У беларускіх школьнікаў — доўгачаканыя летнія канікулы, а гэта значыць, што стартаваў і летні аздараўленчы марафон. Дзяцей прынялі амаль 6 тысяч летнікаў — 942 з кругласутачным знаходжаннем і 5058 дзённых. У дзіцячых аздараўленчых летніках Беларусі летам традыцыйна арганізуюць ад чатырох да пяці змен: загарадныя (кругласутачныя) летнікі звычайна ўключаюць чатыры-пяць змен, кожная з якіх доўжыцца не менш за 15 дзён.
Дзённыя летнікі пры школах прымаюць школьнікаў у чатыры змены на працягу ўсяго лета — у чэрвені, ліпені і жніўні. Працягласць адной змены там таксама 15 дзён. У мабільных палатачных летніках школьнікі адпачываюць ад 5 да 9 дзён, у стацыянарных — 12 дзён. Папрацаваць і адпачыць можна і ў лагерах працы і адпачынку: 14 тысяч падлеткаў ад 14 да 18 гадоў на працягу змены, якая доўжыцца 15–18 дзён, змогуць асвоіць працоўныя навыкі ў сельскай гаспадарцы, добраўпарадкаванні, рамонце і швейнай справе, і атрымаць за гэта грошы. Асаблівую ўвагу дзяржава ўдзяляе падтрымцы ўразлівых катэгорый дзяцей, у тым ліку і ў аздараўленні. Сёлета на адпачынак адправяцца каля 12 тысяч дзяцей-сірот і каля 7 тысяч дзяцей з інваліднасцю. Улетку 2026 года ў лагерах адпачнуць і пройдуць аздараўленне больш за 400 тысяч беларускіх школьнікаў.
32 загарадныя летнікі, 80 тысяч дзяцей і падтрымка асаблівых катэгорый
У Мінску афіцыйны старт летняй аздараўленчай кампаніі 2026 года далі на базе філіяла «Мінскія электрычныя сеткі» РУП «Мінскэнерга» (Мінскі раён, каля вёскі Зялёнае). Як паведамілі ў Мінгарвыканкаме, падрыхтоўка да сезона пачалася загадзя. Усе 32 загарадныя летнікі працуюць у штатным рэжыме, большасць з іх — у пяць змен (па 15 дзён). Улады горада пастараліся, каб лета для дзяцей было не толькі цікавым, але і бяспечным. Ваенна-патрыятычныя, палатачныя турыстычныя, летнікі працы і адпачынку, студэнцкія атрады — выбар ёсць для кожнага. Ужо сёння загарадныя летнікі прынялі першых 8 тысяч дзяцей, а да канца лета, паводле прагнозаў, адпачывальнікаў будзе больш за 80 тысяч.

Аб фінансавым забеспячэнні і асаблівасцях бягучага сезона расказаў начальнік прадстаўніцтва Мінскага гарадскога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Валерый Нафрановіч. Ён адзначыў, што ўласнікі летнікаў накіравалі на падрыхтоўку больш за 13 мільёнаў рублёў, яшчэ 2,5 мільёна
дадаў гарадскі бюджэт. Усе летнікі былі прыняты да 25 мая, іх загрузка складае амаль 100 %. Асаблівасцю гэтага года, паводле яго слоў, з’яўляецца тое, што 120 дзяцей з цукровым дыябетам і кардыяпаталогіямі накіроўваюцца ў санаторый «Солнышко-Белгосздравница» разам з бацькамі. «Пуцёўка і суправаджэнне цалкам аплачаны з гарадскога бюджэту», — падкрэсліў Нафрановіч.
Басейн, спартыўныя пляцоўкі і пяціразовае харчаванне
Адзін з летнікаў, які ўжо прыняў дзяцей, — выхаваўча-аздараўленчы летнік «Энергетык». Яго начальнік Таццяна Куніца падрабязна расказала, як арганізаваны адпачынак. Паводле яе слоў, першая змена пачалася 4 чэрвеня, а гэта 240 дзяцей. Усяго за пяць змен тут аздаровяць 1200 дзяцей. «У нас ёсць басейн, праводзім квэсты, арт-фестывалі, віктарыны. Дзейнічаюць спартыўныя пляцоўкі для футбола, валейбола, тэніса. Харчаванне пяціразовае. У кожнай змене працуюць па 25 студэнтаў педагагічнага, тэхналагічнага ўніверсітэтаў, Акадэміі музыкі і БДУФК», — падзялілася Куніца.
«Педагагічная практыка такая цікавая»
Лізавета Андросава, студэнтка 4-га курса педагагічнага ўніверсітэта, будучы лагапед, упершыню працуе важатай. Пад яе пільнай апекай — другі атрад, дзеці 13-14 гадоў. «Гэта мой першы падобны вопыт. Мы праходзім практыку, але мне і самой хацелася. Цяпер я вельмі рада, што практыка такая цікавая і дае каштоўны
вопыт. У маім атрадзе 24 дзіцяці. Трэба ведаць псіхалогію, каб знайсці падыход. Пакуль усё атрымліваецца. У нас шмат абавязкаў, але найперш трэба пільна сачыць за дзецьмі, праводзіць мерапрыемствы — і тыя, што арганізаваны ад летніка, і нашы, унутрыатрадныя», — падзялілася Лізавета.
12-гадовыя сябры Іван Падлескі і Арцём Васючонак адпачываюць у «Энергетыку» не першы раз, будуць тут да 18 чэрвеня. Іван расказвае: «Мне вельмі падабаецца. У летніку шмат чаго змянілі, стала больш спартыўных пляцовак. Падабаюцца людзі, спартыўныя мерапрыемствы, і тое, што летнік побач з прыродай, а гэта свежае паветра. Я прыязджаю сюды не першы раз. Увесь дзень мы гуляем у футбол, наведваем квэсты, а ўвечары — дыскатэка». Арцём дадае: «Кормяць вельмі смачна: сёння давалі грэчку і суп. Раней я быў тут з татам на спаборніцтвах, летнік мне спадабаўся. Цяпер ён найлепшы, мне тут вельмі падабаецца. Планую завесці новых сяброў і добра правесці час».

Юлі Пузырэўскай 12 гадоў, яна з Маладзечна, прыехала ў летнік упершыню, параілі сяброўкі. «Мне расказвалі пра цікавыя мерапрыемствы, дыскатэкі, добрыя пакоі і смачную ежу. Чакаю яркіх уражанняў, адпачынку пасля вучобы, хачу знайсці новых сяброў. У пакоі нас восем — сумна не будзе! Я ўмею танцаваць, таму спадзяюся ўдзельнічаць у конкурсах», — расказала Юля.
Пуцёвак у загарадныя летнікі амаль не засталося — іх трэба было купляць загадзя. Але для тых, хто не паспеў, працуюць летнікі з дзённым знаходжаннем пры школах, гарадскія пляцоўкі, экскурсіі. Галоўнае, каб дзіцячае лета было бяспечным, карысным і запомнілася на доўгія гады.

Алена ВІНАГРАДАВА, Надзея ЗУЕВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ