У нашай краіне вядзецца работа па стварэнні духоўных цэнтраў, якія стануць новымі кропкамі прыцяжэння для вернікаў. З такой прапановай у лютым на сустрэчы з прадстаўнікамі вядучых канфесій выступіў Прэзідэнт. Праваслаўныя католікі, іўдзеі і мусульмане ўжо вызначылі месцы, на базе якіх будзе весціся дзейнасць, накіраваная на ўмацаванне згоды ў грамадстве, асвету, захаванне і вывучэнне духоўных і культурных традыцый. На ўзроўні Ураду рэалізуецца комплекс мерапрыемстваў па падтрымцы цэнтраў прыцяжэння для вернікаў.
Беларуская Праваслаўная Царква для развіцця духоўных цэнтраў вызначыла Свята-Успенскі Жыровіцкі мітраполічы манастыр і Полацкі Спаса-Еўфрасінеўскі жаночы метраполічы манастыр. Гістарычна гэтыя духоўныя комплексы з’яўляюцца тымі месцамі, якія прыцягваюць як вернікаў Беларусі, так і шматлікіх гасцей з усяго свету Людзі едуць паглядзець цудоўную архітэктуру і пакланіцца святыням. Манастыр у Полацку з’яўляецца найстарэйшым ў Беларусі. Сёлета ён адзначае 900-годдзе. Пасля складаных рэстаўрацыйных работ тут можна паглядзець унікальныя фрэскі ХІІ стагоддзя. Іх бачыла сама Прападобная Еўфрасіння, нябесная заступніца Беларусі.
555-годдзе з’яўлення цудатворнага абраза Божай Маці адзначылі сёлета ў Жыровічах. Манастыр дзейнічае з 1470 года. З 2001 рэалізуецца дзяржаўная праграма па падтрымцы манастыра у тым ліку з 2012 года — шляхам уключэння аднаўленчых работ у пералік штогадовых Дзяржаўных інвестыцыйных праграм.
— Манастыры заўсёды выконвалі функцыю духоўных цэнтраў. Пра гэта сведчыць гісторыя Тут можна ўзгадаць імя Еўфрасінні Полацкай якая зрабіла значны ўнёсак у справу асветы духоўнай культуры, — заўважае айцец Аляксандр Пальчэўскі, які выконвае абавязкі старшыні Сінаідльнага інфармацыйнага аддзела БПЦ.— Тое, што Кіраўнік дзяржавы звярнуўся з ініцыятывай аб стварэнні духоўных цэнтраў, гаворыць пра тое, што ён адзначае ролю Праваслаўнай царквы ў фарміраванні духоўных каштоўнасцяў нашага народа. Сёння Царква актыўна ўзаемадзейнічае з дзяржаўнымі структурамі па розных кірунках, сярод якіх — адукацыя, культура, турызм, сацыяльная работа. Стварэнне духоўных цэнтраў прыдасць новы імпульс гэтай рабоце.

— Калі гасцей ў Жыровічах і Полацку стане болей, ці змогуць манастыры іх прыняць?
— Тэрыторыя манастыроў за апошнія гады моцна змянілася. Я быў студэнтам Мінскай духоўнай семінарыі, якая знаходзіцца на тэрыторыі Жыровіцкага манастыра, і памятаю, у якім стане знаходзіліся вучэбны корпус і галоўны храм манастыра — Успенскі сабор. А якое зараз благалепства! І яшчэ шмат плануецца зрабіць. Так, запланавана будаўніцтва званніцы, якая павінна стаць адной з самых высокіх у Беларусі. Гэта будзе яшчэ адно ўпрыгожанне Жыровіцкага манастыра. Уражвае і Полацкі манастыр. На тэрыторыі абодвух комплексаў створана добрая інфраструктура. Заўсёды ёсць магчымасць прыняць групы на пэўны перыяд. Паломнікі могуць спыніцца ў гасцініцах, якія знаходзяцца на тэрыторыі манастыра, і дастаткова глыбока далучыцца да жыцця духоўнага прыстанку, даведацца пра праекты, якія там здзяйсняюцца.
— Прэзідэнт не раз наведваў Жыровічы. Такая ўвага з боку Кіраўніка дзяржавы садзейнічае адраджэнню і развіццю святыні?
—Кіраўнік дзяржавы прымае дзейны ўдзел у падтрымцы духоўных цэнтраў. Фінансаванне, якое здзяйснялася і працягваецца ў рамках дзяржаўных праграм, дазваляе не проста захоўваць цудоўныя старажытныя храмы, людзі бачаць гэту прыгажосць. Але я б перш за ўсё звярнуў увагу на духоўны складнік. Чалавек, які наведвае такія мясціны, увозіць з сабой не столькі знешнія ўражанні пра тое, наколькі там дагледжаныя месцы. Ён атрымлівае духоўны вопыт.
— Атрымліваецца, што такія каштоўнасці як вера, духоўнасць вельмі важна падтрымліваць і на ўзроўні дзяржаўнай палітыкі ?
— Канешне. Царква і дзяржава не могуць развівацца і існаваць асобна Гэта натуральна і гарманічна, калі царква і дзяржава вырашаючы свае задачы, разам з тым дабіваюцца агульных мэтаў на карысць нашага народа. Калі Кіраўнік дзяржавы і кіраўнікі розных ведамстваў выражаюць увагу і свае адносіны да Царквы і праектаў якія рэалізуюцца ў тым ліку разам з дзяржавай, гэта служыць прыкладам для вернікаў, садзейнічае, каб больш людзей станавілася бліжэй да нашай духоўнай традыцыі, каранёў.
— Якія новыя місіі стаяць перад духоўнымі цэнтрамі ў наш час?
— Місія духоўных цэнтраў як і мэта у цэлым Праваслаўнай Царквы, заўсёды была адной і той жа: далучаць людзей да веры, да Хрыста, захоўваць нашы традыцыі, перадаваць вопыт і веды. У кожны час ёсць розныя сродкі для здзяйснення гэтай мэты Мы жывём у інфармацыйным свеце. У моры інфармацыі, падзей сёння чалавеку важна мець каштоўнасныя арыенціры, разумець фундаментальныя ісціны. Гэта будзе дапамагаць прымаць правільныя рашэнні.
— Сёння Царква вядзе работу па захаванню сямейных каштоўнасцяў, выхаванню патрыятызму Мы бачым, як яна актыўна супрацоўнічае з установамі адукацыі. Ці будуць такія праграмы здзяйсняцца і на базе духоўных цэнтраў?
— Нашы асветніцкія праекты накіраваныя не толькі на дзяцей, а на ўсё грамадства. Сустрэчы праходзяць у вышэйшых установах адукацыі, медыцынскіх, сацыяльных. Тое, пра што гаворыць Царква — гэта не нейкія ўнутры рэлігійныя сэнсы, а тэмы, якія датычацца агульначалавечых каштоўнасцяў.
— За апошняе дзесяцігоддзе моцна змяніліся манастыры. Гэта паўплывала на тое, што больш людзей стала сюды прыязджаць?
— Сапраўды ўсё больш людзей звяртаюць увагу на гэтыя прыгожыя помнікі. Важна, што не толькі прыхаджане наведваюць такія месцы. Прыязджаюць студэнты, навучэнцы, працоўныя розных прадпрыемстваў. Вядомыя выпадкі, калі пасля знаёмства з духоўнымі здабыткамі ў якасці турыстаў у такіх месцах людзі адкрываюць для сябе свет веры, яны адчуваюць асаблівую атмасферу.
— Галоўныя духоўныя цэнтры могуць дазволіць у тым ліку больш даведацца пра іншыя храмы, святыні, якія ёсць у Беларусі?
— Людзі, якія ўпершыню адкрываюць для сябе значныя святыні, могуць задавацца пытаннямі, ці ёсць нешта падобнае побач з тымі мясцінамі, дзе яны жывуць. На тэрыторыі Беларусі можна знайсці багата храмаў і манастыроў, якія разам з гэтымі вялікімі цэнтрамі таксама з’яўляюцца духоўнымі маякамі.
— Чым павінны стаць нашы духоўныя цэнтры?
— У апошнія гады колькасць праектаў і адукацыйных, і асветніцкіх, якія рэалізуе Праваслаўная царква пастаянна расце. Стварэнне духоўных цэнтраў дазволіць зрабіць іх больш маштабнымі. Хацелася б, каб больш людзей мела магчымасць далучыцца да гэтых праектаў, каб беларусы ведалі і разумелі сваю гісторыю, традыцыі, культуру. Галоўнае, каб духоўныя цэнтры ўспрымаліся як наш духоўны дом. Каб кожны чалавек лічыў такое месца сваім, дзе яго заўсёды гатовы будуць прыняць, дзе яму будуць рады.
Духоўны прыстанак. Усе дарогі вядуць у Будслаў
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ