і сваіх чацвярых дзяцей. Марыйка змалку дапамагала вырошчваць агародніну, даглядаць гаспадарку. На падворку ў іх заўсёды рохкалі свінні і пішчалі парасяты, кудахталі куры, мычала карова. Да яек, масла і сыру, падрыхтаваных на продаж, дзеці амаль заўсёды дадавалі то сабранае імі шчаўе, то ягады ды грыбы. І пры гэтым, трохі падросшы, старанна вучыліся ў школе, змаглі атрымаць добрую адукацыю.
Марыйка выбрала для сябе прафесію настаўніцы. Пасля вучобы ў БДУ ёй, стараннай студэнтцы і актывістцы, прапаноўвалі работу ў сталіцы, але яна хацела на родную Гарадзеншчыну — бліжэй да бацькоў. Месца настаўніка матэматыкі было тады ў мястэчку Гальшаны.
З цеплынёй і вялікай любоўю яна ўспамінае дырэктараў Міхаіла Сцяпанавіча Крата і яго паслядоўніка Эдуарда Сямёнавіча Корзуна, якія ў зносінах з дзецьмі навучылі яе трымаць баланс «бізуна і перніка», ніколі не шкадаваць свайго часу для заняткаў са слабымі вучнямі... У выніку Марыя Паўлаўна — строгая, але справядлівая — хутка заваявала аўтарытэт сярод настаўнікаў і бацькоў…
За 43 гады карпатлівай працы, — піша спадар Балыш, — у настаўніцы было шмат падзяк ды ўзнагарод, але самая дарагая — добрая памяць калег і вучняў.
Пра яе, усё тую ж добрую, — і ў лісце з Беразіно.
Не так даўно мы адзначалі 90-годдзе з дня нараджэння Івана Чыгрынава. Як пісьменніка яго ведаюць многія, — піша супрацоўніца бібліятэкі Тамара Круталевіч. — А вось як чалавека... Былы рэдактар нашай раённай газеты Барыс Манцэвіч больш за два гады жыў з Чыгрынавым у адным пакоі інтэрната, шмат расказваў, як у тыя паўгалодныя часы яны дзялілі на пяцярых прывезеныя з вёсак праснакі, як шкадавалі, што «не схаваеш ад „нахала“ за акном кавалак сала», як у складчыну куплялі цукар і выпускалі насценную газету «Кручкатвор», як рыхтаваліся да заняткаў і экзаменаў, змагаліся за чысціню (на дзвярах пакоя, дзе жылі Генадзь Бураўкін, Янка Сіпакоў і іншыя, красаваліся і сёння актуальныя малюнак свінні ў лужыне і побач — жартоўны заклік: «Калі зайшоў у наш пакой, не будзь жывёлінай такой!»), як ездзілі на бульбу і ў клубах выступалі з прыпеўкамі ад Івана Чыгрынава, як хадзілі на суботнікі («Яны хіба называліся так, — заўважае Тамара Мікалаеўна, — бо па суботах студэнты вучыліся, а вось па нядзелях працавалі на аднаўленні разбуранага Мінска і карпусоў БДУ»).
Што да любімых месцаў адпачынку, то імі былі Камсамольскае возера і Беразіно. Іван Чыгрынаў са сваім сябрам Леанідам Турцэвічам часта прыязджалі ў наш ціхі правінцыяльны гарадок. Таму вуліцы райцэнтра захоўваюць памяць пра будучага народнага пісьменніка, а жыхары — чытаюць яго кнігі.
...Крылаты выраз: «Успомнім мы — успомняць, магчыма, нас».
«Мая маладая каляжанка Ніна родам з Магілёўшчыны, — распавядае Л. М. Базылёва з Мінска. — Там пражываюць яе бацькі, яшчэ працуюць, трымаюць гаспадарку, чым могуць дапамагаюць дачцэ: з вёскі яна ніколі не вяртаецца ўлегцы. Вось і ў тыя выхадныя нагрузілася. Назаўтра расказвала, як «выпаўзала» з маршруткі, як цягнула сумкі да прыпынку трамвая, як... перастаўляла іх па дарозе да дома, дзе здымае кватэру: падносіла адну, пакідала на сцежцы, вярталася па другую... І вось гэтак датуль, пакуль не пачула за спінай: «З вёскі? Ад бацькоў?» — падхапіўшы сумкі, спытаў у яе пажылы мужчына і пачаў расказваць, як сам гадамі (машына з’явілася потым...) абрываў свае рукі такімі ж «вандзэлкамі».
За размовай яны хутка дайшлі да патрэбнага дома, да Нінінага пятага пад’езда. «О, дык мы з вамі суседзі? Я ў чацвёртым жыву», — сказаў мужчына, пакінуў ношу і, адмахнуўшыся ад слоў удзячнасці, рушыў дадому.
Ніна таксама пайшла, але ж далей — пад уражаннем: па-першае ад таго, як блізка ад яе (мо нават за тонкай сценкай?!) жывуць добрыя людзі. І як жа дзіўна, што ні да той «прыгоды» з сумкамі, ні пасля, яна — як ні прыглядалася — чалавека таго болей не бачыла.
...Нехта скажа, што гэта ўсё — дробязныя выпадкі: падумаеш, будаўнік завёз калегам гасцінцаў; падумаеш, настаўніца 43 гады сумленна вучыла дзяцей; бібліятэкар палічыла патрэбным узгадаць шаноўнага класіка; наваяўленая мінчанка — расказаць пра чужую дабрыню. Але ж ці не з такіх вось дробязяў складаецца наша штодзённае жыццё, наш настрой і светаадчуванне, наша жаданне сумленна, то-бок якасна, працаваць?