Top.Mail.Ru

Духоўны прыстанак: Бабруйск

Згодна з прапановай Прэзідэнта па стварэнні духоўных цэнтраў усіх канфесій Аб’яднанне іўдзейскіх рэлігійных абшчын выбар спыніла на Бабруйску — горадзе, які з ХІХ стагоддзя лічыўся культурным і грамадска-палітычным цэнтрам яўрэяў.



Да Вялікай Айчыннай вайны ў Бабруйску пражывала больш 20 тысяч яўрэяў, што складала 70 працэнтаў насельніцтва. Тут было пабудавана 40 сінагог. У наш час горад заслужыў славу «беларускай сталіцы яўрэяў». І справа не толькі ў тым, што тут адна з самых вялікіх і актыўных абшчын. Мясцовая сінагога, пабудаваная ў 1901 годзе, сёння прымае тысячы гасцей. Тут можна даведацца пра розныя прадметы, якія выкарыстоўваюцца ў сінагозе, элементы вопраткі, прайсці майстар-класы, прадэгуставаць мясцовую кухню, паўдзельнічаць у святах. Побач з сінагогай абсталяваны Яўрэйскі дворык — пляцоўка, дзе можна знаёміцца з традыцыямі, узгадваць пра Халакост (усталяваны помнік ахвярам, якія загінулі ў гады акупацыі). У гэтым месцы знаходзіцца і беларуская Сцяна Плачу. Штогод тысячы людзей незалежна ад сваёй веры пакідаюць тут запіскі, якія пасля перадаюцца ў Іерусалім.

— Стварэнне духоўных цэнтраў у рэгіёнах будзе садзейнічаць прыцягненню вернікаў і турыстаў. Чаму яўрэйская абшчына спынілася на Бабруйску, які сёння і так наведваюць тысячы гасцей. Можа трэба было паглядзець і на іншыя гарады, дзе стварэнне кропкі прыцягнення садзейнічала бы іх развіццю і актывізацыі жыцця абшчын?

— Сапраўды колькасць гасцей Бабруйскай сінагогі пастаянна расце. Калі 10 гадоў таму мы маглі прымаць у год тысячу турыстаў, то, напрыклад, у адзін з восеньскіх выхадных іх было 600, а за гэты год нас наведала каля 35 тысяч чалавек. Яны прыязджаюць з розных куткоў Беларусі і Расіі, далёкага замежжа. Многія прыходзяць сюды не ў першы раз. Гэта гаворыць пра тое, што духоўны цэнтр тут ужо склаўся. У нас добрая база, ёсць што паказаць і расказаць, мы прапануем інтэрактыў, заўсёды імкнёмся даць нешта новае, а галоўнае, нашы дзверы заўсёды для ўсіх адчынены. Так навошта вынаходзіць веласіпед, хіба што можна дадаць да яго маторчык. Стварэнне духоўнага цэнтра — гэта не проста статус, але і новая функцыя, — адзначыў равін рэлігійнай абшчыны Бабруйска Шауль Хабабо.

— У чым будзе ўнікальнасць духоўнага цэнтра іўдзеяў і чаму яго варта наведаць розным людзям незалежна ад іх веры? 

— Сама назва сінагога азначае «дом сабранняў». Нехта сюды прыходзіць толькі памаліцца, а іншаму можа быць цікавы «цэлы пакет», дзе ёсць і зносіны, і знаёмства з новым, уражанні, удзел у майстар-класах. У нас можна задаваць любыя пытанні пра рэлігію, сімвалы, гісторыю гэтага месца. Мы імкнёмся, каб інфармацыя была даступнай. Напрыклад, расказваем пра сутнасць слова «іўдзеі», што значыць «усхваляць Бога». А ўмець быць удзячным важна для кожнага. Чалавек развіваецца, калі ён можа і ўмее гаварыць «дзякуй» за паслугі, за дабрыню, за тое што ёсць побач. Мы шмат гутарым з турыстамі, прапануем задумацца пра тое, якія сэнсы закладзеныя ў здавалася б ўсім вядомыя запаведзі.

— Атрымліваецца, што духоўны цэнтр — гэта месца, дзе чалавек можа пераасэнсаваць сваё жыццё? 

— Адно з прызначэнняў духоўных цэнтраў — падказваць людзям, як прывесці Бога ў сваё жыццё . Спланаваць яго згодна з законамі Божымі. Гэта датычыцца любой галіны, захавання традыцыйных каштоўнасцяў. Калі чалавек стварае сям’ю, ён заняты дабром. Думае, як пракарміць і выхаваць дзяцей, як лепшым зрабіць тое месца, дзе яны будуць жыць. Нават эканамічнае развіццё краіны можа быць звязана з захаваннем каштоўнасцяў. Якія перспектывы могуць быць у краіны, дзе дзеці, як вырастаюць з’язджаюць з яе? Напрыклад, калі яны нарадзіліся у Бабруйску і будуць жыць побач з бацькамі, мы будзем думаць пра іх будучыню ў гэтым горадзе.

— Чаму сёння асабліва важна стварэнне духоўных цэнтраў?

— У апошні час у свеце усё больш гавораць, што рэлігіі раздзяляюць людзей, а павінна быць наадварот. Шляхі служэння Творцу розныя, але ў нас адзіная мэта. Калі ў жыцці кожнага чалавека ёсць разуменне духоўнага, гэта павінна дапамагаць нам аб’ядноўвацца. Я не стамлюся паўтараць, што ў Беларусі глеба любові і павагі паміж нацыянальнасцямі. Гэта вялікая каштоўнасць. І духоўныя цэнтры будуць садзейнічаць таму, каб яна і далей захоўвалася. Тут мы гаворым пра тое, што важна цаніць і любіць любыя веравызнанні, традыцыі і культуры. Часта з прадстаўнікамі розных канфесій мы абмяркоўваем, чаму моладзь не ходзіць у храмы. Важна зразумець, што нас саміх магло б прывесці ў сінагогу, царкву, мячэць, касцёл? Што ёсць у малельным доме, што будзе мне цікава альбо ў чым я буду карысным. У савецкія часы, калі забаранялася рэлігія, паспелі вырасці некалькі пакаленняў. Людям часам нават проста цяжка зайсці ў храм, бо яны не ведаюць як сябе весці. Гэта іх спыняе. Духоўныя цэнтры дапамогуць ім пазнаёміцца з рэлігіяй, духоўнай культурай, не баючыся парушыць нейкія правілы. 

— Духоўны цэнтр можа стаць месцам, куды любы чалавек будзе прыходзіць не толькі па дапамогу, але і з жаданнем служыць людзям?

— Побач з сінагогай мы будзем ствараць шмат функцыянальны духоўна-асветніцкі цэнтр. У ім будзе і пакой добрых спраў. Тут можна не толькі займацца дабрачыннасцю, працаваць з валанцёрамі. Часам важна проста настроіць чалавека на добрыя ўчынкі. Напрыклад, ён можа на лістку напісаць пра тую справу, якую зробіць у бліжэйшы час. Гэта можа быць нават проста рашэнне павітацца з адзінокім суседам, для якога вельмі важна ўвага. Гэта і месца для чалавека задумацца, што ён можа зрабіць для сваёй краіны. Мы хочам, каб час, які людзі правядуць тут, садзейнічаў іх росту. Каб яны маглі не толькі нешта даведвацца, але і практычна рэалізоўвацца. 

— Цэнтр у Бабруйску дазволіць больш расказаць пра культуру і традыцыі беларускіх яўрэяў, рэгіёна?

— У новым цэнтры будзе музей. Ужо сабрана шмат экспанатаў. Сярод іх — кнігі, якім 100 і нават 200 гадоў. У нас захоўваецца 400-гадовы світак Торы. Асобна будуць прадстаўлены экспанаты, якія знаёмяць з яўрэйскімі святамі. Створым выстаўку Праведнікаў народаў свету, у Бабруйску і раёне іх было 17. Праз прадметы можна ўбачыць, як яўрэі на розных землях захоўвалі сваю культуру камбінавана з мясцовай. Так у нас ёсць кіпы розных відаў — яўрэяў Грузіі, Туніса, Марока і іншых краін. У музеі будзем расказваць і пра яўрэйскія стравы, напрыклад, як з’явіліся дранікі, фаршыраваная рыба, цымус. Пры цэнтры плануецца размясціць кавярню, дзе можна будзе замовіць кашэрную ежу. Прадугледжаны месцы для майстар-класаў, сувенірнай лаўкі, залы, абсталяванай для сустрэч з цікавымі людзьмі. Плануем развіваць і нашу пляцоўку «Яўрэйскі дворык». Гэта тэрыторыя адкрыта 24 на 7. Карціны, тут размешчаныя, трэба дапоўніць QR-кодамі, па якіх можна атрымаць інфармацыю, а яшчэ мы хочам, каб гучала музыка, звязаная з нашымі традыцыямі. 

Духоўны прыстанак: Жыровічы

Духоўны прыстанак: Іўе

Духоўны прыстанак. Усе дарогі вядуць у Будслаў

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю