Top.Mail.Ru

Дзе нараджаюцца новыя сэнсы

Наведваючы ўніверсітэт, кіраўнік дзяржавы сказаў словы, якія поўна і выразна характарызуюць славутую ўстанову адукацыі: «БДУ не проста ўніверсітэт. Гэта гісторыя, будучыня краіны. Народжаны ў гады станаўлення беларускай дзяржавы, ён стаў увасабленнем навуковай і вытворчай сілы сучаснай Беларусі». Унікальнасць гэтай ВНУ прызнана ва ўсім свеце, тут класіка і фундаменталізм гарманічна ўпісваюцца ў сучаснасць, — універсітэт тонка рэагуе на час, яго выклікі і патрабаванні. Аб новай хвалі студэнтаў, іх запыце на ісціну і каштоўнасныя ідэалы моладзі, аб місіі ўніверсітэта ХХІ стагоддзя — наша размова з рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктарам педагагічных навук, прафесарам Андрэем КАРАЛЁМ.


Ёсць толькі імгненне...

— Андрэй Дзмітрыевіч, вы неаднойчы казалі пра тое, што студэнцкія гады — гэта найлепшы час для моладзі: можна марыць, адважвацца і ўвасабляць свае мары ў жыццё. Так было заўсёды. І ўсё ж некалькі дзесяцігоддзяў таму і ВНУ, і студэнты былі іншыя. Сёння вы — кіраўнік вядучага ўніверсітэта краіны і можаце сказаць, чаго ў тыя гады не хапала ва ўніверсітэце, а што ў цяперашніх студэнтаў ёсць?

— Чаму так адбываецца, што студэнцкія гады запамінаюцца як найлепшыя гады ў жыцці? Найперш гэта псіхафізіялогія: перад маладым чалавекам адкрываюцца новыя магчымасці і віды дзейнасці. У перыядызацыі з пазіцыі ўзроставай псіхалогіі студэнцтва — гэта нешта прамежкавае паміж юнацтвам і даросласцю, імгненне паміж мінулым і будучыняй. Гэта той рубікон, пераступіўшы які ідзе фарміраванне і развіццё асобы праз новыя знаёмствы, эмоцыі, камунікацыі і веды. Па сутнасці, жыццёвая філасофія ў маладога пакалення розных дзесяцігоддзяў аднолькавая: той жа драйв і жаданне перавярнуць горы. Адзінае, у наш час само жыццё ўжо мае зусім іншыя паказчыкі і хуткасці.

— Гэта і ёсць асноўныя змены?

— Сёння знік дэфіцыт у носьбітах ведаў. Але з’явілася праблема ў падмене паняцця «веданне» звычайным валоданнем інфармацыяй, якая дзівіць даступнасцю і вялікай колькасцю. Веды маюць агранку «веды», калі ідуць знутры; гэта тое, што створана самім чалавекам. А ўсё, што навокал, — проста інфармацыя, яна нічыйная, а таму з’яўляецца ўсеагульнай. Інфармацыю можна перадаць, скапіраваць, захаваць, размножыць, веды — не перадаюцца. Рост інфармацыі і яе крыніц атрымання прывёў да хуткасцяў і павелічэння дыстанцыі паміж людзьмі, выдумкай і рэальнасцю; да расслаення самога чалавека на ўнутранага і вонкавага.

Палярызацыя сёння як адсутнасць поля для дыялогу назіраецца практычна ўсюды і ва ўсім, і нават унутры чалавека, адлюстроўваючы яго трывожнасць. Калі казаць пра моладзь, ды і не толькі пра яе, людзі ўсё часцей і даўжэй «завісаюць» у смартфоне. Для іх гаджэт — гэта сродак атрымання інфармацыі, знаёмстваў і зносін, пакупак і шмат чаго іншага. А на самай справе за новымі інфармацыйнымі тэхналогіямі шмат рызык для псіхікі чалавека і яго станаўлення як асобы. Людзі карыстаюцца агульнадаступным кантэнтам, пад іх віртуальныя запыты віртуозна фарміруецца кантэнт, які ў выніку прыводзіць да росту агрэсіі. І гэта даказаныя навукай факты.

— І нават у такіх няпростых умовах жыцця моладзь усё яшчэ здольная адважвацца?

— А яна і адважваецца. Сярод нашых выпускнікоў не менш яркіх, паспяховых людзей, чым было дваццаць, трыццаць гадоў таму. Моладзь не стала горшай, яна шмат у чым пераўзыходзіць сваіх папярэднікаў. Сёння важна ўзгадоўваць матывацыю ў маладых людзей, развіваць іх імкненне да пошуку свайго прызначэння і ўнікальнасці. У нашы дні даступна ўсё ці амаль усё. Гэта таксама своеасаблівы выклік для чалавека — калі ён атрымлівае тое, што хоча, ён не творыць, а перанасычаецца. Я не прыхільнік старых метадаў, але элітарная адукацыя не можа быць лёгкай. Яна звязана з самапазнаннем, самазмяненнем, адкрыццём сябе і сваёй місіі. Павінен прызнацца, што, калі параўноўваць першакурснікаў тры гады таму і цяпер, яны значна адрозніваюцца. Сёння вельмі матываваныя дзеці, відавочна — да нас прыйшла іншая хваля. Яны рэальна хочуць ведаць і для гэтага ўзмоцнена вучацца.

Універсітэт XXІ стагоддзя

— Працягнем тэму сучаснасці. У вас ёсць свой акаўнт у «Тэлеграме». Гэта даніна модзе ці нешта іншае?

— Стварыць яго было комплексным рашэннем. Больш чым 20 гадоў займаюся пытаннямі педагогікі. Адным з маіх галоўных навуковых інтарэсаў з’яўляецца сістэма адукацыі эўрыстычнага тыпу. У педагогіцы — гэта навучанне праз адкрыццё. Эўрыстыка і дыялог неаддзельныя адно ад аднаго. Фактычна ў сваіх даследаваннях я перш за ўсё закранаю практыку, як навучыць задаваць пытанні, навучыцца чуць сябе, глядзець на рэчы з розных бакоў. Я часта люблю паўтараць сярод старэйшага пакалення такую фразу: не студэнт жыве ў наш час, а мы жывём у ім. Гэта таксама дыялагічнасць — умець устаць на пазіцыю суразмоўцы, які значна маладзей. Я ўвесь час адзначаю, дзе моладзі зручней і камфортней мець зносіны і разглядаю акаунт не як дадатковую крыніцу зносін, а як працоўны інструмент. Мяне як педагога не задавальняе, наколькі сёння вялікі ўплыў маніпулятыўнай кампаненты на студэнта. У зоне яго ўвагі ўсё, што, умоўна кажучы, блішчыць, але мы разумеем, што не ўсё тое — золата. Сёння студэнт турбуе сябе пытаннямі крытычнага мыслення, а «Тэлеграм» у даным выпадку — тая платформа, дзе праз уласныя веды я магу тлумачыць студэнтам, што адбываецца навокал. Гэта пэўная інтэракцыя з падпісантамі, паколькі тут можна і падыскутаваць. Такім чынам для мяне «Тэлеграм» — гэта тая мяккая сіла, якая дазваляе высвятляць некаторыя пытанні, звязаныя са светапоглядам нашых студэнтаў.

— Якім вы бачыце ідэальны сучасны ўніверсітэт?

— Місію ўніверсітэта ХХІ стагоддзя бачу ў тым, каб не проста даць веды. Гэта тэарэтычна зрабіць немагчыма, паколькі веды вырошчваюцца кожным знутры. А вось стварыць умовы, каб студэнт рэалізаваў сябе праз праектную, творчую і іншую дзейнасць, і можна, і трэба. Тады ён зможа выйсці за свае межы, пры падтрымцы выкладчыка ўбачыць свае магчымасці, пад свае жыццёвыя і прафесійныя ўстаноўкі зменіцца і выбудуе сваю траекторыю развіцця — вось тое, што я бачу ў аснове місіі кожнага сучаснага ўніверсітэта. Тут павінен быць дух нараджэння новых сэнсаў і праявы новых ведаў, навуковыя даследаванні і, вядома ж, цікавасць да адукацыі. Гэта месца для самарэалізацыі, прычым у розных сферах жыцця. Сучасны ўніверсітэт — гэта тое поле, праз якое чалавек праходзіць і становіцца іншым, ужо падрыхтаваным да таго жыцця, якое хутка змяняецца, і з разуменнем: хто я ёсць у гэтым свеце. Гэта, мабыць, і ёсць галоўны прынцып універсітэта — нараджэнне новых сэнсаў.

Частка вялікіх праектаў

— Адна са значных «фішак» Белдзяржуніверсітэта — навуковая дзейнасць, у якую актыўна залучаюцца студэнты.

— Так і ёсць — навуковая дзейнасць у БДУ будуецца так, каб кожны студэнт мог адчуць сябе часткай вялікіх навуковых праектаў. У БДУ дзейнічае 57 навуковых школ, якія эфектыўна працуюць па зацверджаных у краіне прыярытэтных кірунках навуковай, навуковатэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці. Гэта лічбавыя інфармацыйнакамунікацыйныя тэхналогіі, аэракасмічныя і геаінфармацыйныя тэхналогіі; біялагічныя, фармацэўтычныя і хімічныя тэхналогіі і вытворчасці; экалогія і рацыянальнае прыродакарыстанне; лазерныя, аптычныя тэхналогіі, мікра-, опта- і ЗВЧ- электроніка, фатоніка і іншыя.

Нашы студэнты прымалі ўдзел у навуковым даследаванні з выкарыстаннем даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі для мэт кадастравай ацэнкі сельскагаспадарчых зямель Рэспублікі Беларусь. Не засталіся яны ў баку і ад распрацоўкі і стварэнні двух універсітэцкіх нанаспадарожнікаў, адзін з якіх у цяперашні час паспяхова эксплуатуецца на арбіце і выкарыстоўваецца ў адукацыйным працэсе. Універсітэт ганарыцца сваімі распрацоўкамі з удзелам студэнтаў у галіне экалагічна бяспечных біяпрэпаратаў, якія ўжо прымяняюцца ў сельскай гаспадарцы і ветэрынарыі для лячэння буйной і дробнай рагатай жывёлы, свіней, іншых сельскагаспадарчых жывёл. Тэхналогію атрымання першага айчыннага актываванага вугалю таксама распрацавалі студэнты і навукоўцы БДУ. Дарэчы, за гэтую распрацоўку нашы студэнты ў Расіі ў лістападзе 2024-га ў конкурсе навуковых праектаў міжнароднай навуковапрактычнай канферэнцыі работ узялі трэцюю прэмію.

У інтэрнацыянальнай сям’і

— Сёння адбываецца інтэрнацыяналізацыя беларускіх універсітэтаў. І гэта відавочна нават без якіхнебудзь спецыяльных даследаванняў. Студэнты якіх краін складаюць большасць замежных навучэнцаў БДУ?

— Першыя замежныя студэнты прыехалі навучацца ў БДУ больш за 60 гадоў таму, яшчэ ў часы СССР — з Кубы, В’етнама і іншых сацыялістычных краін. З 2020 года ў БДУ навучалася ўжо больш за 4000 замежнікаў, а ў 2023 і 2024 гадах — звыш 5000 чалавек. 5358 замежнікаў з 40 краін — такія лічбы на сёння. І гэта гістарычны максімум. 70 % з іх складаюць маладыя людзі з Паднябеснай, 21 % туркменскіх грамадзян, 6 % — грамадзян Расійскай Федэрацыі. Астатнія — з краін СНД, Азіі і Афрыкі.

— Якія новыя партнёры з’явіліся ў БДУ за апошні час?

— Мы супрацоўнічаем з замежнымі ўніверсітэтамі 57 краін. Ужо сёння рэалізуецца цэлы шэраг сумесных адукацыйных праграм, у тым ліку з МДУ імя М. В. Ламаносава, Пекінскім універсітэтам і шэрагам іншых. У параўнанні з мінулым годам у паўтара раза вырасла колькасць візітаў замежных дэлегацый і ў два разы — падпісаных дагавораў. У ліку новых партнёраў адзначаны ўстановы з Кітая, Кубы, Бразіліі і Зімбабвэ.

— Вернемся да Кітая. Якія кірункі супрацоўніцтва можна лічыць тымі, што склаліся?

— У нас ёсць пагадненні з кітайскімі ВНУ, якія былі падпісаныя амаль 20 гадоў таму. Гэта Харбінскі ўніверсітэт навукі і тэхналогій, Даляньскі політэхнічны ўніверсітэт. Вынікова супрацоўніцтва з Пекінскім універсітэтам. Адкрыта сумесная адукацыйная праграма ў галіне біятэхналогій, летам мінулага года адбыўся візіт у Беларусь дэлегацыі гэтай ВНУ на чале з сакратаром партыйнага камітэта Хаа Пінам. Разам мы арганізавалі Форум рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі, дасягнулі дамоўленасцяў аб стварэнні на базе БДУ і ПКУ Беларускакітайскага цэнтра фундаментальных навуковых даследаванняў. А ўжо ў лістападзе 2024 года падпісалі адпаведны мемарандум аб яго адкрыцці. Для нас важна не колькасць пагадненняў, а іх якаснае напаўненне. Сёння сумесна з Хайнаньскім цэнтрам перадавога вопыту ў сферы міжнароднай адукацыі (г. Санья) рэалізуем беларуска-кітайскі праект «Інстытут інавацыйнай адукацыі». Гэтая калектыўная ініцыятыва арыентавана на супрацоўніцтва дзвюх краін у сферы адукацыі, развіццё экспарту адукацыйных паслуг і павелічэнне кантынгенту кітайскіх грамадзян у беларускіх ВНУ. Плануем, што нам удасца з кітайскімі калегамі гэты праект трансфармаваць у філіял БДУ на тэрыторыі Кітая і прысвоіць інстытуту статус юрыдычнай асобы.

Фота БДУ.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю