Top.Mail.Ru

Дзе кухараў шэсць, там няма чаго есць...

«Вясёлыя гісторыі чытачоў»

Гэтага нашага местачкоўца i змалку, i ў старасцi звалi Грышкам, бо Рыгорам ён так i не стаў. Праставаты быў, часам хiтраваты — нечым падобны да вядомага Несцеркi. У маладосцi шавецкую справу асвоiў: па восенi браў на плечы мяшок з адпаведным рыштункам ды iшоў у заробкi, найчасцей — па вёсках (бо ў мястэчку вялiкая канкурэнцыя). А сяляне з ахвотай давалi шаўцу прытулак (i, вядома ж, работу), запрашалi да стала...
У тую зiмку Грышка нейкi час жыў i працаваў у свайго добрага знаёмца Базыля. Сям’я ў яго была досыць вялiкая: два дарослыя сыны з жонкамi, дзве дачкi з мужамi-прымакамi, сам гаспадар са сваёй палавiнай. Дзесяць душ дарослых... I амаль столькi малых... Работы ў шаўца — хоць каўшом бяры, бо трэба ж i паношаны абутак падладзiць, i валёнкi ўсiм паабшываць, i новыя боты справiць. Грышка цэлымi днямi шчыраваў, нiкому не замiнаў, а неяк — дык яшчэ i дапамог...

Базылiха ў той дзень (майстар бачыў) запалiла ў печы, паставiла гаршкi: гэты — з ежай на сняданак, той — на абед... На хвiлiнку адхiнулася: па нешта пайшла ў склеп.

Большая з дачок, якая абiрала бульбу, згледзела, што адну са страў мацi не пасалiла, а таму дастала чыгун з печы, укiнула солi, пабоўтала яшчэ, каб разышлася — паставiла варыва назад да агню.

Тым часам другая дачка, падаiўшы кароў, зайшла ў кухню i, ведаючы матулiн грэх (нешта забыцца альбо недасалiць), выцягнула блiжнi гаршчок, паспытала кулеш, трохi падсалiла — паставiла на месца.

Пасля гэтага са склепа вярнулася Базылiха, успомнiла, што страву ж яна не салiла... Прыйшлося дастаць з печы, выправiць сваю памылку. Пакаштаваць, праўда, не паспела, бо з двара яе паклiкаў Базыль. Ведаючы, што ён чакаць не любiць, жонка паставiла гаршчок у печ i выскачыла з хаты...

Яе месца ў кухнi ледзь не адразу заняла нявестка, якая ў той дзень «сядзела» з дзецьмi. Зiрнуўшы ў печ, яна ўбачыла, што ў блiжнiм чыгуне выкiпае варыва. З гэтым было трэ нешта рабiць: маладзiца выцягнула гаршчок, далiла ў яго вады, а раз далiла, то i пасалiла.

Грышка падлiчыў: соль у чыгун падсыпалi аж чатыры гаспадынi, i стаў чакаць, што ж будзе далей.

Надышоў час снедаць. Жанкi накрылi на стол: парэзалi хлеб, разлажылi лыжкi, разлiлi па мiсках кулеш — сям’я размясцiлася за сталом. Першым — пасля малiтвы — за лыжку ўзяўся найстарэйшы: пакаштаваў страву, скрывiўся, як з серады на пятнiцу, грозна спытаў:

— Хто варыў?

— Я, — спалохана прызналася Базылiха.

— Не можа быць? — не паверыў гаспадар. — Ты што — першы дзень замужам?! Не ведаеш, колькi солi трэба ў гаршчок?!

Справа прымала сур’ёзны абарот, таму старэйшы з сыноў вырашыў заступiцца за мацi: сказаў, што соль купляў ён i на гэты раз не ў Монi, — у iншага крамнiка... I яна, вiдаць, болей солкая, чым звычайна.

Дочкi таксама па чарзе прызналiся, што падсольвалi страву, бо думалi: мацi забылася. Не змаўчала i нявестка...

— Дзе кухараў шэсць, там няма чаго есць?! — кiнуўшы лыжку, усхадзiўся Базыль.

— Пяць кухараў, — цiха паправiў яго шавец. — Бо я ж бачыў, што страву соляць усе, i таксама далучыўся — дробку-другую сыпнуў.

У Грышавых руках тая дробка цягнула на добрую лыжку, таму сцены ў хаце аж скаланулiся ад рогату! Маладыя трымалiся за жываты i выцiралi слёзы, дзецi, што называецца, палезлi пад стол. Гаспадар i той не стрымаўся:

— Во, — сказаў, — парагаталi i есцi не трэба!

Але ж гаспадынi тым часам ужо зносiлi, штось iншае ставiлi на стол. Без куляшу можна было абысцiся, без згоды ў сям’i — не дай бог!

Н. А. КАНДРАШОНАК

г. Петрыкаў

Вядучая рубрыкі Валянціна ДОЎНАР
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю